Нарада аб рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі
- 1
Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі створаць у Беларусі. Такое рашэнне прынята па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку 27 сакавіка.
"Мне прадстаўлены праект указа, які прадугледжвае стварэнне сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Такія сістэмы дзейнічаюць у многіх дзяржавах, дзе паказалі ўжо сваю эфектыўнасць. Відавочна, што ў нас укараненне аўтаматызаваных працэсаў выяўлення розных падзей, якія нясуць пагрозу, аналізу інфармацыі, што паступае, дасць магчымасць значна павысіць узровень правапарадку, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Акрамя таго, гэта дасць магчымасць вызваліць значную колькасць работнікаў і рэсурсаў, занятых у адпаведных сферах. Гэта значыць, аптымізаваць структуры канкрэтных дзяржаўных органаў, чым мы, дарэчы, цяпер актыўна займаемся".
Аднак, заўважыў Прэзідэнт, ёсць шэраг пытанняў, якія неабходна дэталёва абмеркаваць, перш чым прымаць адпаведнае рашэнне. "У нас ужо ёсць дзеючая сістэма відэанагляду, ёсць тэлекамунікацыйныя сеткі, ёсць адпаведнае абсталяванне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паўстае пытанне: чаго ў гэтай сістэме не хапае? Якія дадатковыя магчымасці мы атрымаем з уводам у строй новай сістэмы? Чаму гэту сістэму не стварыць пад эгідай дзяржаўнага органа, які і стане ўладальнікам адпаведнага інфармацыйнага рэсурсу? Я не думаю (а можа, вы прадставіце дадатковыя аргументы на карысць сваёй прапановы), што ўсё гэта трэба сканцэнтраваць у руках прыватнага аператара".
"Такую сістэму, якая ў нас існуе, трэба не проста мадэрнізаваць, а давесці да сучаснага ўзроўню, каб мы маглі атрымаць ад яе максімальную аддачу", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту было даложана аб тым, якія затраты спатрэбяцца для стварэння тэхнічнага комплексу, як прапануецца яго фінансаваць і якім чынам ён будзе эксплуатавацца ў далейшым. Сваё бачанне праекта прадставілі кіраўнікі ўсіх зацікаўленых дзяржорганаў.
Было падкрэслена, што ўкараненне ў краіне такога тэхнічнага прадукту дасць магчымасць у разы павялічыць магчымасці адпаведных структур па забеспячэнні грамадскай бяспекі і аператыўным рэагаванні на некаторыя прыродныя з'явы.
Па выніках нарады прынята рашэнне стварыць у Беларусі рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка даручыў дадаткова прапрацаваць шэраг аспектаў, звязаных з практычнай рэалізацыяй праекта і далейшай эксплуатацыяй гэтай сістэмы.