Нарада па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе
- 1
Беларусі трэба на ўвесь голас заяўляць аб сабе на сусветнай арэне. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 ліпеня на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе.
"Сучасны этап развіцця беларускай дзяржавы патрабуе выбудоўваць нашу знешнепалітычную і знешнеэканамічную дзейнасць па-новаму - больш маштабна і наступальна. Лічу, што надышоў час, калі нам трэба на ўвесь голас заяўляць аб сабе на сусветнай арэне. Больш актыўна пашыраць і абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. І не дзеля нейкіх амбіцый, а дзеля таго, каб умацаваць нашу суверэнную і незалежную дзяржаву. Як палітычна, так і эканамічна. Перш за ўсё, эканамічна", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эфектыўнае ўзаемадзеянне Беларусі са знешнім светам - поле дзейнасці не толькі Міністэрства замежных спраў. "Гэта задача ўсіх тут прысутных: Прэзідэнта, парламента, урада, міністэрстваў і ведамстваў, мясцовай выканаўчай улады, суб'ектаў гаспадарання. Прычым па ўсіх напрамках: палітычным, эканамічным, гуманітарным, у сферах бяспекі, культуры, адукацыі, спорту", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб павышэнні ролі Беларусі ў сусветнай палітыцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе падставы для гэтага ў краіны ёсць. "Так, для большай часткі свету мы маладая суверэнная дзяржава. Але працэс фарміравання нашай дзяржаўнасці налічвае не адно стагоддзе. Дзяржаўныя ўтварэнні, пераемніцай якіх з'яўляецца суверэнная Беларусь, былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі падзей, што адбываюцца ў нашым рэгіёне. А часам і тон задавалі. Таму пэўны гістарычны вопыт актыўнай знешняй палітыкі ў нас ёсць", - сказаў беларускі лідар.
"І не толькі ў нас, існуючы ўнутры гэты вопыт. Мы ж не ізаляваны ад іншых дзяржаў. І ў гэтым плане ёсць у каго вучыцца", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг прыярытэтных задач дзейнасці на міжнароднай арэне. У іх ліку павышэнне ролі Беларусі ў сусветнай палітыцы, павышэнне эфектыўнасці знешнеэканамічнай дзейнасці, новая стратэгія экспарту, заснаваная на паляпшэнні яго якаснай структуры, а таксама нарошчванне экспарту паслуг.
Аб адносінах з Захадам і Усходам
"Сёння дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а дружыць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Наладжваць кантакты трэба ўсюды, каб нас ведалі, разумелі і ў выніку прымалі. Толькі тады з упэўненасцю можна разлічваць на ўстанаўленне ўзаемавыгадных адносін", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што такі курс Беларусь ужо даўно і паспяхова ажыццяўляе на практыцы. "Шматвектарнасць - адзін з важнейшых прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі - стала бясспрэчным здзейсненым фактам", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца ўсходняга вектара, то тут вызначаны выразныя арыенціры і падыходы ў рабоце. "Стратэгічным саюзнікам нашай краіны была, ёсць і застанецца Расія. Мы праводзім узгодненую лінію ў знешняй палітыцы і ў сферы бяспекі. Паспяхова вырашаем комплекс сацыяльна-гуманітарных пытанняў", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што ў выключна кароткія тэрміны Беларусь са сваімі партнёрамі рэалізавала праект стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза - аднаго з найбольш маштабных інтэграцыйных аб'яднанняў апошняга часу.
Практычнае напаўненне таксама атрымлівае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем.
"І па заходнім вектары ёсць канструктыўныя зрухі. Пройдзены няпросты шлях па нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам. Паступова нарошчваюцца тэмпы развіцця супрацоўніцтва з ЗША", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін вектар, прадоўжыў Прэзідэнт, гэта актыўны пошук новых партнёраў і пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі краінамі далёкай дугі на ўсіх кантынентах.
