Нарада па актуальных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі
- 1
Удасканаленне сістэмы адукацыі павінна праходзіць на аснове існуючых дасягненняў, без рэформ і неабдуманых рашэнняў. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на праведзенай 1 красавіка нарадзе, якая была прысвечана актуальным пытанням развіцця сістэмы адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць тэмы развіцця адукацыі ў сучасных умовах. Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што "гэта першае набліжэнне да разгляду важнейшых пытанняў, якія ў нас сфарміраваліся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў і актуалізаваліся, у тым ліку пытанне адукацыі, пасля выбараў". На думку Аляксандра Лукашэнкі, жыццё падштурхнула да разгляду шэрага важных пытанняў. Кіраўнік дзяржавы правёў аналогію гэтай нарады з праведзенымі ўжо раней па пытаннях развіцця будаўнічай сферы, ЖКГ.
Адносна асноўнай тэмы нарады - адукацыі - Прэзідэнт заявіў, што адно з пытанняў, якое стаяла яшчэ да выбараў, але пакуль яшчэ канчаткова не вырашана, датычыцца сферы адукацыі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пры назначэнні новага кіраўніцтва Міністэрства адукацыі была пастаўлена канкрэтная задача - удасканаленне сістэмы, заснаванае на ўжо існуючых дасягненнях, а не рэфармаванне і ломка. "Нам з савецкіх часоў дасталася нядрэнная сістэма адукацыі, мы яе пераўтварылі. Мы да гэтага вярталіся не адзін раз, рыхтавалі новыя падручнікі. Тым не менш там яшчэ хапае праблем", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
"Мы выйшлі на шэраг праблемных пытанняў, і па іх былі дадзены канкрэтныя даручэнні - разабрацца з актуальнымі праблемамі, якія стаяць перад усімі намі, перад грамадствам", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэтыя пытанні хвалююць усіх і яны вельмі сур'ёзна звернуты ў будучыню.
Віцэ-прэм'ер Наталля Качанава праінфармавала аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта, якія былі дадзены ўраду па пытаннях адукацыі. Яна расказала аб праведзеных у розных рэгіёнах краіны сустрэчах з педкалектывамі, кіраўніцтвам навучальных устаноў. Віцэ-прэм'ер азнаёмілася з іх работай, пабывала на ўроках. Наталля Качанава запэўніла, што ва ўстановах адукацыі сёння стабільная абстаноўка. Яна таксама падкрэсліла: "Мы адышлі ад усялякіх рэформ і неабдуманых эксперыментаў. Нам сёння не трэба штосьці кардынальна ламаць".
Прэзідэнт упэўнены, што сістэма адукацыі павінна адпавядаць сучасным выклікам і патрабаванням. Пры гэтым асноўная задача педагогаў усіх узроўняў - не толькі вучыць, але і выхоўваць. Гэтыя дзве функцыі павінны быць у аснове работы настаўнікаў і педагогаў.
Цяперашняя нарада - адзін з этапаў па выпрацоўцы стратэгіі развіцця адукацыі на бліжэйшую перспектыву. Адукацыя - сфера, якая пастаянна знаходзіцца на кантролі Кіраўніка дзяржавы з улікам яе важнасці. Паколькі трэба будзе яшчэ актуалізаваць многія напрамкі дзейнасці адукацыйных устаноў, Прэзідэнт падрабязна цікавіўся ўсімі аспектамі маючых адбыцца новаўвядзенняў, канчаткова зацвердзіць якія плануецца напярэдадні новага навучальнага года.
Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі па ўсіх пытаннях, дзе плануецца ўдасканаленне. У прыватнасці, аб павышэнні даступнасці дашкольнай адукацыі. Для таго, каб поўнасцю вырашыць праблему забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садах, запланавана ў тым ліку будаўніцтва 70 дзіцячых садоў, стварэнне 275 груп кароткачасовага знаходжання.
