Нарада па праекце дэкрэта, накіраванага на стымуляваннезанятасці грамадзян

  • 1
Вырашаць праблемы эфектыўнай працоўнай занятасці неабходна не адкладаючы на доўгі час. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 студзеня на нарадзе, дзе абмяркоўваўся праект дэкрэта, накіраваны на стымуляванне занятасці грамадзян. Па выніках абмеркавання Прэзідэнт даручыў на працягу месяца дапрацаваць прадстаўлены праект дэкрэта.

На нараду былі запрошаны намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч, віцэ-прэм'ер Наталля Качанава, міністр фінансаў Уладзімір Амарын, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, а таксама міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў кастрычніку мінулага года даручаў ураду сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта распрацаваць канкрэтныя меры па ўключэнні ў працоўную дзейнасць непрацуючых грамадзян і спыненні раздачы дзяржаўных даброт так званым гультаям.

У гэтым напрамку, як адзначыў Прэзідэнт, у краіне прыняты ўжо шэраг рашэнняў. "Па-першае, павялічаны мінімальны працоўны стаж для назначэння працоўных пенсій з 10 да 15 гадоў. Мы прынялі гэта рашэнне. І мы дамовіліся аб тым, што гэта - першы крок. Магчыма, і не 15, а 20 гадоў. Адпрацуй - потым звяртайся за пенсіяй. Але пакуль - 15 гадоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на 5 гадоў павышаны ўзрост для звароту за мінімальнай сацыяльнай пенсіяй пры адсутнасці неабходнага стажу работы. "Паглядзім у будучым, можа, і тут дадаткова зробім пэўныя крокі. Гэта дасць магчымасць адтэрмінаваць назначэнне пенсіі тым, хто па жыцці ніякага ўкладу ў эканоміку не ўнёс. Няхай гэта сацыяльная пенсія і невялікая, але калі паглядзець у цэлым, то гэта мільярды рублёў, а ў гадавым вылічэнні, можа, і трыльёны", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы лічыць правільным прынятае рашэнне аб узмацненні ўплыву працягласці працоўнага стажу на памер пенсіі, што назначаецца.

"Але ўсе гэтыя меры калі і здольны аказаць станоўчы ўплыў на колькасць працоўных рэсурсаў, то толькі ў аддаленай перспектыве. А нам неабходна вырашаць праблемы эфектыўнай працоўнай занятасці не адкладаючы на доўгі час", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле даных Кіраўніка дзяржавы, амаль 500 тыс. працаздольных грамадзян у Беларусі афіцыйна нідзе не працуюць, не плацяць падаткі, але пры гэтым карыстаюцца сацыяльнымі дабротамі, што прадастаўляюцца дзяржавай: бясплатнай медыцынай і адукацыяй, субсідзіруемымі тарыфамі на ЖКГ і транспарт. "Дзяржава мае права з іх спытацца: за чый кошт вы будзеце жыць? Гэтыя людзі павінны працаваць, плаціць падаткі і жыць за свой кошт. Сацыяльнага ўтрыманства быць не павінна", - падкрэсліў беларускі лідар. У той жа час ён адзначыў, што дзяржава будзе аказваць дапамогу тым, хто па аб'ектыўных прычынах не можа гэтага рабіць, напрыклад інвалідам.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў праекце дэкрэта размова перш за ўсё вядзецца аб тых людзях, якія не плацяць падаткі ў бюджэт. "Яны, можа, недзе і працуюць на сябе, але не на дзяржаву. Таму размова ідзе аб неплацельшчыках падаткаў. Гэта і лайдакі, якія нічога не робяць, не працуюць, а, можа, з'яўляюцца "кліентамі" МУС, учыняючы тыя ці іншыя правапарушэнні. Гэта і тыя, якія ля плота валяюцца п'янымі, і тыя, якія забыліся, што рукі і ногі ў іх для таго, каб прыйсці на работу і нешта зрабіць, заплаціўшы падаткі дзяржаве", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць уважліва прааналізаваць, наколькі падрыхтаваны праект дэкрэта дапаможа паставіць надзейны заслон сацыяльнаму ўтрыманству, як на практыцы будуць працаваць механізмы, накіраваныя супраць дармаедства і іншых негатыўных з'яў у грамадстве.

"Вы - прафесіяналы, спецыялісты, і павінны былі прадставіць вычарпальны праект дэкрэта без усялякай палітыкі: як на нас паглядзіць нейкая пятая калона ў Беларусі або як расійскія і іншыя СМІ нас пакрытыкуюць за гэта, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. - Пытанні палітыкі вы, калі ласка, адрасуйце мне. Я буду прымаць рашэнне і ўлічваць палітычныя нюансы. Без іх не абысціся. Ваша справа - прафесійна падрыхтаваць праект дэкрэта, каб мы праз некаторы час не выявілі, што нешта ўпусцілі. І тады пачынаем зноў кампанію па дапрацоўцы і ўнясенні змяненняў у існуючыя нарматыўна-прававыя акты. Гэтага быць не павінна".

"Праект дэкрэта павінен быць абсалютна адэкватны сітуацыі, што складваецца ў гэтай сферы. Не трэба нічога баяцца. Дармаеды, гультаі павінны працаваць. Хто не плаціць падаткі - павінен плаціць. Гэта нармальная, цывілізаваная норма", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што такая з'ява, як дармаедства, наносіць вялікі ўрон грамадству. "Тыя, хто працуюць сумленна, часта задаюць сабе пытанне: чаму я павінен працаваць дзень і ноч, а ён практычна мае тое ж самае, нічога не робячы. Гэта сур'ёзная праблема, і мы яе павінны вырашаць зыходзячы з таго, як яна складваецца ў нашай дзяржаве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Што нам глядзець па баках? Паглядзіце, як сёння, калі ўдарыў крызіс, дзейнічаюць тыя, хто нас крытыкаваў: і цэны рэгулююць, і адкрыта гавораць пра ручное кіраванне эканомікай, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму нам трэба менш за ўсё на гэта глядзець і вырашаць праблемы, якія сёння стаяць рубам перад нашым грамадствам і дзяржавай".