"У выніку такой шматвектарнай палітыкі мы дабіліся новага ўспрымання нашай краіны ў свеце - як незалежнай, міралюбівай дзяржавы, своеасаблівага донара бяспекі ў рэгіёне. Беларусь з'яўляецца ініцыятарам і суаўтарам розных ініцыятыў на такіх важнейшых міжнародных пляцоўкай, як ААН, АБСЕ, у іншых не менш значных і аўтарытэтных рэгіянальных арганізацыях", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
![]()
Аб беларускай ініцыятыве "Хельсінкі-2"
"Гэты крок не трэба ўспрымаць як нейкую гучную міжнародную ініцыятыву дзеля ініцыятывы. Ён у першую чаргу адлюстроўвае нашу ацэнку і занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў", - заявіў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, правядзенне ў Мінску 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ стала адным з відавочных сведчанняў прызнання новай ролі Беларусі. Краіна ўпершыню прымала такі маштабны палітычны міжнародны форум.
Прэзідэнт таксама папрасіў не забываць і максімальна актыўна папулярызаваць беларускую ідэю супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, не ўпускаючы і кітайскі складнік. Гэта ініцыятыва карысна як для Беларусі, так і для Расіі, краін Захаду і Усходу.
"Я чакаю ад Міністэрства замежных спраў глыбокага аналізу сусветных працэсаў, што адбываюцца, і канкрэтных ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне бяспекі ў рэгіёне і павышэнне аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне. Нас павінны бачыць. І пазіцыю нашай краіны абавязаны ўлічваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Аб "Мінскім фармаце"
"Апошнім часам з'явілася шмат жадаючых атрымаць палітычныя дывідэнды ад удзелу ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. На іх думку, мінскі фармат устарэў і без яго можна абысціся. Але рэальна нічога новага не прапануецца. Таму мінскі працэс павінен заставацца, але прадаўжацца больш энергічна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь закранае процістаянне на ўсходзе Украіны, якое пагаршае становішча ў сферы рэгіянальнай бяспекі, стрымлівае гандаль і павялічвае міграцыйную нагрузку.
Аб важнасці "не ўпусціць момант"
"Звяртаюся да ўсіх удзельнікаў нарады: не толькі да МЗС і паслоў, але і да ўрада, да асноўных экспарцёраў. Нельга ўпусціць момант паляпшэння становішча ў сусветнай эканоміцы і кан'юнктуры для прасоўвання нашых тавараў. Пры гэтым трэба выключыць сітуацыю, калі мы кідаемся туды, дзе нас не чакаюць, пакідаючы найбольш выгадныя напрацаваныя рынкі бліжэйшых краін", - заявіў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асноўным крытэрыем паспяховасці знешняй палітыкі ў цэлым і работы МЗС і загранустаноў, у прыватнасці, з'яўляюцца нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту. У бягучым годзе прырост беларускага экспарту за студзень-май перавышае 20%, што складае каля $2 млрд. Без уліку нафты, нафтапрадуктаў, калійных і азотных угнаенняў экспарт вырас яшчэ больш - амаль на 30 працэнтаў. "А гэта якраз той несыравінны паказчык, за які адказваюць нашы паслы і замацаваныя службовыя асобы", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Расія застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі, краіны разам выпрацоўваюць агульныя падыходы па ключавых задачах у эканоміцы. "Мы бачым, што нягледзячы на ўсе ўзнікаючыя для нас перашкоды на гэтым рынку, у тым ліку штучныя, попыт на нашы тавары ёсць. І ён будзе ўзрастаць. І калі расіяне сёння гавораць аб тым, што эмбарга, санкцыі - шанц для іх эканомікі, вы павінны разумець, што гэта не меншы шанц і для нашай эканомікі. Таму што нашы народнагаспадарчыя сувязі вельмі пераплецены і кааперацыя вельмі глыбокая", - падкрэсліў беларускі лідар.
У існуючых умовах трэба спакойна, упэўнена і настойліва прадаўжаць работу з расійскім бокам над вырашэннем канкрэтных эканамічных пытанняў, адзначыў Прэзідэнт.
