Нарада па пытаннях дзейнасці органаў пагранічнай службы

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў удасканаліць работу органаў пагранічнай службы Беларусі з улікам недахопаў, выяўленых па асобных напрамках. Такі вынік праведзенай 26 ліпеня нарады па пытаннях дзейнасці органаў пагранслужбы.

Па даручэнні Прэзідэнта нядаўна была праведзена раптоўная праверка дзейнасці органаў пагранслужбы і яе вынікі сталі  прадметам абмеркавання на нарадзе. "Мне былі даложаны вынікі гэтай раптоўнай праверкі. Было некалькі меркаванняў. Трэба разабрацца. Каму трэба - падзякаваць, каго трэба - пакараць. Я не стаў гэта рабіць кулуарна. Размова павінна быць прынцыповай, мы - людзі ваенныя. Тым больш, некаторыя факты гэтай праверкі мяне сур'ёзна насцярожваюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што толькі ў бягучым годзе на ўзроўні Прэзідэнта да пытанняў пагранічнай бяспекі звяртаюцца трэці раз. "Гэта азначае, што ёсць не проста насцярожанасць, а, шчыра кажучы, глыбокае незадаволенне станам асобных напрамкаў у дзейнасці Дзяржпагранкамітэта, - заявіў беларускі лідар. - Паколькі мы - транзітная краіна (граніца набывае вельмі сур'ёзнае значэнне), мы адмахнуцца ад гэтых пытанняў не можам".

"Пытанне не ў тым, каб падзякаваць або пакараць. Яно ў тым, каб пасля гэтага было лепш на граніцы. А тое, што будзе лепш, я ў гэтым не сумняваюся. Скажу па-мужчынску: з вамі або без вас (пытанне толькі ў гэтым), але будзе лепш. Мы не можам дазволіць сабе ўтрымліваць такую колькасць пагранічнікаў і мець праблемы", - дадаў Прэзідэнт.

Па выніках нарады дадзены канкрэтныя даручэнні, якія датычацца ўдасканалення работы і падрыхтоўкі пагранічнікаў, павышэння эфектыўнасці аператыўнай работы сярод насельніцтва ў пагранічнай зоне.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць правядзення ацэнкі прыярытэтаў у дзейнасці ведамства з улікам сучаснай абстаноўкі. У ліку асноўных напрамкаў называліся эканамічная бяспека і процідзеянне тэрарыстычным пагрозам. Пры гэтым неабходны пастаянны і бесперапынны аналіз сітуацыі з боку не толькі Дзяржпагранкамітэта, але і сілавога блока краіны ў цэлым.

Што датычыцца штодзённай работы органаў пагранслужбы, то праверкі іх дзейнасці стануць рэгулярнымі.