Рабочая паездка ў Мінскі раён

  • 11
У Беларусі на працягу двух гадоў будуць поўнасцю мадэрнізаваны прадпрыемствы гарбарнай галіны, пры гэтым іх колькасць плануецца скараціць у два разы. Аб гэтым ішла размова 9 верасня ў час наведвання Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне" ў пасёлку Гатава.

"На працягу наступнага і 2016 года мы поўнасцю мадэрнізуем і створым канкурэнтаздольнае, высокага ўзроўню прадпрыемства, якое зможа перапрацаваць усю гарбарную сыравіну", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Гарбарная галіна краіны цяпер прадстаўлена чатырма прадпрыемствамі: ААТ "Бабруйскі гарбарны камбінат", РУП "Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне", ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне" і ААТ "Гарбар". Плануецца, што ў выніку пераўтварэнняў застануцца два прадпрыемствы: у Мінску і Бабруйску, аднак і яны будуць на 20-25% недазагружаны. "Перад вамі будзе стаяць задача загрузіць астатнія магутнасці. Хоць адкрывайце цэх і шыйце, галоўнае, каб маглі прадаць. Трэба думаць, што вы яшчэ тут будзеце вырабляць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да работнікаў мінскага прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў лістападзе 2012 года на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся перспектывы гарбарнай вытворчасці. "Было вельмі шмат недахопаў: мы выраблялі сыравіну, вельмі шмат вывозілі, прадпрыемствы старыя, былі загружаны слаба. Паўстала пытанне: у што адзяваць людзей: кітайскае, турэцкае або будзем вырабляць сваё?" - сказаў Прэзідэнт.

"Было прынята рашэнне, што будзем вырабляць сваё. Гэта значыць, што ўся скура, якую атрымліваем, павінна быць перапрацавана ў краіне і з яе мы павінны шыць гатовы тавар: адзенне, абутак, галантарэйныя тавары", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў насцярожанасць тым, ці не пойдзе працэс мадэрнізацыі ў гарбарнай галіне па прыкладзе дрэваапрацоўкі. Аднак яго запэўнілі, што ў 2016 годзе яна будзе завершана.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўся гарбарная сыравіна, якая вырабляецца ў краіне, павінна перапрацоўвацца на беларускіх прадпрыемствах. "У гэтай справе мы навядзём парадак, прынамсі, усю нашу сыравіну мы перапрацуем тут", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ідзе закупка за мяжой дадатковай сыравіны, каб поўнасцю загрузіць магутнасці прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыватызавацца, прадавацца Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне не будзе.

"Мы не павінны загубіць сваю вытворчасць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Кітай - гэта добра, але нам трэба вырабляць сваё, тым больш мы ўмеем гэта рабіць".

"Мы павінны ўзняць сваю вытворчасць, адзець, абуць у сваё, сучаснае, каб людзі маглі ганарыцца беларускім абуткам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што следам за гарбарнымі мадэрнізуюцца абутковыя прадпрыемствы. У выніку будуць створаны сучасныя прадпрыемствы па выпуску гатовых вырабаў.

Прэзідэнт адзначыў, што ў кастрычніку ў Віцебску будзе праведзена нарада, на якой будзе разгледжаны стан спраў у абутковай галіне, як ажыццяўляюцца праекты пашырэння аб'ёмаў вытворчасці і мадэрнізацыі.

"Словам, цэлы пласт пытанняў, які трэба вырашыць", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са станам спраў на МВГА, агледзеў цэхі прадпрыемства, выстаўку выпускаемай прадукцыі.

Прэзідэнт таксама паразмаўляў з работнікамі прадпрыемства.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наведвае яго, каб пракантраляваць, як выконваюцца раней прынятыя рашэнні, праводзіцца працэс мадэрнізацыі. Прэзідэнт звярнуў увагу на паляпшэнне фінансавага стану прадпрыемства. Ён падкрэсліў, што пры такой тэндэнцыі будзе расці і заработная плата работнікаў.

Адно з пытанняў датычылася ўкраінскай тэматыкі. Беларусь зацікаўлена ў тым, каб не было эскалацыі канфлікту ва Украіне, заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Беларусь можа працаваць толькі на мір ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на ролі існуючых сёння інфармацыйных войнаў, у тым ліку ва ўкраінскім канфлікце. "Сёння гэта не тая вайна, што была некалі, ідзе інфармацыйная вайна. Не бойцеся інфармацыйных войнаў, слухайце ўсё і дзяліце на 10", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі будзе спакойная сітуацыя: "Калі ў нас у эканоміцы будзе нармальна, калі нашы людзі будуць заняты справай, тады і мірна будзе ў краіне. Трэба жыць у сваёй краіне і займацца мірнай справай".

ААТ "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне" - адно з самых буйных і найбольш тэхнічна аснашчаных гарбарных прадпрыемстваў краіны. Завод праектаваўся для перапрацоўкі гарбарнай сыравіны, якая выраблялася ў СССР. Яго праектныя магутнасці разлічаны на выпуск 500 млн кв. дм гатовых скур і 200 млн кв. дм скураных тавараў са спілку ў год. Прадпрыемства выпускае ўвесь спектр натуральных скур: для верху і падкладкі абутку, пратэзаў, вытворчасці адзення, мэблі і галантарэйных вырабаў. Акрамя вытворчасці скураных тавараў, прадпрыемства выпрацоўвае цеплавую энергію, частка якой адпускаецца пабочным спажыўцам. Для больш поўнай загрузкі вытворчых магутнасцей прадпрыемства аказвае паслугі па перапрацоўцы гарбарнай сыравіны на давальніцкіх умовах.

На прадпрыемстве ўжо ўведзены ў эксплуатацыю 9 новых адзінак абсталявання. Плануецца, што правядзенне мадэрнізацыі дасць магчымасць павялічыць выпуск скураных тавараў з высокай дабаўленай вартасцю і забяспечыць да 50% патрэбнасці абутковых прадпрыемстваў краіны ў скураных таварах.