![]()
Аб устараненні бар'ераў
"Асноўная праблема - бар'еры на агульнай эканамічнай прасторы. Трэба, каб работа над іх устараненнем вялася больш вынікова. На ўсіх пляцоўках - і ў "двойцы", і ў "пяцёрцы", і на рэгіянальным узроўні. І ўраду, і МЗС, і Мінэканомікі трэба дабівацца рэальнага эфекту ў гэтым напрамку", - сказаў Прэзідэнт.
"Стварэнне аднолькавых умоў для суб'ектаў гаспадарання ў рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС з'яўляецца для нас стратэгічнай задачай. І яе трэба вырашаць настойліва і як мага хутчэй", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Размова ідзе не толькі пра цэны на нафту і газ. Не менш важна дабівацца правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай і аграрнай сферах. Павінны быць выключаны як прамыя бар'еры па доступе на рынак, так і іншыя меры, дыскрымінуючыя беларускіх вытворцаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што дзяржавы СНД з'яўляюцца традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі Беларусі, аднак гэта не азначае, што рынак СНД поўнасцю асвоены і адносіцца да катэгорыі простых. "І тут стварэнне безбар'ернага гандлёвага асяроддзя - важная кропка прыкладання нашых агульных намаганняў. У нас ёсць ключавы элемент - дагавор аб зоне свабоднага гандлю. Наступны крок - пабудова паміж краінамі Садружнасці адзінага рынку дзяржаўных закупак і фарміраванне асноў рынку свабоднага гандлю паслугамі", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, трэба зрабіць усё магчымае, каб гэтыя задачы былі рэалізаваны і дапоўнены новымі агульнымі кропкамі эканамічнага ўзаемадзеяння на прынцыпах вытворчага інвестыцыйнага і навуковага супрацоўніцтва.
"Пры гэтым наша членства ў ЕАЭС і падпісанне шэрагам дзяржаў СНД пагадненняў аб асацыяцыі з ЕС не толькі не павінна нас раздзяляць, а, наадварот, павінна стымуляваць да стварэння сумеснага прадукту і вывядзення яго на найбольш прывабныя рынкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аб абароне ўнутранага рынку
"Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што задача абароны ўнутранага рынку не здымаецца. І як ужо мне прыватныя кампаніі, бізнесмены прадставілі даклад аб нейкім паралельным імпарце, я папрашу ўрад сур'ёзна заняцца праблемай паралельнага імпарту", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"У нас што, няма "Гарызонта", "Атланта", іншых прадпрыемстваў? Вы скажаце: зразумела, мы ж у адным аб'яднанні і гэтак далей. Шукайце формы і метады работы так, каб унутраны рынак быў абаронены, як бы ні было складана гэта для нас", - дадаў беларускі лідар.
![]()
Аб гандлі з Еўрасаюзам і ЗША
"Наш сусед - Еўрапейскі саюз - перажывае няпростыя часы. Сёння там сутыкнуліся з шэрагам сур'ёзных выклікаў. Але, смею запэўніць, з гэтымі выклікамі Еўрасаюз справіцца. Я ўжо шмат разоў гаварыў, што нам патрэбны моцны Еўрапейскі саюз як у эканамічным, так і ў палітычным плане. ЕС - гэта магутная, адна з апор шматпалярнага свету. Гэтым усё сказана", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыі з прадпрыемстваў зняты. Няма больш квот на пастаўкі беларускага тэкстылю, ёсць зрухі ў пазіцыі ЕС па ўзаемадзеянні Беларусі з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, па ўступленні Беларусі ў СГА.
"Гэтыя рэаліі адкрываюць новыя магчымасці супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Нельга ўпусціць момант. Трэба літаральна ўгрызацца ў еўрапейскі рынак, які з'яўляецца найбольш плацежаздольным і тэхналагічным. І гэта задача для ўсіх", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, таксама важна прадаўжаць сістэмнае нарошчванне эканамічнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі. "Мы зацікаўлены ва ўстойлівым і бесперашкодным доступе беларускіх тавараў і паслуг на ёмісты і плацежаздольны рынак ЗША. Акрамя таго, хочам прыцягнуць амерыканскія капіталаўкладанні, тэхналогіі і ўдзельнічаць у вытворчай кааперацыі з кампаніямі гэтай краіны, - дадаў Прэзідэнт. - Павінен сказаць, тут мы працуем не проста слаба, а вельмі дрэнна. Можна сказаць, мы наогул там не працуем".
