Наведванне 5-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска
- 6
Сфера аховы здароўя ў Беларусі служыць прыкладам правільнага рэфармавання і мадэрнізацыі. Аб гэтым 30 снежня заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання новага радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.
Гэты радзільны дом, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, з'яўляецца прыкладам таго, як дзяржава клапоціцца пра будучыню краіны, адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды былі добрыя ўрачы і дастойныя ўстановы аховы здароўя, а да гэтага часу ўдалося вырашыць праблему з іх аснашчэннем. Укладанні ў медыцыну далі пазітыўныя вынікі - узровень дзіцячай смяротнасці ў Беларусі за 10 гадоў знізіўся ў 2,5 раза і па выніках гэтага года склаў 3 праміле, за бягучую пяцігодку зарэгістраваны адзін выпадак смерці парадзіхі па акушэрскіх прычынах.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сапраўдная перамога і даручыў заахвоціць тых, чыімі заслугамі яна дасягнута. Гэта галоўнае, як бы ні былі важны вытворчыя паказчыкі, лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з аснашчэннем радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы, пабываў у яго падраздзяленнях, пагутарыў з медыцынскім персаналам і пацыенткамі. Прэзідэнт павіншаваў жанчын, якія сталі мамамі ў гэтыя перадсвяточныя дні, уручыў ім навагоднія падарункі.
Затым Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Так, гаворачы аб сацыяльнай палітыцы дзяржавы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і далей будуць падстаўляць плячо тым, хто мае ў гэтым патрэбу, знаходзіць для іх любыя рэсурсы. Як бы ні было цяжка, у краіне ніколі не будуць эканоміць на маці і дзецях, гарантаваў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне аб самых важных падзеях адыходзячага года, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такім стала 70-годдзе Вялікай Перамогі. Менавіта яна служыць фундаментам міралюбівай беларускай палітыкі. На міжнароднай арэне няма іншай дзяржавы, якая была б так прыхільна да міру, як Беларусь. Невыпадкова ў гэтым годзе ў лексіконе сусветнай дыпламатыі з'явіліся такія паняцці як мінскія мірныя дамоўленасці, хоць, як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, беларускі бок не імкнецца перабольшваць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.
Перагаворы ў Мінску сталі важнай падзеяй, перш за ўсё, для Украіны, а таксама для Расіі, кантынента ў цэлым. Акрамя таго, гэта стала падставай для Захаду прыпыніць антыбеларускія санкцыі. Заходнія палітыкі, скарысталіся выпадкам, каб адысці ад канфрантацыі з Беларуссю, выказаў меркаванне Кіраўнік дзяржавы.
У час размовы з прэсай, Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму рэформ і чарговы раз перасцярог ад неабдуманых крокаў. Прэзідэнт нагадаў, што на гэтым сёння настойваюць тыя, каму патрэбны развал, мітусня, непарадак. "Тады можна і да ўлады прыйсці, тады можна павярнуць краіну ў іншы бок. Гэтага не будзе. Краіна будзе ісці ў тым напрамку, у якім лічаць патрэбным, каб яна ішла, беларускія людзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адказаў таксама на асабістыя пытанні. Напрыклад, журналісты цікавіліся яго хобі - вырошчваннем агародніны і садавіны на тэрыторыі рэзідэнцыі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён займаецца гэтым не дзеля піяру, большая частка ўраджаю перадаецца затым у дзіцячыя дамы, інтэрнаты для састарэлых.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні Каляд і Новага года ў краіне па традыцыі праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Прэзідэнт лічыць важным, што да яе далучыліся не толькі чыноўнікі, але і шмат бізнесменаў, якія наведваюць з падарункамі дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты. Акцыю падтрымала ўся краіна, як і павінна быць у сапраўднай дзяржаве, якой не страшныя ніякія крызісы, перакананы Кіраўнік дзяржавы.
![]()