Нарада аб прымаемых мерах па аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу актывізаваць работу па аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны ў краіне. На гэтым ён акцэнтаваў увагу 22 верасня на нарадзе аб прымаемых мерах па аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны ў існуючых ветэрынарных умовах.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на гэта пытанне трэба глядзець з пункту гледжання ўзрастаючага попыту на свініну за межамі краіны і максімальна выкарыстоўваць кан'юнктуру рынку.

Прэзідэнт перакананы, што для аднаўлення аб'ёмаў вытворчасці ёсць усе неабходныя ўмовы. Напрыклад, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі пабудаваны і функцыянуюць магутныя свінагадоўчыя комплексы, прадукцыя якіх не толькі паступае на ўнутраны рынак, але і экспартуецца.

"Аднаўленне аб'ёмаў вытворчасці свініны - у ліку пытанняў эканамічнай і харчовай бяспекі краіны", - заявіў Прэзідэнт. Прычым вырашыць гэту задачу неабходна да 1 красавіка 2015 года.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што не павінна быць паўтарэння памылак, якія былі дапушчаны ў ільнаводчай галіне, калі "бралі пад казырок і рабілі на 10-30%, а часам наогул нічога не рабілі". "Калі мы ў кантрольным плане прыходзілі да гэтага пытання, то нам і абмяркоўваць было няма чаго", - нагадаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу на тое, што ёсць прапановы вучоных па аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны ва ўмовах ветэрынарнай нестабільнасці.

Па-першае, неабходна поўнасцю ўкамплектаваць свінагадоўчыя комплексы, пабудаваныя ў 2013-2014 гадах. Паводле слоў Прэзідэнта, недаўкамплектаванне гэтых комплексаў блізкае да злачынства, і абсалютна недапушчальна тэрытарыяльнай раз'яднанасці - калі ў адной гаспадарцы няма памяшканняў для адкорму парасят, а дзесьці комплексы пустуюць.

Па-другое, неабходна павысіць эфектыўнасць дзеючых комплексаў за кошт строгага выканання тэхналогій гадоўлі, каб атрымліваць добрае прыбаўленне ў вазе.

Па-трэцяе, трэба паскорыць завяршэнне будаўніцтва новых комплексаў і запоўніць раней выведзеныя з эксплуатацыі. "Не чакайце, што нехта прыйдзе і вам пабудуе. Даставайце з усіх кішэняў грошы і заканчвайце гэтыя комплексы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, месцы для адкорму, якіх не хапае, можна атрымаць за кошт будаўніцтва хуткаўзводзімых каркасна-тэнтавых ангараў. Прычым вырашаць гэту задачу трэба да надыходу халадоў. "Таму неадкладна, калі вы прынялі рашэнне, пачынайце аднаўляць, прычым за капейкі, ніхто вам вялікіх грошай на гэта не дасць, такія свінагадоўчыя комплексы або фермы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што вучоныя прапрацавалі варыянты паскоранага ўзнаўлення племянных свіней.

"Што датычыцца эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі, то мінула крыху больш за год з дня правядзення нарады, на якой мы яе разглядалі і выпрацоўвалі меры па барацьбе з вірусным захворваннем свіней, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Тады вызначыліся, што і як трэба рабіць. У прыватнасці, ліквідаваць ачагі гэтай заразы і крыніцы захворвання ў дзікай прыродзе. Прычым, зачышчаючы ачагі, трэба па-чалавечы ставіцца да людзей, чые інтарэсы гэта закране. Нельга забываць і пра беражлівае стаўленне да прыроды і жывёл". Прэзідэнт перасцярог ад бяздумных адносін у гэтым пытанні: "У нас так: пайшлі фронтам, дзе не атрымліваецца адстрэліць дзіка - спалім лес, высечам яго". Зразумела, такога быць не павінна.

Паколькі гэта праблема датычыцца не толькі Беларусі, а многіх іншых краін, яе трэба вырашаць комплексна.

