Нарада па пытаннях спагнання знешніхдэбіторскіх запазычанасцей прадпрыемстваў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актывізаваць работу па спагнанні знешніх дэбіторскіх запазычанасцей. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на праведзенай 23 верасня нарадзе.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэты няпросты час названая праблема стала бічом для эканомікі і дзяржаўных фінансаў. "Гэта значыць, што нашы прадпрыемствы пастаўляюць тавар, а грошы або не атрымліваюць наогул, што падобна да злачынства, або атрымліваюць несвоечасова, праз паўгода, а тое і праз год і гады. Гэта значыць, асобныя прадпрыемствы тавар аддалі, а грошай няма. Краіна, прадпрыемствы, калектывы недаатрымліваюць грашовыя сродкі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: "Калі гэта ўнутраная запазычанасць, то мы хутка разбяромся з такімі праблемамі, але самае небяспечнае, што дэбіторская запазычанасць - знешняя". Ён нагадаў, што для вырашэння гэтых пытанняў былі прыняты жорсткія рашэнні, асабліва ўнутры краіны. "Апошні прыклад па алкагольнай прадукцыі: хто не разлічыўся за запазычанасці да 1 верасня, знайшлі свае месцы ў следчым ізалятары. І так будзе ў далейшым. Мы не дазволім губіць дзяржаўныя і іншыя прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасцю, рознаму жуллю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе ішла размова аб вырашэнні вяртання запазычанасцей на прыкладзе МТЗ. Год таму дэбіторская запазычанасць за прадукцыю, што пастаўляецца Мінскім трактарным заводам, складала амаль паўмільярда долараў. Што робіцца для вяртання даўгоў, і чаму гэта работа ідзе так марудна, падрабязна разглядалася на сустрэчы, што прайшла з удзелам кіраўнікоў сілавых міністэрстваў і ведамстваў. Падставай для нарады стаў зварот на імя Прэзідэнта, які паступіў ад кіраўніка ААТ "МТЗ".

"Хачу ўвесці ў практыку сваёй работы, таму вас і запрасілі, разгляд істотных зваротаў - скаргаў і гэтак далей, што паступілі на імя Прэзідэнта і датычаць буйных дзяржаўных пытанняў і працоўных калектываў, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Такі зварот я атрымаў ад генеральнага дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценкі. Ён у нядаўнім мінулым памочнік Прэзідэнта, я накіраваў яго туды для таго, каб быў наведзены рэвалюцыйны парадак. МТЗ - гэта флагман нашай індустрыі, наш брэнд, імідж дзяржавы, і там павінен быць парадак. Я запрасіў сюды сілавікоў для таго, каб разабрацца, у чым процідзеянне ў рабоце МТЗ з боку пракуратуры, МУС, КДБ, КДК?".

Прэзідэнт адзначыў, што ў грамадстве часам бытуе думка, што кантралёры і праваахоўныя органы ледзве не перашкаджаюць рабоце рэальнага сектара эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: "Барані бог, каб кантрольныя і праваахоўныя органы недзе некаму перашкаджалі працаваць насуперак інтарэсам дзяржавы. Вы ж ведаеце, колькі апошнім часам пасадзілі не толькі прадстаўнікоў праваахоўных органаў, колькі суддзяў пайшло за краты за такія рэчы. Я не думаю, што нехта ў нас гэта не разумее. І я не хачу, каб у нашай дзяржаве, не дай бог, было як у нашых суседзяў. Вы ведаеце, да чаго гэта прыводзіць. Таму давайце на прыкладзе МТЗ, паколькі мой учарашні памочнік звярнуўся з гэтай заявай да Прэзідэнта, разбяромся, хто і як перашкаджае, хто процідзейнічае".

Па выніках мерапрыемства прынята рашэнне, што ў практыку работы Прэзідэнта ўводзіцца разгляд на нарадах значных скаргаў і пісем, якія паступаюць на яго імя.

Што датычыць сітуацыі, вынесенай на абмеркаванне на гэтай сустрэчы, то пасля дэталёвага разбору аказалася: сілавыя структуры і кантралёры маюць рацыю. Гэта значыць, на прадпрыемстве сапраўды нямала праблемных пытанняў, і вынікі праверак паказалі іх абгрунтаванасць. Разам з тым большасць гэтых праблем існуе не адзін месяц і нават не адзін год, і яны каранямі ідуць ў тыя часы, калі прадпрыемствам кіравалі зусім іншыя людзі.

На нарадзе стала відавочна, што цяперашняе кіраўніцтва завода гэтыя праблемы бачыць і разумее. Зыходзячы з гэтага Кіраўнік дзяржавы агучыў галоўнае патрабаванне да праваахоўных органаў і да кіраўніцтва завода - працаваць скаардынавана і сістэмна на карысць як самога завода і калектыву, так і на карысць усёй краіны.