Нарада па эканамічных праблемах

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб нармалізацыі па праблемных пытаннях у развіцці эканомікі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы паведаміў 26 снежня на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканамічнага развіцця краіны.

"Час, калі мы праводзім гэту нараду, не такі драматычны. Больш таго, можна сказаць, што сітуацыя па тых праблемных пытаннях, якія так востра стаялі яшчэ тыдзень таму, складваецца нармальна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, апошнім часам быў прыняты шэраг рашэнняў, якія не вітаюцца асобнымі групамі кіраўнікоў. "Гэта зразумела: некаму не падабаецца валюта, якая падаражэла, некаму, што мы ўзялі пад кантроль цэнаўтварэнне, а некаму, што мы падтрымліваем айчыннага вытворцу. Праўда, ён (айчынны вытворца) не заўсёды гэта разумее. Але мы разбяромся з кіраўнікамі ў бліжэйшы час. Напэўна, там вельмі многія пераседзелі ў сваіх крэслах. Гэта можна паправіць", - заўважыў беларускі лідар.

"Трэба разумець, што з усіх бед мы выбіралі найменшую. І вырашаючы комплекс пытанняў, мы вызначылі галоўнае, без якога не можа быць вырашэння іншых. Гэта стабільнасць на валютным рынку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Прыняўшы шэраг рашэнняў, мы разумеем, што яны маюць пэўныя вынікі, у тым ліку, акрамя пазітыўных, і негатыўныя. Галоўнае цяпер - развіццё эканомікі, - заявіў Прэзідэнт. - Эканоміка павінна працаваць. Усё трэба рабіць у імя работы працоўных калектываў, таму што там нашы людзі - беларускі народ, які пасля свят і да іх павінен прыйсці на рабочыя месцы, працаваць і атрымліваць заработную плату. Вось уся логіка".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на сённяшні дзень самае галоўнае пытанне, якое стаіць на парадку дня, - вынікі прынятых рашэнняў: "Негатыўныя вынікі трэба ўстараняць, пазітыўныя тэндэнцыі - падтрымліваць. На гэта я кожны дзень арыентаваў урад да нашай нарады".

Прэзідэнт выказаў незадаволенасць, што асобныя чыноўнікі арыентуюць прадстаўнікоў бізнесу на тое, што кантроль за цэнаўтварэннем у краіне хутка будзе зняты і яны "адаб'юць" недаатрыманую выгаду. "Нашы асобныя нягоднікі-чыноўнікі арыентуюць, як мне далажылі, і я пераканаўся ў гэтым, прадпрымальнікаў, камерсантаў і рознае жуллё, што вы, маўляў, пацярпіце, недзе 9-га, 15-га чысла мы тут усё адпусцім, а вы потым "адаб'яце" ўсё, што вы цяпер не атрымалі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хачу заявіць аб тым, што трэнд, як модна сёння гаварыць, на кантроль за цэнамі ў краіне захаваецца назаўсёды".

"Мы бачым, што сёння гандлёвыя работнікі, пасрэднікі, гандляры і жуллё, якое працуе ў гэтым сектары, сталі самымі багатымі людзьмі ў краіне", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы зрабілі ўсё для станаўлення нармальнага гандлю ў краіне. Нават калі заўтра не будуць больш стварацца гандлёвыя прадпрыемствы, наяўнасць у нас іх і пасрэднікаў неймаверная. Мы абыдземся і без новых. Але тых, што функцыянуюць, прымусім працаваць так, як належыць. Я ўжо сказаў, калі яны не пачулі, або ва ўрадзе не ацанілі, - 2-3% рэнтабельнасці. Возьмем кожны від тавару на кантроль, асабліва імпартны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Чакаць, што-небдзь недзе прыхаваць з разлікам на тое, што пасля 9-га-15-га чысла выкінем і атрымаем неймаверныя цэны і яшчэ кішэнь больш наб'ём, не даводзіцца", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва ўрада далажыць аб тым, што зроблена за мінулы тыдзень па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне і вырашэнні пастаўленых задач; ад Нацбанка - праінфармаваць аб умацаванні крэдытна-фінансавай сістэмы ў цяперашніх умовах. Прэзідэнт асабліва адзначыў, што размова ідзе менавіта аб крэдытна-фінансавай сістэме ў цэлым, а не проста аб стабілізацыі сітуацыі ў абменніках і на валютнай біржы.

Кіраўніцтва Камітэта дзяржкантролю прадставіла аналіз эфектыўнасці сістэмы ўзаемаразлікаў з Расіяй і прапановы па іх удасканаленні.

Старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама далажылі аб сітуацыі, што складваецца на месцах з улікам апошніх захадаў, зробленых урадам і Нацыянальным банкам.

У цэлым Кіраўнік дзяржавы падтрымаў меры, што прымаюцца ў краіне па недапушчэнні развіцця негатыўных тэндэнцый у фінансавым сектары і на спажывецкім рынку, даручыўшы і ў далейшым рабіць неабходныя захады для падтрымання стабільнай работы эканомікі.

Перад сферай гандлю Прэзідэнт паставіў тры асноўныя задачы: не дапускаць неабгрунтаванага росту цэн і спынення работы гандлёвых аб'ектаў, забяспечыць прысутнасць на прылаўках максімальна шырокага асартыменту тавараў. Пры гэтым нараўне з імпартам у абавязковым парадку на выбар пакупнікоў павінна быць прадстаўлена айчынная прадукцыя.

На нарадзе размова ішла і аб сітуацыі з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію. Як далажыў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, пытанне паступова ўрэгулюецца і ў бліжэйшы час яшчэ некалькі прадпрыемстваў змогуць аднавіць работу з расійскім рынкам.

Перад вытворцамі і знешнепалітычным ведамствам пастаўлена задача ў наступным годзе актыўна працаваць над прасоўваннем айчыннай прадукцыі на экспарт, што дасць магчымасць стабільна функцыянаваць эканоміцы і прыцягнуць дадатковыя валютныя рэсурсы.

Што датычыцца сітуацыі ў фінансавай сферы і на валютным рынку, то яна таксама паступова нармалізуецца. Старшыня КДК Леанід Анфімаў далажыў аб распрацоўцы нарматыўна-прававога акта па спыненні незаконных валютных аперацый.

Прэзідэнт таксама заявіў, што мае намер да Новага года прыняць шэраг важных кадравых рашэнняў. "Заўтра мы абмяркуем шэраг кадравых пытанняў і прымем адпаведныя рашэнні. Іх будзе нямала", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да Новага года неабходна прыняць важныя кадравыя рашэнні і паставіць задачы перад назначанымі кіраўнікамі.