Нарада аб выніках праверкі Узброеных Сіл
- 1
Беларуская армія павінна эфектыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб выніках праверкі Узброеных Сіл.
"Ва ўтрыманне і пераўзбраенне арміі мы ўкладваем істотныя сродкі. Войскі аснашчаюцца сучаснымі відамі баявой тэхнікі, экіпіроўкай і сродкамі кіравання. Беларусь не збіраецца ўцягвацца ў гонку ўзбраенняў, а тым больш дарэмна бразгаць зброяй. Аднак існуючая ваенна-палітычная абстаноўка не дазваляе цяпер выбудоўваць іншыя прапорцыі фінансавання дзяржаўных расходаў. І ў далейшым на нашу бяспеку траціць будзем столькі, колькі патрэбна. Карміць трэба сваіх салдат", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праз СМІ і грамадства, і ўсе тыя, хто цікавіцца пытаннямі бяспекі і абароны за межамі Беларусі, былі інфармаваны аб правядзенні чарговай праверкі Узброеных Сіл. "Такія праверкі па маім патрабаванні праводзяцца раптоўна для таго, каб выявіць сапраўдны стан тых ці іншых працэсаў у нашай арміі", - сказаў ён.
У сувязі з гэтым на нараду вынесены пытанні абстаноўкі ва Узброеных Сілах і магчымых праблемных момантаў. "Наша армія з'яўляецца адным з асноўных інструментаў дзяржавы па забеспячэнні ваеннай бяспекі. Яна павінна эфектыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы. І гэта важнейшае патрабаванне", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што грошы, якія ўкладваюцца ў армію, павінны даваць рэальны рост баявых магчымасцей Узброеных Сіл і павышаць абараназдольнасць Беларусі. "Недапушчальна, каб дарагая зброя выкарыстоўвалася не на поўную моц, а тым больш прыводзілася да непрыдатнасці з-за непрафесіяналізму асобных камандзіраў. Задача стаіць не проста захаваць або павялічыць ваенны патэнцыял нашай арміі, але і рацыянальна яго прымяняць, - заявіў Прэзідэнт. - Размова ідзе не толькі аб ваенных расходах. Аднымі з ключавых элементаў баяздольнасці з'яўляюцца гатоўнасць да адмабілізавання і абучанасць войскаў, асабліва афіцэраў. Наогул без салдата, афіцэра, генерала ніякая зброя ніякай арміі не дапаможа. Любой зброяй трэба ўмець карыстацца".
![]()
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта на гэтыя аспекты ён запатрабаваў звярнуць увагу пры праверцы Узброеных Сіл. "Мне далажылі аб выніках гэтай праверкі. Выяўлена мноства розных недахопаў. І амаль усе яны абсалютна суб'ектыўнага характару. Размова ідзе аб фармалізме, бязладнасці і банальнай неарганізаванасці, што для нас вельмі непрымальна і недапушчальна. Мы не настолькі багатыя, каб такім чынам несці службу ва Узброеных Сілах і распараджацца той маёмасцю, якую мы маем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Усе людзі ў пагонах, асабліва камандзіры, павінны быць узорам прыстойнасці і добрасумленнага выканання службовых абавязкаў. Гэта датычыцца як прымянення даручаных падраздзяленняў і ўзбраенняў, так і выхавання падначаленых", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён акцэнтаваў увагу, што менавіта афіцэрскаму корпусу давераны лёсы маладых людзей, з якіх яны за кароткі час павінны падрыхтаваць сапраўдных байцоў, абаронцаў Айчыны.
Прэзідэнт нагадаў, што было даручана вывучыць пытанні ідэалагічнай работы ў сувязі з тым, што яна ўплывае і непасрэдна на воінскую дысцыпліну. "Дакладваюць, што ў арміі захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння колькасці правапарушэнняў. Але яны ёсць. Па такім паказчыку, як каэфіцыент злачыннасці, сітуацыя ва Узброеных Сілах лепшая, чым у цэлым па краіне (нядзіўна, як бы там ні было, усё ж такі ў арміі ідзе нейкі адбор). Адносна стабільны і стан па карупцыйных праявах. Скарачаецца колькасць злачынстваў, звязаных з гібеллю асабовага складу пры выкананні службовых абавязкаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з гэтым ён звярнуў увагу, што ў 2017 годзе зафіксаваны значны рост фактаў нестатутных узаемаадносін. "Хацеў бы, каб мне далажылі, з чым гэта звязана. Гэта што, сапраўды такі ўсплёск непарадкаў па так званых нестатутных узаемаадносінах, ці службовыя асобы Мінабароны і іншых кампетэнтных дзяржорганаў павысілі патрабавальнасць і пачалі ўсё гэта ўлічваць?" - паставіў пытанне Прэзідэнт Беларусі.
"Справа не ў тым, што толькі маё патрабаванне такое строгае ў адносінах да вас. Вы ведаеце, што расслабляцца нам нельга. Таму што такое расслабленне ператвараецца ў галавацяпства і безадказнасць, а яно потым дорага каштуе дзяржаве і народу. Не дай бог, ваенны час. Вы ведаеце, што было ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Сёння мы ўжо многае ведаем, чаму, няхай нават вельмі ўзброеная, фашысцкая армія на працягу двух месяцаў, а тое і менш, прайшла праз усю Беларусь. Гэта не таму, што Беларусь дрэнная ці народ, а таму, што мы дапусцілі галавацяпства. Хто ў адпачынак, хто туды, хто сюды, і пра вайну забаранялі наогул размаўляць. Каб не справакаваць, не пакрыўдзіць... Уціхамірвалі. Вось і атрымалі. Таму з усяго трэба рабіць адпаведныя высновы, каб не было потым балюча".
![]()
Па выніках нарады Прэзідэнт Беларусі правёў кадравыя назначэнні ў кіраўніцтве Узброеных Сіл.
Аляксандр Вальфовіч, які раней займаў пасаду камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл, назначаны першым намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл.
Камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання стаў Андрэй Жук. Да гэтага часу ён займаў пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.
У сваю чаргу намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл назначаны Ігар Дземідзенка, які раней узначальваў інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне Генштаба.
Леанід Касінскі назначаны памочнікам Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах - начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны. Раней ён быў першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны - начальнікам упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.