Наведванне Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне

  • 14

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 верасня прыняў удзел у пуску новай вытворчай лініі на Беларускім металургічным заводзе.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з далейшымі перспектывамі развіцця прадпрыемства, фінансава-эканамічным станам БМЗ. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы па скарачэнні выдаткаў вытворчасці, асваенні выпуску новых відаў прадукцыі, больш актыўнай рабоце на знешніх рынках.

У ліку іншага абмяркоўвалася магчымасць аказання падтрымкі прадпрыемству. Падрыхтаваны адпаведны праект указа, які будзе разгледжаны ў бліжэйшы час. Размова ідзе аб адтэрміноўцы часткі выплат па крэдытах БМЗ шляхам выпуску прадпрыемствам аблігацый і размяшчэння іх у дзяржаўных банках. Такім чынам, на бліжэйшыя гады прадпрыемства зможа выслабаніць абаротныя сродкі і накіраваць іх на развіццё і атрыманне дадатковага прыбытку, а пазней ажыццявіць выкуп аблігацый. Пры гэтым Прэзідэнт паставіў шэраг умоў. Адна з іх - каб працэнты па аблігацыях, што размяшчаюцца, былі прадугледжаны на мінімальна магчымым узроўні. "Для нас галоўнае, каб была вытворчасць. Перш, чым я падпішу ўказ, вы (звяртаючыся да чыноўнікаў) мне гэта на стол усё пакладзіце: гарантыі, што мы не страцім прадпрыемства, што банкі не змогуць гэтыя аблігацыі прадаць каму-небудзь. Мне патрэбна бяспека і гарантыі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - маржа, якая павялічваецца да працэнта па крэдытах. Гэта мне трэба ведаць, каб грашыма не раскідвацца. Банкі на іх нажывацца не павінны".

Яшчэ адна ўмова датычыцца скарачэння выдаткаў на вытворчасць і істотнае зніжэнне сабекошту выпускаемай на БМЗ прадукцыі за кошт розных крыніц.

"Скарачаць сабекошт, затраты на вытворчасць прадукцыі вам давядзецца. Калі вы гэта не зробіце, я нават і разглядаць указ аб падтрымцы прадпрыемства па крэдытах не буду. Я вам гэта гавару адкрыта і сумленна, нягледзячы на палітычны момант", - заявіў Прэзідэнт.

Прэзідэнту далажылі, што прадукцыя новага цэха дасць магчымасць напалавіну закрыць патрэбнасць айчынных прадпрыемстваў машынабудавання па шэрагу найменняў металапракату. У бліжэйшыя гады таксама плануецца будаўніцтва комплексу для вытворчасці спецыяльных сталей. З яе запускам патрэбнасці ўнутранага рынку ўдасца закрыць ужо на 100 %.

 Нягледзячы на складаную сітуацыю на сусветных рынках, зніжэнне цэн па некаторых найменнях прадукцыі амаль у два разы, прадпрыемства працуе даволі ўстойліва. Вядзецца актыўная работа па асваенні новых рынкаў збыту. Так, у параўнанні з мінулым годам значна скарацілася доля паставак на расійскі рынак. Самымі буйнымі імпарцёрамі прадукцыі БМЗ з'яўляюцца такія краіны, як Расія, Германія, Польшча, Егіпет, Літва, Турцыя, ЗША, Латвія, Італія і Румынія.