Нарада па пытаннях развіцця бізнесу ў рэгіёнах
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка правёў нараду па ўдасканаленні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі малых, сярэдніх гарадоў і сельскай мясцовасці.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час прымалася сур'ёзнае рашэнне па стымуляванні бізнесу ў рэгіёнах, стварэнні там вытворчасцей. У 2012 годзе быў прыняты Дэкрэт № 6, у якім вызначаны льготы і прэферэнцыі для жадаючых размяшчаць вытворчасць у сельскай мясцовасці. "На думку ўрада, настаў час унесці пэўныя змяненні і дапаўненні", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Дэкрэт існуе больш за тры гады, і пацікавіўся эфектам ад дзеяння гэтага дакумента. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць, ці захаваецца ў выніку змяненняў накіраванасць Дэкрэта на стымуляванне інвестыцый у вытворчасць і ці дастатковы ўносімыя змяненні для актывізацыі працэсу стварэння новых прадпрыемстваў у малых гарадах і сельскай мясцовасці.
"Чаму настаў час унесці змяненні?" - пацікавіўся Прэзідэнт у прысутных на нарадзе.
Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, рэалізацыя Дэкрэта № 6 дала станоўчы вынік. Так, за два з палавінай гады - з 1 ліпеня 2012 па 1 студзеня 2015 - колькасць суб'ектаў гаспадарання на тэрыторыі сярэдніх і малых гарадоў і ў сельскай мясцовасці павялічылася на 38 %. Тут зарэгістравана больш як 35 тыс. арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. У той жа час у вялікіх гарадах прырост склаў 2,6 %. Пры гэтым рост суб'ектаў прадпрымальніцтва назіраецца ва ўсіх рэгіёнах. Лідарам стала Магілёўская вобласць, дзе колькасць суб'ектаў прадпрымальніцтва павялічылася амаль у два разы, у Гомельскай і Віцебскай - больш як у паўтара раза, у Мінскай і Брэсцкай абласцях - у 1,3 раза.
Прэзідэнт у асноўным падтрымаў усе ініцыятывы ўрада, што датычаць удасканалення норм Дэкрэта нумар 6. У бліжэйшы час з улікам праведзенага абмеркавання базавыя палажэнні дакумента будуць дапрацаваны і на працягу месяца прадстаўлены Кіраўніку дзяржавы.
Галоўная задача змяненняў - надаць новы імпульс Дэкрэту № 6 з пункту гледжання стварэння новых рабочых месц, новых кампаній у малых гарадах, дзе адчуваецца істотны недахоп ініцыятыў і ёсць залішняя колькасць рабочай сілы.