Нарада па праекце дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС
- 1
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцці Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт заявіў 9 снежня на нарадзе па праекце дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС.
"Дакумент павінен быць абсалютна вывераным. І пасля яго ўступлення ў сілу ніводны грамадзянін Беларусі, і я ў тым ліку, не павінны задаць пытанне Ураду, які перш за ўсё выпрацоўваў і ўзгадняў гэты дакумент, што ж мы маем на самай справе і чаму недзе стала горш, чым было, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Якім бы Мытны кодэкс ні быў кампрамісным (не выключаю, што дзесьці магчымы кампрамісы), але пагаршаць тую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая існуе ў Беларусі, нам ні ў якім выпадку нельга".
"Усё павінна быць прадумана, выверана ў міністэрствах, ведамствах, аблвыканкамах. Калі трэба, у гар-, райвыканкамах. Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, аж да апазіцыйна мыслячых, як мы іх часта называем. Давесці да іх гэтыя палажэнні, да грамадзян нашай краіны. Неадкладна, каб яны маглі адрэагаваць і сказаць, што нам выгадна, а што не", - даручыў Прэзідэнт.
Адпаведны дакумент, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, плануецца падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Прэзідэнт адзначыў, што да прыняцця ім рашэння ад імя Беларусі ён хацеў бы пачуць меркаванні адказных службовых асоб і асабліва тых, хто паставіць свой подпіс у якасці візы пад праектам дагавора. "А гэта ўсе члены Урада і вышэйшыя службовыя асобы", - удакладніў ён.
"І ўсе адкажуць, дзе б хто потым ні працаваў, калі толькі ў выніку прымянення гэтага кодэкса на практыцы мы ўбачым нейкія недахопы, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Кожны нясе персанальную адказнасць. Гэта вельмі сур'ёзная рэч".
Гаворачы аб Мытным кодэксе, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры яго прыняцці ўсё павінна быць улічана. "Мы нічога не павінны страціць. У нас страчваць няма чаго. Калі асноўныя ігракі нашага эканамічнага саюза - Расія і Казахстан - могуць дзесьці на штосьці закрыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай шмат, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
![]()
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў плане мытных працэдур і мытнага працэсу Беларусь "прастрэльваецца" з усіх бакоў. "У нас відаць усё, нічога не схаваеш. У нас нават бяспошлінна аўтамабіль не завязеш. Гэта будзе вядома", - сказаў ён.
Адначасова Прэзідэнт канстатаваў, што, напрыклад, Казахстан і Расія маюць вялікія тэрыторыі і працяглыя граніцы, дзе часам цяжка пракантраляваць усе працэсы.
"У нас рэспубліка асаблівая. Мы тут цішком нічога не зробім - тое, што могуць зрабіць нашы партнёры. Няхай яны на мяне не пакрыўдзяцца, але такое мы фіксавалі вельмі часта. "А ў нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, або стакан малака, або кавалак хлеба засядае, прадукцыя не тая. І Урад пры гэтым маўчыць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на эканамічныя магчымасці, якія адкрываюцца для Беларусі, краіна жыве ва ўмовах жорсткага глабальнага канкурэнтнага асяроддзя, і неабходна процістаяць выклікам і пагрозам, што ўзнікаюць. "Таму прыняцце Мытнага кодэкса з'яўляецца важным этапам развіцця і ўмацавання інтэграцыйных працэсаў. Але ў інтарэсах нашай краіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў лістападзе даваў даручэнне Адміністрацыі Прэзідэнта і Камітэту дзяржкантролю сумесна з экспертамі і вучонымі прапрацаваць новы Мытны кодэкс і прадставіць па ім заключэнні.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, пацікавіўся, ці ўлічаны ў новым кодэксе раней дасягнутыя інтэграцыйныя дамоўленасці, ці адпавядае дакумент геапалітычнай сітуацыі ў асноўных партнёраў па саюзе. "І, самае галоўнае, ці ўлічвае ён тыя памылкі, якія былі дапушчаны і якія непрымальныя для нас перш за ўсё з фінансавага пункту гледжання?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама запатрабаваў далажыць, наколькі праект кодэкса будзе садзейнічаць развіццю інвестыцыйнага клімату, павышэнню транзітнай прывабнасці Беларусі, абароне айчынных вытворцаў, ці будзе забяспечана эканамічная бяспека краіны. "У рэшце рэшт, ці будзем мы прымаць рашэнні па гэтых эканамічных праблемах у Беларусі або за нас будзе нехта прымаць?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама абазначыў пытанне, ці не з'яўляецца дачасным вынясенне асобных рашэнняў у сферы мытнага рэгулявання з нацыянальнага заканадаўства на наднацыянальны ўзровень.
"Як дакладвае Урад, у ходзе перагаворнага працэсу Беларусі ўпершыню ўдалося дабіцца згоды краін ЕАЭС з нашай прапановай аб паэтапным зніжэнні норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі, - сказаў беларускі лідар. - Аднак у прадстаўленым праекце кодэкса, як мне дакладваюць, гэтыя дамоўленасці не замацаваны. Паўстае пытанне, якія гарантыі, што пасля падпісання дакумента бакі не зменяць сваю пазіцыю і будуць выконваць дасягнутыя пагадненні?"
Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, што Беларусь атрымлівае ад увазных мытных пошлін у ЕАЭС з улікам змяненняў, якія адбыліся. "Калі мы нешта выйграём - добра, але калі прайграём, як я зразумеў з вашага даклада, тады навошта нам такі саюз?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Міністра фінансаў Беларусі Уладзіміра Амарына.
Прэзідэнт на нарадзе паставіў задачу за час, які застаўся да сустрэчы на вышэйшым узроўні, дадаткова прапрацаваць і прааналізаваць асобныя нормы праекта новага Мытнага кодэкса, каб даць ім прававую ацэнку на прадмет адпаведнасці нацыянальным інтарэсам.
![]()