Нарада аб ходзе перагавораў з Міжнародным валютным фондам

  • 1
Беларусь павінна прытрымлівацца перш за ўсё нацыянальных інтарэсаў і ўзважаных падыходаў пры ўзгадненні праграм пашыранага фінансавання з МВФ. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 1 снежня на нарадзе, на якой размова ішла аб ходзе перагавораў з Міжнародным валютным фондам.

Місія гэтага фонду пабывала ў Мінску ў лістападзе і абмяркоўвала праграму эканамічных мер, якая можа быць падтрымана крэдытам МВФ у рамках пашыранага фінансавання на суму каля $3 млрд.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хацеў бы пачуць ад урада, Нацыянальнага банка, як рэалізуюцца дамоўленасці, дасягнутыя па выніках яго перагавораў з кіраўніком МВФ у Нью-Ёрку, а таксама ў Мінску з прадстаўнікамі МВФ.

"Мы не знайшлі нейкіх праблем ва ўзгадненні той праграмы з МВФ, якая прапанавана. Тое, што прапануецца, разумна, і рана ці  позна давядзецца рэалізоўваць. Але пытанне адно - калі, у якія тэрміны, і, самае галоўнае, якія ў выніку гэтага будуць наступствы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў: "Хачу, каб ва ўрадзе і Нацыянальным банку цудоўна разумелі маю пазіцыю. Але я яшчэ раз падкрэсліваю: рэзаць па жывым, і невядома навошта, каб дагадзіць каму-небудзь я не збіраюся".

"Мы пойдзем толькі на такія, як вы іх называеце, рэформы (гэта нават не рэформы, гэта нармальнае функцыянаванне дзяржавы) - толькі на ўдасканаленне таго, што ў нас ёсць. І толькі тады пойдзем, калі будзем упэўнены, што ў выніку, напрыклад, павышэння тарыфаў на ЖКГ, людзі змогуць заплаціць па рахунках", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму прыватызацыі: "Калі гэта прыватызацыя, то мы павінны быць упэўнены, што гэта будзе прыватызацыя сумленная, чыстая, адкрытая і, самае галоўнае, - канкурэнтная, у тым ліку пры прыватызацыі таго або іншага прадпрыемства".

Што датычыцца пытання павышэння пенсійнага ўзросту, то Прэзідэнт заявіў: "Калі мы гаворым аб тым, што нам трэба павышаць пенсійны ўзрост, што нам, дарэчы, МВФ настойліва рэкамендуе, я перад выбарамі гэта сказаў, гэта мая абсалютная перакананасць - нам трэба павышаць пенсійны ўзрост, і назваў прычыны. Але пры гэтым сказаў, што мы павінны параіцца з народам. Я даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта, думаю, яны ўжо выпрацавалі нейкі алгарытм, як з народам параіцца".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў: "Я ўпэўнены, што беларускі народ, адукаваны і разумны, падтрымае нас, калі мы дакажам на лічбах, фактах, што калі не мы сёння гэта зробім, то ўсё гэта ляжа на нашых дзяцей".

Як перакананы Аляксандр Лукашэнка, у прыняцці рашэнняў неабходна зыходзіць з інтарэсаў народа. "Хачу сказаць, што галоўнае - гэта наш народ і дзяржава. З гэтага мы павінны зыходзіць. Вось яны мне ў МВФ усю праграму пералічылі, я нідзе не сказаў ім не - ні па тарыфах, ні па ўзросце, ні па зарплаце, разумеючы, што гэта нармальная, разумная прапанова. Ні з сяго ні з таго рабіць нельга, зламаем краіну, пакрыўдзім народ, дэстабілізуем абстаноўку і страцім у выніку Беларусь".

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў растлумачыў прычыны таго, чаму ўрад праводзіць такую інтэнсіўную работу па выхаду на праграму з МВФ. "Нам неабходна прыцягнуць як мага на больш камфортных умовах па тэрмінах і кошце  рэсурсы МВФ для выканання сваіх знешніх валютных абавязацельстваў. Умова МВФ - крэдыт пад 2,28 працэнта ў суме $3 млрд тэрмінам на 10 гадоў", - адзначыў кіраўнік урада.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта добры крэдыт, з добрым аб'ёмам  рэсурсаў і добрым працэнтам. "Нам гэта выгадна. Ніхто нам, у тым ліку і расіяне, пад такія працэнты крэдытаў не дае", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ўсё неабходна рабіць разумна і ўзважана.