Нарада па пытаннях удасканалення дзейнасці па падрыхтоўцы праектаў прававых актаў
- 1
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 4 снежня па выніках нарады па пытаннях удасканалення дзейнасці па падрыхтоўцы праектаў прававых актаў прынцыпова адобрыў праект указа, які выкладае ў новай рэдакцыі палажэнне аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў.
Дакумент будзе дапрацаваны і ўнесены на разгляд Прэзідэнта з улікам праведзенага на нарадзе абмеркавання.
Праект указа, як звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, карэкціруе, шліфуе існуючы ў краіне заканатворчы працэс. "Праз час, гэта зразумела, мы ўбачылі, што некаторыя пытанні маюць патрэбу ў дапрацоўцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што працэс заканатворчасці - гэта аб'ектыўная патрэбнасць любой дзяржавы, вельмі важна, каб ён быў сістэмным, упарадкаваным.
Прадугледжаныя праектам указа нормы дадуць магчымасць выключыць выпадкі, калі дзяржорганы ўносяць Прэзідэнту пісьмы з прапановамі, хоць патрабуецца ўнясенне менавіта прававога акта. Акрамя таго, прапануецца замацаваць практыку, калі праекты дакументаў, што паступаюць у канцылярыю Кіраўніка дзяржавы, перадаюцца для падрыхтоўкі на даклад не толькі ў Адміністрацыю Прэзідэнта, але і ў Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі або Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з улікам іх кампетэнцыі. Пры гэтым праводзіцца абавязковая юрыдычная экспертыза праектаў у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іх візіраванне кіраўніком Адміністрацыі. Такі механізм работы выкарыстоўваецца на практыцы доўгі час і з'яўляецца рацыянальным.