Наведванне ААТ "Белавежскі"

  • 10
Будучы год для сельскай гаспадаркі стане годам культуры земляробства з асаблівым акцэнтам на меліярацыю, дысцыпліну і кадры. Аб гэтым 28 жніўня заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аддзяленне "Расна" ААТ "Белавежскі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сельскай гаспадарцы забеспячэнне дысцыпліны з'яўляецца цяпер пытаннем нумар адзін. Гэтай галіне дзяржава ўдзяляе асаблівую ўвагу, аказвае падтрымку, у тым ліку фінансавую, забяспечваючы АПК высокапрадукцыйнай сучаснай тэхнікай. "Жалезная дысцыпліна, каб захаваць тэхніку, - сказаў Прэзідэнт. - Патрэбны жалезны кіраўнік, жалезны парадак".

 Вялікае значэнне мае таксама дакладнае выкананне тэхналогій. "Калі няма тэхналогіі - гэта злачынства, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Злачынца той, хто закопвае збожжа ў зямлю і ходзіць, глядзіць, чакае ўраджаю. Гэта злачынства, нельга гэтага дапускаць".

"Будучы год - гэта год для сельскай гаспадаркі культуры земляробства", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы закрануў гэту тэму і ў час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Белавежскі" і жыхарамі вёскі Расна. "Без дысцыпліны мы будзем ісці па нахільнай, - лічыць Прэзідэнт. - Будзе дысцыпліна, парадак, у тым ліку тэхналагічны - мы будзем развівацца".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў будучым неабходна "падумаць аб тым, як заахвоціць людзей - і кіраўнікоў, і спецыялістаў - за тое, што яны ўзнімаюць такія гаспадаркі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што "добра працуючыя людзі павінны і добра зарабляць, добра жыць і быць прыкладам для іншых". "У Беларусі сёння толькі лодар можа жыць дрэнна", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Усё ў руках чалавека, і ён перш за ўсё сам павінен паклапаціцца аб сабе і аб сваёй сям'і, а потым патрабаваць ужо ад дзяржавы.

У час наведвання аддзялення "Расна" Аляксандру Лукашэнку было даложана аб завяршэнні ўборкі збожжавых і нарыхтоўцы кармоў у Беларусі. Размова ў тым ліку ішла аб уборцы кукурузы. Прэзідэнт распарадзіўся там, дзе гэта больш мэтазгодна, убраць кукурузу не на зерне, а выкарыстоўваць яе пры нарыхтоўцы кармоў. Кіраўнік дзяржавы даручыў таксама выпрацаваць стратэгію вырошчвання рапсу, якая будзе прадугледжваць, што займацца вырошчваннем гэтай культуры павінны тыя гаспадаркі, дзе гэта найбольш выгадна.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам выканання яго даручэнняў па навядзенні тэхналагічнага парадку на далучаных да ААТ "Белавежскі" малочнатаварных фермах былога СВК "Савецкая Беларусь". Прэзідэнт, у прыватнасці, пабываў на МТФ "Абяроўшчына", дзе яму былі прадстаўлены вынікі яе рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. Тут жа Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці малака высокай якасці. Акрамя таго, Прэзідэнт наведаў таксама мехдвор гаспадаркі і вывучыў, як пастаўлена работа па забеспячэнні высокай тэхнічнай гатоўнасці і эфектыўнай эксплуатацыі сучаснага машынна-трактарнага парку.

Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Белавежскі" і жыхарамі вёскі Расна.

У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся далейшай палітыкай у цэнаўтварэнні. На думку Прэзідэнта, не трэба празмерна кіраваць працэсамі ў гэтай сферы.

"Я мог бы перад выбарамі сказаць: усё будзе добра і гэтак далей. Усё сапраўды будзе нармальна, мы не загінем. Але сёння не гэта галоўнае пытанне. Пытанне не ў цэнах і нават не ў зарплаце. Ідуць эканамічныя войны, перш за ўсё ў фінансах. Кітай дэвальваваў свой юань аж прыкладна на 10 % - па ўсім свеце ўдарыла! Бліжэй да нас: Расія ў тры разы дэвальвавала свой рубель, гэта па нас  ударыла, нашы цэны ў Расіі напалавіну меншыя на тое ж мяса, малако. Другі раз дэвальваваў нацыянальную валюту Казахстан. Таксама наш партнёр. Пра Украіну ўжо наогул не кажу", - адзначыў Прэзідэнт.

