Наведванне Беларускага аўтамабільнага завода

  • 5
  • 2:43

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 сакавіка наведаў РУВП "БелАЗ", дзе азнаёміўся з сучаснымі метадамі праектавання і выпрабавання кар'ернай і дарожнай тэхнікі.

Як быў праінфармаваны Кіраўнік дзяржавы, сістэма праектавання машын сёння будуецца на адзінай сетцы і па ўсім ланцужку. Пачынаючы ад атрымання патрабаванняў заказчыка да выпуску макета доследнага ўзору мадэлі, выкарыстоўваюцца найноўшыя тэхнічныя сродкі. На думку генеральнага дырэктара ВА "БелАЗ" Паўла Марыева, гэты падыход дае магчымасць выявіць "праблемныя" месцы яшчэ на стадыі разлікаў. Інжынеры такім чынам маюць магчымасць праверыць "збіральнасць" машыны ў віртуальным выглядзе.

Як вынік, сабекошт вытворчасці становіцца ніжэйшым, а якасныя характарыстыкі прадукцыі - вышэйшымі.

Прэзідэнт быў таксама праінфармаваны аб тым, што ў бліжэйшы час БелАЗ плануе ўкараніць новыя рэсурсазберагальныя тэхналогіі, а таксама найбольш поўна задзейнічаць патэнцыял айчыннай навукі.

У планах кіраўніцтва і стварэнне адзінай карпаратыўнай інфармацыйнай сістэмы прадпрыемства, якая злучыць не толькі ўсіх удзельнікаў вытворчага цыкла, але і забяспечыць пакупнікоў неабходнай інфармацыяй адносна эксплуатацыі тэхнікі БелАЗа.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў новую распрацоўку БелАЗа - кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 320 тон. Кіраўнік дзяржавы сеў за руль новага самазвала і, зрабіўшы на дэманстрацыйнай пляцоўцы круг, апрабаваў машыну ў руху. Дзелячыся затым сваімі ўражаннямі з журналістамі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Унікальная машына. Не думаў, што такой махінай так лёгка кіраваць. Гэта цудоўная машына."

"Я таксама, як і белазаўцы, рады, што мы стварылі гэты самазвал", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што 320-тоннік - "гэта не апошняя мадэль. Мы зробім яшчэ нешта больш цяжкавагавае, але гэта яшчэ наперадзе".

Як было даложана Прэзідэнту, самазвал грузападымальнасцю 320 тон быў распрацаваны з улікам тэндэнцыі пастаяннага павелічэння глыбіні кар'ераў і неабходнасці павышэння прадукцыйнасці транспартных работ у горнатэхнічнай прамысловасці. У канструкцыі машыны прыменены новыя тэхнічныя рашэнні з выкарыстаннем больш дасканалых камплектуючых вузлоў і агрэгатаў, якія адпавядаюць усім міжнародным стандартам. Самазвал мае рэсурс эксплуатацыі не менш за мільён кіламетраў прабегу, нізкі сабекошт перавозак, добрыя ўмовы эксплуатацыі, нізкую працаёмістасць тэхнічнага абслугоўвання і рамонту.

Кіраўніку дзяржавы была таксама прадэманстравана іншая тэхніка, што выпускаецца на ВА "БелАЗ", уключаючы распрацоўкі Магілёўскага аўтамабільнага завода імя Кірава, які ўваходзіць у аб'яднанне.

У ходзе размовы з работнікамі БелАЗа Прэзідэнт заявіў, што прадпрыемства з'яўляецца гордасцю і сімвалам нашай краіны. "Такую магутную тэхніку могуць рабіць толькі разумныя людзі. Не ўсім дзяржавам гэта пад сілу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.