Нарада па пытаннях развіцця ваенна-прамысловага комплексу краіны
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна развіваць новыя напрамкі ў абаронным сектары эканомікі і ствараць запатрабаванае на сусветным рынку ўзбраенне. Аб гэтым ён заявіў 24 студзеня на нарадзе па пытаннях развіцця ваенна-прамысловага комплексу краіны.
"Размова пойдзе аб бяспецы нашай дзяржавы, нашай арміі і яе ўзбраенні, – сказаў Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы нараду. – Абаронны сектар эканомікі заўсёды з'яўляўся флагманам перадавых тэхналогій і інавацый. Толькі самае надзейнае і лепшае запатрабавана ва ўсіх арміях. І тут нам ні ў якім разе нельга адставаць".
Як адзначыў Прэзідэнт, беларускія абаронныя прадпрыемствы выпускаюць даволі шырокую лінейку ўзбраенняў. Пастаянным попытам у розных краінах карыстаюцца комплексы кіравання войскамі і зброяй, сістэмы абароны ад высокадакладнай зброі, радыёлакацыйныя станцыі, сродкі ППА. Сёння больш як 70% прадукцыі беларускага ВПК ідзе на знешні рынак. А тэхніка такіх прадпрыемстваў, як "Пеленг", МЗКЦ, "Тэтраэдр", практычна ў поўным складзе рэалізуецца замежным заказчыкам. "Нам удалося пераадолець сітуацыю, калі ў структуры экспарту пераважала савецкая тэхніка, не патрэбная ва Узброеных Сілах. Цяпер амаль 90% экспартуемага ўзбраення і паслуг – беларускія. Такую пазітыўную дынаміку трэба замацоўваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў, што канкурэнцыя на сучасным рынку ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі выключна высокая: "Таму мы павінны аператыўна знаходзіць і сістэмна развіваць новыя напрамкі. Выкарыстоўваючы свой патэнцыял, механізмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, ствараць сучасныя ўзоры ўзбраення, запатрабаваныя ў нашай арміі і на сусветным рынку, – лічыць Прэзідэнт. – Выгада тут відавочная. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў ВПК, увод новых вытворчасцей – гэта пляцоўка для атрымання і ўкаранення перспектыўных тэхналогій. У далейшым яны дадуць штуршок інавацыйнаму развіццю іншых галін эканомікі і ўмацаванню нашых пазіцый на сустветным рынку. А ў канчатковым выніку – узмоцняць абараназдольнасць краіны, павялічаць фінансавыя паступленні ў дзяржаўны бюджэт".
Прэзідэнт нагадаў, што задача па стварэнню новых вытворчасцей і сучасных сістэм узбраення ім была пастаўлена даволі даўно. "Таму сёння хацеў бы пачуць, якія распрацоўкі цяпер вядуцца і што мы ў бліжэйшай перспектыве плануем ствараць, якія напрамкі гэтай дзейнасці мы будзем развіваць. Тут не выпадкова прысутнічаюць кіраўнікі асноўных прадпрыемстваў нашай абаронкі. Мне важна знаць аб іх гатоўнасці да рэалізацыі прапаноў, што разглядаюцца", - звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка.
"Пры гэтым хачу папярэдзіць усіх: ніякай "манілаўшчыны", ніякага шапказакідальніцтва і выпрошвання грошай пад нейкія ідэі. Толькі канкрэтныя вырабы, цана, пастаўкі на знешні рынак і ў нашу армію. І персанальная адказнасць, ад Прэм'ер-міністра і да ўсіх, хто будзе мець дачыненне да гэтай распрацоўкі", – падкрэсліў Прэзідэнт.
"Ніякіх шалёных грошай, гэтак жа як і на дрэваапрацоўку, кандытарскія і іншыя тавары, мы выдзяляць не маем намеру. Толькі канкрэтны праект, тэрміны і абавязкова запатрабаванасць як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Калі нам хочацца, але мы не можам гэта рабіць, то і размовы аб гэтым быць не можа", – дадаў Аляксандр Лукашэнка.