Нарада па пытаннях развіцця пенсійнай сістэмы
- 1
Вырашэнне пытання ўдасканалення пенсійнай сістэмы нельга зводзіць толькі да пенсійнага ўзросту. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 25 сакавіка на нарадзе, прысвечанай абмеркаванню гэтай тэмы.
"Гэта важнае пытанне, яно сёння на слыху, але гэта не ўся пенсійная сістэма. Акрамя пенсійнага ўзросту як мінімум ёсць яшчэ праблема ўдасканалення самой пенсійнай сістэмы, гэта значыць фарміравання пенсійнага фонду і, скажам прама, у выніку - памеру пенсіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што вырашэнне гэтага пытання ўжо наспела. "Калі ўзнікла праблема, яе трэба вырашаць, грунтуючыся на тым фундаменце, які ўжо створаны на сённяшні дзень. Ніякай тут фобіі рэфарматарства быць не павінна, ніякага франтальнага наступлення на некаторыя працэсы. Яшчэ раз падкрэсліваю: народ наш гэта не ўспрыме, і правільна", - адзначыў Прэзідэнт.
"Па меры збірання праблем, з'яўлення новых, пытанняў, якія трэба вырашаць, якія паўстаюць востра, - іх трэба вырашаць, у спакойным рэжыме, размаўляючы з людзьмі, пераконваючы наша грамадства ў тым, што гэта трэба рабіць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што так зрабілі з вырашэннем пытання па камунальных паслугах, знайшоўшы кампрамісны варыянт з грамадствам. "Узрушэнняў гэта ніякіх не выклікала. Сутнасць у тым, што мы напружылі ў некаторай ступені людзей (сёння насельніцтвам пакрываецца 40 працэнтаў камунальных паслуг), прынялі рашэнне, што мы павінны напружвацца самі і напружваць кампаніі, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі. І такім чынам за іх кошт, скарачэння сабекошту аказання гэтых паслуг, мы да канца года будзем мець палавіну пакрыцця гэтых паслуг. Далей мы вызначымся ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя", - нагадаў Прэзідэнт.
"Што датычыцца пенсійнай сістэмы, якой ёй быць: салідарнай, размеркавальнай ці ж накапляльнай. Людзі прынялі таксама нашу прапанову, што адыходзіць ад гэтага не трэба, павінна быць салідарная, размеркавальная сістэма пенсій, як гэта ў нас цяпер існуе, і на добраахвотнай аснове накапляльная сістэма, што ў нас не забаронена і заканадаўча вызначана", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"І мы, такім чынам, памалу, калі будзе складвацца сітуацыя, можам прыйсці да накапляльнай пенсіі, так, як гэта прынята ў развітых заходніх дзяржавах, або адмовіцца ад яе, калі нам гэта не падыдзе, пакінуўшы тую ж салідарную сістэму. Гэта значыць, мы не знішчаем тое, што напрацавалі, тое, што працуе сёння. У той жа час звяртаем увагу і даём развіццё ў нашай краіне новай сістэме. Хоць яна не такая новая, як некаторым здаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Што датычыцца пазіцыі нашага грамадства, я вельмі ўважліва назіраю за абмеркаваннямі, разважаннямі людзей. Мы вельмі акуратна вымяраем настрой грамадства. Павінен сказаць, што сёння ўжо цвёрдая большасць нашага насельніцтва згодны па павышэнні пенсійнага ўзросту. Я не гавару аб тым, падабаецца камусьці ці не падабаецца. Нават тыя, каму гэта не падабаецца, нарэшце, зразумелі, што рана ці позна мы гэту праблему павінны вырашаць. І час вырашэння праблемы настаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Я вельмі задаволены, што людзі са мной пагадзіліся, што гэту праблему трэба вырашаць сёння, галоўным чынам таму, што яе нельга пакідаць нашым дзецям. Інакш кажучы тое, што мы павінны вырашыць сёння, не павінны вырашаць нашы дзеці і цярпець потым з-за нашай нерашучасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падзякаваў цяперашнім пенсіянерам, якія раней былі супраць такіх крокаў, а цяпер пагадзіліся. "Калі людзям растлумачылі, у чым сутнасць і як мы маем намер дзейнічаць, у прынцыпе і пенсіянеры прынялі - каго, здаецца, не датычыцца гэта пытанне - нашу пазіцыю. Таму сёння сітуацыя ў грамадстве больш-менш нармальная, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Моладзь наша - ну проста малайцы! Разумеючы, што гэта закране іх перш за ўсё і працуючых, тым не менш, спакойна ўспрынялі гэтыя прапановы. Я не гавару, што гэта падабацца. Але бывае, не падабаецца, але нікуды не дзенешся, да гэтага трэба ісці".
"Людзі разумеюць, што сёння колькасць пенсіянераў пры такім пенсійным узросце, як у нас, расце значна большымі тэмпамі, чым застаецца працуючых людзей. Гэта значыць працуючыя людзі ўжо сёння адчуваюць праблемы з утрыманнем пенсіянераў. У той жа час мы абсалютна разумеем, што з-за гэтага, з-за сітуацыі, якая складваецца, пенсійны фонд у нас не расце, і нам ужо сёння з бюджэту даводзіцца фінансаваць пенсійны фонд. Гэта нікуды не варта. Мы такім чынам забіраем ва ўрачоў, настаўнікаў, ваенных і гэтак далей пэўныя сродкі, не развіваем дзяржаўныя і іншыя праграмы, аддаючы грошы на тое, каб падтрымаць пенсіянераў. Гэта дрэнна. У той жа час разумеем, што зменшыць пенсіі нельга. Гэтак жа, як і нельга павялічыць падаткі або сацыяльныя ўзносы, плацяжы ў гэтыя сацыяльныя фонды. Гэта таксама не шлях. Таму ад прыняцця адпаведных рашэнняў нам нікуды не дзецца", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, як складваецца сітуацыя па стварэнні новых рабочых месц. "Таму што калі мы ўводзім навацыі ў пенсійную сістэму са студзеня будучага года, так ці інакш паўстане пытанне па рабочых месцах, - адзначыў Прэзідэнт. - Крыху павялічыцца колькасць працуючых людзей, яны павінны быць заняты, і мы да гэтага павінны быць гатовы".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адпаведнае рашэнне па стварэнні новых рабочых месц прынята. "Майце на ўвазе, што гэта жалезнае рашэнне Прэзідэнта! 50 і больш тысяч рабочых месц павінны быць створаны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Інакш нам людзі скажуць: ну, што ж вы, нам прадоўжылі пенсійны ўзрост, а работы няма. Вось гэтага быць не павінна. Гэтага і не будзе".
Прэзідэнт ужо на наступным тыдні мае намер падпісаць дакументы, якія датычацца ўдасканалення ў краіне пенсійнай сістэмы. "Сёння мы павінны выйсці на вырашэнне гэтай праблемы, каб, як і па ЖКП, так і па гэтым пытанні, паставіць кропку, і на будучым тыдні Прэзідэнт падпісаў адпаведныя дакументы, прыняўшы рашэнне па гэтых пытаннях", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
![]()