Размова ішла таксама аб профільным навучанні, якое Міністэрства адукацыі плануе пашыраць. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў растлумачыў, што галоўнай задачай такога навучання з'яўляецца падрыхтоўка вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ў ВНУ. Унесены прапановы, каб выпускнікі профільных педагагічных класаў мелі перавагі перад іншымі абітурыентамі пры паступленні ў педагагічныя ВНУ.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць улічваць пытанне практыкаарыентаванасці. На яго думку, мэтазгоднасць стварэння профільных класаў павінна разглядацца ў кожным выпадку індывідуальна.
Пры гэтым галоўнае патрабаванне Прэзідэнта - нагрузкі для школьнікаў павінны быць разумнымі, і іх ні ў якім выпадку нельга перавышаць.
Размова ішла таксама аб скарачэнні дакументаабароту, выключэнні неўласцівых функцый з работы настаўніка. Міністэрствам адукацыі ўжо зацверджаны пералік абавязковай дакументацыі ў школе, які ўключае мінімальную колькасць неабходных для работы настаўніка і класнага кіраўніка дакументаў.
Асаблівая ўвага была ўдзелена арганізацыі шостага школьнага дня. Як праінфармавала Прэзідэнта Наталля Качанава, у адну з субот яна без папярэджання пабывала ў некаторых мінскіх школах і зрабіла вывад, што не ўсюды гэты дзень выкарыстоўваюць эфектыўна. На думку Аляксандра Лукашэнкі, у час шостага школьнага дня акцэнт усё ж павінен рабіцца на фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, працоўнае выхаванне навучэнцаў і іх прафарыентацыю.
Прэзідэнта таксама праінфармавалі аб тым, што ўрадам вызначаны меры па далейшай аптымізацыі ў сістэме адукацыі. У прыватнасці, прадугледжана аптымізацыя на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях, перш за ўсё так званых "каляадукацыйных" устаноў і структур.
Была таксама закранута тэма працаўладкавання выпускнікоў. Патрабаванне Прэзідэнта - прыняць неабходныя меры па прадастаўленні першага рабочага месца ўсім, хто навучаўся за кошт сродкаў бюджэту, а таксама пры жаданні і тым, хто навучаўся на платнай аснове.
Асаблівая ўвага на нарадзе была ўдзелена павышэнню якасці агульнай сярэдняй адукацыі, у прыватнасці, падручнікаў. У мэтах павышэння якасці нацыянальных вучэбных дапаможнікаў вызначаны адзіныя падыходы да распрацоўкі новых падручнікаў, прычым іх падрыхтоўка вядзецца ў адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі і прадугледжвае таксама электронную версію.
Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на неабходнасці стварэння такіх падручнікаў, матэрыял у якіх выкладзены зразумелай і даступнай для разумення школьнікаў мовай, пры гэтым добра праілюстраваны. Прэзідэнт даручыў падключыць да вырашэння гэтага пытання высокапрафесійных спецыялістаў з розных галін, каб атрымаць сучасныя і якасныя вучэбныя кнігі для школьнікаў.
"Падручнікі - гэта галоўнае, і грошай на іх шкадаваць не трэба. Гэта самае першае, чым трэба займацца", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе размова таксама ішла аб удасканаленні якасці падрыхтоўкі кадраў ва ўстановах вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Закраналася таксама тэма ўдасканалення правіл паступлення ў навучальныя ўстановы. Акрамя таго, вялікая ўвага была ўдзелена павышэнню эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў адукацыі. Міністэрства адукацыі павінна працаваць ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам эканомікі, Міністэрствам працы і сацабароны. Патрабаванне Прэзідэнта - падрыхтаваныя кадры павінны быць запатрабаваны і задзейнічаны ў сістэме народнай гаспадаркі краіны.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выканання ўсіх дадзеных ім даручэнняў у гэтай сферы да маючай адбыцца маштабнай нарады, якую плануецца правесці на ўзроўні Прэзідэнта напярэдадні новага навучальнага года. Да гэтага часу канчаткова будзе сфарміраваны пералік усіх мер, накіраваных на ўдасканаленне сістэмы адукацыі ў краіне.