Нарада па сітуацыі ў сферы транспарту і камунікацый

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў  адчувальных вынікаў ад дзеянняў па вырашэнні праблем транспартнай галіны. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў сёння ў ходзе нарады па сітуацыі ў сферы транспарту і камунікацый, праблемах і перспектывах развіцця.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не чакае ад членаў урада, адказных за галіну, агульных разваг. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў выкласці бачанне праблем і шляхоў, па якіх прапануецца пайсці, каб выцягнуць сферу са становішча, у якім яна знаходзіцца. Цяперашнія негатыўныя тэндэнцыі не маглі не паўплываюць на работу транспартнага комплексу краіны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Становішча сёння ўсюды няпростае. Мы гэта ведаем. Ад праводзімых дзеянняў павінны быць адчувальныя вынікі", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, транспартны комплекс - аснова інфраструктуры ўсёй эканомікі і галоўнае сувязнае звяно, за развіццё якога адказвае непасрэдна дзяржава. Гэта сфера ўключае тысячы кіламетраў камунікацый, больш за 10 тыс. арганізацый, дзе працуюць звыш 280 тыс. чалавек. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што транспартныя паслугі фарміруюць амаль палавіну экспарту знешняга гандлю паслугамі Беларусі.

Аляксандру Лукашэнку было даложана аб абстаноўцы на прадпрыемствах галіны і ў працоўных калектывах, з якімі праблемамі сутыкаюцца транспартныя і дарожныя арганізацыі і, самае галоўнае, як вырашаюцца гэтыя праблемы. Маніторынг сітуацыі ў названай сферы праводзіўся з дапамогай незалежных экспертаў.

Акрамя таго, Прэзідэнту было даложана, што робіцца для зніжэння сабекошту, павышэння даступнасці і якасці транспартных паслуг для насельніцтва і бізнесу. "Нагналі аскому развагі аб тым, што перакрыжаванае субсідзіраванне загубіла транспартныя артэрыі, транспартную галіну, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ніякага перакрыжаванага субсідзіравання ў краіне няма. Ёсць тарыфы, ёсць цэны - па іх працуйце".

У час нарады былі абмеркаваны таксама цяжкасці, якія ўзнікаюць пры міжнародных перавозках, асабліва ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза. Была дадзена ацэнка іншых рэгіёнаў у плане нарошчвання транспартных паслуг.

Сярод закранутых на нарадзе тэм было стварэнне нацыянальнага аператара па транслагістычных паслугах, тарыфная палітыка ў сферы транспартных перавозак. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачы па павелічэнні аб’ёму інвестыцый, што прыцягваюцца ў транспартную галіну, развіцці авіяцыйнай прамысловасці.