"Якая мэта стаіць у кіраўнікоў гэтых дзяржаў? Выратаваць вытворчасці і краіну. Нам як у гэтай сітуацыі дзейнічаць? У нас не такая рыначнасць, як у іх, мы сёе-тое можам трымаць і кіраваць працэсамі, у тым ліку ў цэнаўтварэнні, але не празмерна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, калі прытрымаць у краіне цэны, а вакол яны будуць расці, то спыніцца вытворчасць, і перш за ўсё прамысловасць. "Таму хочаш, не хочаш - верцішся, круцішся, нам даводзіцца неяк бегчы за ўсімі астатнімі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне да гэтага часу датуецца сельская гаспадарка. "Для некаторых гэта выжыванне. У цану мы не можам усё ўціснуць. Калі падняць цэны, то мы можам быць неканкурэнтаздольнымі з іншымі. Таму вымушаны датаваць. Увесь свет падтрымлівае сельскую гаспадарку, хто больш, хто менш, таму і нам даводзіцца. Але калі цана вышэйшая на вашу прадукцыю, значыць, і вашы даходы вышэйшыя. Але ёсць іншы канец у гэтага палена, які б'е па людзях, - цэны ў магазінах", - сказаў беларускі лідар.

"Перажывём гэты год, думаю, наступны будзе лягчэйшы. Нават пры ўсіх гэтых негатывах. Таму што, мне здаецца, у нашым рэгіёне ўжо абваліліся настолькі, што далей падаць няма куды. Таму мы перажываем самыя цяжкія часы", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, вынікі павінна даць дыверсіфікацыя рынкаў. Беларусь актыўна выходзіць са сваёй прадукцыяй у Азію, Афрыку, Лацінскую Амерыку. "Думаю, тое, што мы страцім у Расіі, мы замесцім на гэтых рынках, - адзначыў Прэзідэнт. - Але трэба крыху больш папрацаваць".

"Трэба захаваць краіну для дзяцей. Дрэнна будзе, калі мы зноў станем нечым рэгіёнам", - лічыць беларускі лідар. Паводле яго слоў, трэба жыць у згодзе і з Еўропай, і з Расіяй, але жыць на сваёй зямлі. "Спакой і бяспека не купляюцца і не прадаюцца, як і здароўе. Вось гэта нам трэба зберагчы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Навошта долар? Купіць імпартнае і паехаць у Егіпет адпачыць?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да прысутных. "Перажывём. Вазьміце Белавежскую пушчу - духаты ніякай, цудоўнае паветра. Браслаўскія азёры. Азёр хапае, абмялелі крыху, але вады хапае. Адпачнём як-небудзь у гэты цяжкі час дома", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне выпускаецца выдатная прадукцыя. Заканчваецца мадэрнізацыя камвольнага камбіната, ільнаводчай галіны, выпускаецца ўвесь спектр баваўнянай прадукцыі. "І рынкі з'явіліся, і прадаём, і з задавальненнем купляюць наша, беларускае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Давайце наша, беларускае, паносім! - прадоўжыў Прэзідэнт. - Будзем хадзіць у беларускай нармальнай бялізне, адзенні, ручнікі будзем выкарыстоўваць беларускія і ежу беларускую. Па ежы ўжо праблем няма. Ужо ўсе зразумелі, што значыць беларускае, нават далёка за нашымі межамі". У нас жа чыстая прадукцыя, мы ДАСТы захавалі. Бо харчаванне і адзенне - гэта здароўе чалавека", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Усё мы ўмеем рабіць, усё робім, але трэба больш глядзець на сябе, на сваю краіну і купляць свайго. Будуць спажываць 10 млн чалавек і тыя 2 млн, якія праз нас пастаянна рухаюцца, дык і прадаваць за межы краіны застанецца зусім нічога - праблем не будзе. Таму трэба яшчэ і сваю псіхалогію мяняць", - лічыць Прэзідэнт.

"У нас ёсць група спекулянтаў, як і ў любой краіне, якія прывыклі гуляць: сёння куплю, заўтра перапрадам. Не, з дзяржавай у азартныя гульні не раю гуляць. Цяпер адпусцілі курс. Хочаце купіць долар - плаціце тую цану, якая складваецца на рынку. Мы яго не трымаем, проста назіраем за цэнамі. І трымаць небяспечна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што пры стрымліванні курса можна нанесці шкоду і тым, хто прывозіць валюту ў краіну. "Калі ён прывёз долары і хоча прадаваць, а мы будзем заціскаць і трымаць, дзікі рынак з'явіцца (мы гэта праходзілі ўжо), будуць два курсы - гэта катастрофа", - дадаў Прэзідэнт.