Нарада па праекце Дэкрэта "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый"

  • 1
У Беларусі разам з узмацненнем патрабавальнасці да кіраўнікоў ім прадаставяць дадатковыя правы ў адносінах да падначаленых. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 снежня на нарадзе па праекце Дэкрэта "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо не першы раз звяртаецца да пытання падрыхтоўкі нарматыўна-прававога акта аб узмацненні адказнасці, патрабавальнасці да кіруючых кадраў. "Выканальніцкая дысцыпліна ў нас знахозіцца на вельмі нізкім узроўні - прытым па ўсіх артыкулах і на ўсіх паверхах улады", - заявіў Прэзідэнт.

"Двойчы ў мяне на стале знаходзіўся праект дакумента па гэтым пытанні, і двойчы мы адхілялі яго. Апошні раз мы бачылі: так, з кіруючых кадраў мы патрабуем, і павінны патрабаваць у гэтых умовах. Але таксама мы канстатавалі: перш чым патрабаваць з кіраўніка, яму трэба, дакладна акрэсліўшы правы, дабавіць улады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Інакш атрымаецца, што мы галовы будзем зносіць кіраўнікам, а кіраўнікі не змогуць як належыць патрабаваць са сваіх падначаленых. І ў выніку нічога не атрымаецца. Таму з кіраўніка павінна быць патрабаванне, адназначнае, самае строгае, але і трэба прадаставіць яму адпаведныя правы, каб мог патрабаваць выканання ўсіх прынятых ім рашэнняў".

У час абмеркавання праекта Дэкрэта Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад удзельнікаў нарады адказаў на шэраг пытанняў. У прыватнасці, якую адказнасць панясе кіраўнік у выпадку нядобрасумленнага выканання сваіх службовых абавязкаў, ці прадугледжаны строгія меры па недапушчэнні да кіраўніцкай дзейнасці ў бліжэйшай і доўгатэрміновай перспектывах тых, хто звольнены за правалы ў рабоце.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся: "Павышаючы патрабаванне з кожнага кіраўніка, ці ў дастатковай меры мы надзяляем яго рычагамі ўздзеяння на калектыў і дадатковымі правамі ў адносінах да сваіх падначаленых?"

"Для кіраўнікоў галоўная адказнасць - гэта звальненне з работы. Усе гэтыя штрафы і яшчэ штосьці - мы проста раззлуём людзей, і ўсё гэта без толку, эфекту не будзе мець. Размова ідзе аб тым, калі кіраўнік не цягне або правініўся. Правініўся - я не кажу, што дапусціў памылку, або яшчэ нейкія прычыны. Кіраўнік, займаючы пасаду, цудоўна ведае, што можна рабіць, а што нельга. І калі ён парушыў гэты парадак, чаго яго трымаць на пасадзе - яго трэба звальняць. Калі ён учыніў правапарушэнне, якое падпадае пад артыкул Адміністрацыйнага або, яшчэ горш, Крымінальнага кодэкса - ён па гэтым артыкуле і будзе адказваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама задаў пытанне, наколькі дакумент будзе справядлівым, каб кожны, хто праштрафіўся, разумеў, за што прыцягнуты да адказнасці. І галоўнае - ці дасць магчымасць Дэкрэт выкараніць кругавую паруку і прымяняць на практыцы прынцып строгай персанальнай адказнасці, не дапускаць утойвання такіх негатыўных з'яў, як перасаджванне правінавачаных з аднаго "цёплага" месца на іншае, кумаўство, блат пры вырашэнні кадравых пытанняў?

Прэзідэнт запатрабаваў аб'ектыўнай ацэнкі прадстаўленага дакумента. Ён перасцярог: "Не дай бог, мы спародзім нейкую новую інструкцыю з пералікам артыкулаў, штрафаў". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дакумент павінен быць цэласным, зразумелым і адназначным.

У час нарады адбылося абмеркаванне розных аспектаў новага дакумента. Прэзідэнт Беларусі даручыў яго дапрацаваць з улікам агучаных прапаноў з тым, каб з пачатку будучага года Дэкрэт уступіў у сілу.