Аб удзеле Беларусі ў Шаўковым шляху
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дасягнуты высокі ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Кітаем патрабуе павышанай увагі як да рэалізацыі двухбаковых праектаў, так і да ўзаемадзеяння ў рамках маштабных інтэграцыйных аб'яднанняў. "Асабліва гэта датычыцца ініцыятывы Старшыні КНР Сі Цзіньпіна "Адзін пояс і адзін шлях". Беларусь павінна скарыстацца гістарычным шанцам і стаць важным транзітным, лагістычным, вытворчым, тэхналагічным звяном гэтага новага транскантынентальнага інтэграцыйнага праекта", - сказаў Прэзідэнт.
Дзейсным інструментам, адзначыў ён, павінен стаць індустрыяльны парк "Вялікі камень", названы Сі Цзіньпінам "жамчужынай эканамічнага пояса Шаўковага шляху". "Яго неабходна выкарыстоўваць для прыцягнення самых перадавых тэхналогій і вытворчасцей з усяго свету. Падкрэсліваю: з усяго свету, а не толькі з Кітая! Умовы для гэтага створаны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нам там не склады патрэбны. Нам там патрэбны самыя высокія тэхналогіі, якія будуць садзейнічаць вытворчасці тавараў заўтрашняга і паслязаўтрашняга дня. Вы павінны забяспечыць там размяшчэнне прадпрыемстваў самага перадавога ўкладу з усіх краін свету".
![]()
Аб "далёкай дузе"
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што сур'ёзным пунктам апоры на далёкай дузе можа і павінна стаць Паўднёвая Азія - каласальны па сваім аб'ёме рынак у амаль два мільярды чалавек. "Дзяржавы рэгіёна на працягу апошніх гадоў дэманструюць устойлівы эканамічны рост. Яны актыўна мадэрнізуюць сваю прамысловасць і сельскую гаспадарку, узводзячы маштабныя аб'екты дарожна-транспартнай, рэсурсаздабыўной і энергетычнай інфраструктуры. Усё гэта фарміруе натуральны попыт на тавары і паслугі беларускага экспарту. Таму надышоў час трансфармаваць высокі ўзровень палітычнага дыялогу з вядучымі краінамі гэтага рэгіёна, такімі як Індыя, Іран, Пакістан, у эканамічныя дывідэнды", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што пагадненне аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і В'етнамам, якое ўступіла ў сілу, дае магчымасць разглядаць гэту краіну як плацдарм для пашырэння нацыянальных інтарэсаў у краінах АСЕАН. "Візіт Прэзідэнта В'етнама і нашы дамоўленасці аб выхадзе на тавараабарот $500 млн - гэта задача павінна быць безумоўна выканана", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Беларусі таксама неабходна паўнацэнная доўгатэрміновая стратэгія супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. "Неабходна адысці ад практыкі работы ў гэтым напрамку наскокамі, ад візіту да візіту", - патрабуе Прэзідэнт.
"Не трэба думаць, што Афрыка - адна беднасць і там плаціць няма чым. Нічога падобнага! Без рэсурсаў гэтага кантынента свет сёння не можа дынамічна развівацца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы не павінны ўпусціць свае магчымасці ў канкурэнтнай барацьбе за афрыканскія рынкі. Тут наперадзе вялікая і напружаная работа".
Гаворачы аб краінах Лацінскай Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што за апошнія 16 гадоў беларускі экспарт тавараў у краіны гэтага рэгіёна павялічыўся больш як у пяць разоў. Знешнегандлёвае сальда з адмоўнага стала дадатным. "Гэта наглядны прыклад таго, як спрацоўвае стаўка на развіццё адносін з краінамі далёкай дугі. Яна садзейнічае рэгіянальнай дыверсіфікацыі беларускага экспарту", - заўважыў беларускі лідар.
