Нарада па пытанні рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў вытворчасць у краіне легкавых аўтамабіляў "БелДжы" трэба прыўнесці айчынны вопыт і напрацоўкі. Такую задачу ён паставіў 30 лістапада на нарадзе па пытанні рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што праект па стварэнні ў Беларусі легкавых аўтамабіляў з'яўляецца яго даўняй марай. "Мая мара, каб мы мелі не толькі вытворчасць велікагрузных аўтамабіляў, грузавых, сярэдняй грузападымальнасці, трактароў, але і легкавых аўтамабіляў, блізкіх да народнага, каб наша краіна магла забяспечваць патрэбнасці юрыдычных і фізічных асоб ва ўласных легкавых аўтамабілях", - сказаў ён.
"Зразумела, ствараць самім, з нуля, легкавы аўтамабіль сёння - гэта падобна смерці. І не для Беларусі гэта тэма, паколькі і рынак не той і іншае. І самае галоўнае - многія ж дзяржавы, якія вырабляюць легкавыя аўтамабілі, не проста на гады, на стагоддзі пайшлі наперад. І ствараць легкавы аўтамабіль, а потым канкурыраваць з гэтымі краінамі, якія вырабляюць добрыя аўтамабілі сёння, тыя ж "мерседэсы", японскія аўтамабілі, карэйскія і гэтак далей, вельмі складана", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму была пастаўлена задача - знайсці краіну, якая гатова нам дапамагчы на аснове іх і нашых тэхналогій стварыць прымальны аўтамабіль, аўтамабіль для нашага народа, каб ён і па якасці, і па цане быў для нас выгадны", - падкрэсліў Прэзідэнт. Такой краінай выступіла Кітайская Народная Рэспубліка. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сёння Кітай па гэтых таварах практычна заваёўвае свет, выпускаючы аўтамабілі добрай якасці. У гэтым пераканаліся і ў Беларусі на прыкладзе збіраемага аўтамабіля "Джылі", некаторыя кампаненты для зборкі якога пастаўляюцца і беларускім бокам.
"Паглядзеўшы на гэту зборачную вытворчасць, мы прынялі рашэнне: быць у нас легкавому аўтамабілю і ствараць яго мы будзем разам з кітайцамі на аснове іх тэхналогій. Гэта не значыць, што мы проста возьмем і скапіруем і вырабім аналагічны аўтамабіль. Там, дзе можам, а мы можам, вопыт у нас ёсць зборкі і вытворчасці грузавых аўтамабіляў і кампанентаў для легкавых аўтамабіляў, мы павінны выкарыстоўваць уласны вопыт і ўласныя напрацоўкі. Яны ёсць і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і ў прыкладной навуцы таксама. Таму паціху мы павінны ўдасканаліць гэты аўтамабіль і пабудаваць новы завод па вытворчасці так званай "БелДжы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што цяпер завод будуецца, у тым ліку з удзелам кітайскага крэдыту. Плануецца, што з запускам першай чаргі тут будзе выпускацца ў год да 60 тыс. аўтамабіляў і 120 тыс. з запускам другой чаргі.
"Самае галоўнае - дзе будзем прадаваць? Ці будзе рынак для нашых аўтамабіляў? - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных. - Зразумела, унутраны рынак мы забяспечым, створым адпаведныя ўмовы".
"Вядома, мы прымусім калектыў рабіць самыя якасныя аўтамабілі, улічваючы, што тут і вытворчасць, і сэрвіс, і ўлада ўсё ж такі патрабавальная ў краіне, - аўтамабіль будзе добры. Але ёсць жа яшчэ лепшыя аўтамабілі, праўда па цане вышэйшай. І вось тут як насельніцтва будзе: наш аўтамабіль купляць або, можа, аддадуць перавагу няхай дарагому, але ўжо вядомай маркі. Таму першае пытанне - гэта пытанне рынку", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандра Лукашэнку цікавілі таксама пытанні фінансавання і вытворчыя.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб бягучым стане спраў па будаўніцтве завода. Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі, у студзені-лютым плануецца пачаць пастаўку абсталявання і яго мантаж. Першая чарга завода будзе запушчана да канца 2016 года. У 2017 годзе ён павінен выпускаць 60 тыс. аўтамабіляў.
Што датычыцца ацэнкі рынку, то Уладзімір Сямашка адзначыў, што нават з-за некаторага спаду, які назіраецца цяпер, па самым песімістычным варыянце развіцця падзей прадпрыемства зможа прадаваць 50 тыс. аўтамабіляў. "Гэта той аб'ём, які можа і павінен прадавацца свабодна ў 2017-2018 гадах", - сказаў ён.
Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будаўніцтва вызначана кітайская кампанія "Сіцік", на якую будуць распаўсюджаны ўмовы, гарантаваныя раней заснавальнікам "БелДжы". Адпаведны ўказ Кіраўнік дзяржавы мае намер падпісаць на працягу гэтага тыдня.
Урад Беларусі ўпэўнены, што па сукупнасці цаны, якасці, надзейнасці і сэрвісу аўтамабіль "БелДжы" знойдзе свайго пакупніка. Так, напрыклад, калі ў 2013 годзе на расійскім рынку аб'ёмы продажаў усіх вядучых фірм, пачынаючы ад "Мерседэс", "Аўдзі", "Фальксваген", "Рэно", "Сітраен", "Міцубісі", "Хонда", упалі на 15-35 %, то "Джылі" выраслі на 41 %. І сёння кітайскія аўтамабілі на рынку СНД маюць долю каля 4 %, плануецца, што гэты рынак вырасце да 10 %. Паводле ацэнак урада, праз два гады патрэбнасць толькі расійскага рынку ацэньваецца ў 3 млн аўтамабіляў.
"Такім чынам, 250-300 тыс. аўтамабіляў мы можам прадаваць на гэтым рынку. Мы ставім задачу дайсці да выпуску 120 тыс. аўтамабіляў у год, вырабленых па поўным тэхналагічным цыкле. Пры гэтым узровень лакалізацыі да ліпеня 2018 года павінен складаць не менш як 50 %", - сказаў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, на вытворчасці камплектуючых будзе задзейнічана шмат беларускіх прадпрыемстваў, якія гарантуюць гэты ўзровень лакалізацыі.
Аб'ём інвестыцый па бізнес-плане складае $318 млн на будаўніцтва завода і ўсёй унутранай інфраструктуры і амаль Br320 млрд для стварэння знешняй інфраструктуры, у прыватнасці, дарог, чыгуначнай веткі, газа- і электразабеспячэння, каналізацыі, водазабеспячэння і іншага. Чакаецца, што з уводам першай чаргі завода там будуць працаваць 1285 чалавек, а з выхадам прадпрыемства на поўную магутнасць - 1850-1900 чалавек. "Прычым высокакваліфікаваных спецыялістаў, паколькі абсталяванне закупляецца самае сучаснае, самае складанае і зразумела, што там павінны працаваць кваліфікаваныя людзі з добрай заработнай платай", - адзначыў Уладзімір Сямашка.
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу максімальна знізіць выдаткі па стварэнні знешняй інфраструктуры.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўрад Беларусі павінен бачыць стратэгію і перспектыву развіцця прадпрыемства, ацэньваць як попыт на рынку, так і планаваць выпуск новых мадэлей.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты праект будзе знаходзіцца на яго асабістым кантролі, і даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэту дзяржаўнага кантролю трымаць пад увагай ход будаўніцтва і інфармаваць Кіраўніка дзяржавы.
"Мы будзем мець добры аўтамабіль", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.