Аб паляпшэнні якаснай структуры экспарту
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна распрацаваць новую стратэгію экспарту, заснаваную на паляпшэнні яго якаснай структуры. "Нядобра, калі па-ранейшаму больш за 80% нашага экспарту ў Еўропу складаюць сыравіна і паўфабрыкаты, - сказаў ён. - Трэба імкнуцца да стварэння сумесных вытворчасцей з удзелам заходняга капіталу. Укараняць перадавыя тэхналогіі і вопыт. Уводзіць нашых экспарцёраў у міжнародныя вытворчыя ланцужкі вядомых еўрапейскіх і сусветных карпарацый".
Складнікам беларускай экспартнай палітыкі павінны стаць зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці вытворчасці, павышэнне прадукцыйнасці працы. І, вядома, становяцца ўсё больш важнымі інавацыйнасць і высокая тэхналагічнасць прадукцыі. "Неабходна развівацца не ў напрамку "што мы можам вырабіць сёння", а ў напрамку "што мы можам вырабіць з таго, што будзе запатрабавана заўтра". Гэта больш чым актуальная праблема для прамысловасці, якая складае аснову нашай эканомікі. І не толькі для прамысловасці, але і нашых вучоных. Аб гэтым восенню пагаворым на вялікім з'ездзе вучоных, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Нельга дапусціць адставання краіны ў тэхнічным і тэхналагічным плане ад нашых гандлёвых партнёраў і развітых эканомік у цэлым. Мы павінны стварыць не толькі ІТ-парк, але і ІТ-краіну - аб гэтым не аднойчы ўжо было сказана".
Кіраўнік дзяржавы даручыў паслам разам з Мінэканомікі, Мінпрамам і іншымі арганізацыямі больш энергічна прыцягваць інвестараў, якія валодаюць самымі перадавымі тэхналогіямі. "Патрабуецца новае заканадаўства? Уносьце прапановы", - дадаў ён.
Прэзідэнт паставіў перад урадам задачу правесці экспартную рэвізію па ўсіх галінах, вызначыўшы, хто вырабляе тавар, запатрабаваны ў свеце, а хто бяздарна працуе на павелічэнне складскіх запасаў. "Гэта ключ да абнаўлення нашых вытворчасцей. Мадэрнізаваць, весці сюды замежных інвестараў трэба з улікам заўтрашняга дня, а не праводзіць мадэрнізацыю, якая старэе, не паспеўшы завяршыцца. І інвестары будуць укладваць грошы толькі ў перспектыўныя вытворчасці", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў праблемы, якія мелі месца на шэрагу будуемых прадпрыемстваў. "Я чакаю канкрэтнага даклада ад Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю па прадпрыемствах, якія мы мадэрнізуем і будуем", - папярэдзіў беларускі лідар.
Аб Беларускай АЭС
"Пры распрацоўцы новых тэхналогій і вытворчых праграм абавязкова трэба ўлічваць будучыя змяненні энергетычнага балансу дзяржавы ў сувязі з уводам у 2019 годзе першага блока БелАЭС", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна думаць аб тым, куды будзе накіроўвацца электраэнергія пасля ўводу ў строй БелАЭС. Адпаведных прапаноў Аляксандр Лукашэнка чакае ад урада.
Закранаючы заявы адносна небяспекі атамнай станцыі, ён заўважыў, што гэты аб'ект будуе вялікая энергетычная дзяржава - Расія, якая дасягнула ў гэтым напрамку велізарных поспехаў. "Хто хоча ведаць аб бяспецы, прыязджайце на станцыю. Нікому не адмаўляем, не павінны адмаўляць. Мы больш, чым яны, зацікаўлены ў бяспечнай атамнай станцыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
![]()
Аб нарошчванні экспарту паслуг
"Звяртаюся да кіраўніцтва Мінспорту, Мінпрама, Міністэрства аховы здароўя і загранустаноў. Трэба папулярызаваць не толькі марку "Зроблена ў Беларусі", але і такія брэнды, як "Вучоба ў Беларусі" або "Вучыцца ў Беларусі", "Адпачынак у Беларусі" або "Адпачываць у Беларусі", "Займацца спортам у Беларусі", "Лячыцца ў Беларусі" і іншыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці нашай краіны, прыцягваючы замежных турыстаў. Мы істотна недапрацоўваем у гэтым напрамку".
Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі ёсць што паказаць турыстам і чым зацікавіць іх. Аднак, на яго думку, у гэтай сферы ёсць да чаго імкнуцца і чаму вучыцца. "Тут трэба працаваць, працаваць і працаваць. Гэтым перш за ўсё губернатарам і мясцовым органам улады трэба займацца", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь атрымала права на правядзенне Еўрапейскіх гульняў, чэмпіянату свету па хакеі. "Я ўжо неаднаразова гаварыў: спорт - гэта не толькі дыпламатыя, але і бізнес, дзе круцяцца вялікія грошы. Я ўжо не кажу пра імідж дзяржавы. Не сумняваюся, гэтыя спаборніцтвы ў нас пройдуць на самым высокім узроўні з прыцягненнем максімуму балельшчыкаў", - заявіў ён.
Аб супрацоўніцтве з беларускай дыяспарай
Кіраўнік дзяржавы таксама паставіў задачу больш актыўна развіваць узаемадзеянне з беларусамі, якія пражываюць за мяжой, і не толькі ў Расіі, паколькі яны гатовы падтрымаць родную краіну. "Неабходна ўдзяліць больш увагі беларускай дыяспары", - сказаў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што пасольствы Беларусі ў розных краінах - гэта ўстановы ў тым ліку для яе грамадзян. "Ні адзін зварот нашых грамадзян за межамі краіны і ўнутры (няважна адкуль) не павінен быць выкінуты або скінуты падначаленым, перанакіраваны ў МЗС. Людзям трэба дапамагаць, гэта наша задача", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Аб асноўных задачах і напрамках эканамічнай дыпламатыі на нарадзе далажыў Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка праінфармаваў аб сітуацыі з экспартам беларускай прадукцыі, а пасол Беларусі ў Бельгіі, пастаянны прадстаўнік пры Еўрапейскім саюзе Аляксандр Міхневіч расказаў аб выніках работы і праблемах на еўрапейскім і еўраатлантычным вектарах.
На нарадзе таксама былі разгледжаны актуальныя пытанні развіцця беларускага экспарту ў Кітай, пашырэнне знешнеэканамічных інтарэсаў Беларусі ў краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, стратэгія і праблемы экспарту ААТ "МТЗ". Асобна аб праблемах знешнеэканамічнай дзейнасці і іх рашэннях расказаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.
На заканчэнне Прэзідэнт канстатаваў, што на сусветным рынку склалася вельмі выгадная для Беларусі сітуацыя, якой неабходна скарыстацца. "Мы ніводнае прадпрыемства не закінулі, не закрылі. І для іх сёння шанц, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Як вы пераканаліся, хто варушыцца, той прадае прадукцыю. У ход ідзе ўсё, толькі дайце нармальны, таварны выгляд і якасць".
"Хачу яшчэ раз нагадаць: знешнеэканамічная, асабліва экспартная, дзейнасць з'яўляецца абсалютным прыярытэтам у рабоце пасольстваў і МЗС", - падкрэсліў ён.
Таксама была звернута увага, што сёння Беларусь мае дыпламатычныя прадстаўніцтвы практычна ў трэці дзяржаў свету. А з улікам акрэдытацыі па сумяшчальніцтве можна бачыць, што адбываецца фактычна ва ўсім свеце. "Існуючы інструментарый трэба аператыўна падладжваць пад змяненні міжнароднай абстаноўкі і новыя магчымасці супрацоўніцтва, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - МЗС павінна стаць яшчэ больш кампактнай структурай, здольнай ва ўмовах аптымізацыі вырашаць складаныя задачы меншай колькасцю супрацоўнікаў. Менавіта вынік павінен быць галоўным крытэрыем вашай дзейнасці".
![]()