Сярод важных мер - забеспячэнне няўхільнага выканання тэхналагічнай дысцыпліны і санітарных патрабаванняў як на жывёлагадоўчых аб'ектах, так і ў асабістых падворках. Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць узважанага падыходу ў пытанні знішчэння свіней на асабістых падворках. У прыватнасці, трэба больш праводзіць растлумачальную работу, а не знішчаць усё пагалоўе. "Тут трэба акуратна падыходзіць, і гэтыя пытанні павінны вырашаць старшыні райвыканкамаў, а не міністр сельскай гаспадаркі і харчавання і віцэ-прэм'ер", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца жывёлагадоўчых комплексаў і памяшканняў, то там павінен быць ідэальны парадак. Яны павінны быць агароджаны, там павінны дакладна выконвацца санітарныя патрабаванні, чаго цяпер пакуль няма", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў існуючых умовах не трэба ствараць залішнія нязручнасці насельніцтву. "А вось тых, хто на комплексах працуе, папярэдзіць, аж да крымінальнай адказнасці, што ў іх на падворках не павінна быць ніякіх свіней, ніякіх парасят, і калі трэба, даць кожнаму бясплатна, хто працуе на комплексе, паўкабана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт прызнаў, што часам мерапрыемствы праводзіліся агулам. "І тое, да чаго прыйшлі, - гэта ў асноўным наша інерцыя: вось мы пачалі ісці і ідзём, гэта ж не сваё, не прыватнае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што нельга завозіць кармы для свіней з-за межаў краіны, паколькі ёсць рызыка, што яны могуць быць заражаны ўзбуджальнікамі захворвання. Тым больш што ў краіне вырабляюцца айчынныя грануляваныя кармы, якія праходзяць неабходную апрацоўку. Змагацца з гэтым вірусным захворваннем свіней трэба, выконваючы санітарныя ўмовы і тэхналагічныя прыёмы. "Рэцэпты простыя, іх трэба выконваць, - сказаў Прэзідэнт. - Сёння я хачу пачуць ад прысутных, перш за ўсё ад урадавага штаба, да якіх вынікаў мы прыйшлі, якая абстаноўка ў рэгіёнах. Праваахоўныя органы атрымалі заданне кантраляваць і рэгулярна дакладваць, як выконваюцца прынятыя рашэнні - ад работы з насельніцтвам да парадку на комплексах".

Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы далажыў аб эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі і мерах, што прымаюцца ў краіне па барацьбе з віруснымі хваробамі свіней, а таксама аб ходзе выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы аб аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны. Паводле яго слоў, да канца бягучага года вытворчасць свініны складзе 480 тыс. т, а да 1 красавіка 2015 года плануецца выйсці на 124 тыс. т.

Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў расказаў аб мерах, што прымаюцца ў рэгіёне па ўстараненні і прафілактыцы ачагоў афрыканскай чумы свіней і аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны. Ён адзначыў, што ў Гродзенскай вобласці вырабляецца чвэрць усёй свініны ад агульных аб'ёмаў па краіне, і ў 2015 годзе тут плануецца выйсці на аб'ёмы вытворчасці свініны, якія былі да з'яўлення АЧС, а менавіта 112 тыс. т.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што губернатары ў пытанні аднаўлення пагалоўя свіней не павінны разлічваць на сродкі рэспубліканскага бюджэту. "Не спадзявайцеся на рэспубліканскі бюджэт! Атрымаецца - дапаможам, але спадзявайцеся і разлічвайце перш за ўсё на сябе", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сёння свініна карыстаецца попытам як унутры краіны, так і за яе межамі, і на гэтым можна зарабіць вялікія грошы.

"Мы за тры гады можам акупіць усе гэтыя мерапрыемствы. Тры гады акупнасць праектаў - такіх у нафтавай галіне няма! Па прыродным газе праекты на 8-10 гадоў акупнасці! - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І самае галоўнае: вырабляць сёння трэба тую прадукцыю, якая карыстаецца попытам на рынку".

З прапановамі па хуткім аднаўленні аб'ёмаў вытворчасці свініны выступіў генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Мікалай Папкоў. На яго думку, пільную ўвагу трэба звярнуць на пытанні ўзнаўлення свіней і іх адкорму, а таксама забеспячэнне якаснымі камбікармамі.

Губернатары прызналі, што з-за АЧС давялося закрыць невялікія свінакомплексы, аднак гэта не адбілася негатыўна на эканамічных паказчыках.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што яго не хвалюе закрыццё гэтых комплексаў.

"Вось гэта няшчасце нас падштурхнула да канцэнтрацыі свіней на нармальных комплексах, больш буйных, - сказаў ён. - Нас бяда падштурхнула да таго, што мы цяпер гэтыя маленькія фермы закрываем, а будуем у наступным годзе дадаткова па адным-два комплексе ў кожнай вобласці, і мы адновім пагалоўе і нават перавысім".

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч далажыў аб рэалізацыі сістэмы кантролю за станам спраў з ліквідацыяй АЧС і іншых захворванняў жывёл у мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў будучым годзе неабходна атрымаць 700 тыс. - 1 млн парасят, адкарміць іх, аднавіць свінапагалоўе і аб'ёмы вытворчасці свініны.

"Рынак паступова будзе запаўняцца. Ніхто нас там чакаць не будзе. Але калі мы першымі паспеем на рынак са сваёй свінінай, мы будзем мець вялікія грошы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Тое, што мы будзем жыць у гэтых умовах яшчэ доўга, - гэта факт. Самае рэальнае тое, што ў гэтых умовах мы павінны спакойна працаваць. Прытым, што гэта зараза, пра якую мы вельмі гучна гаворым, для чалавека абсалютна бясшкодная, і пры тэрмічнай апрацоўцы нават заражанага мяса. Але нам заражаная свініна не патрэбна, яна павінна быць чыстай", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў якасці прыкладу па гадоўлі свіней мясцовыя ўлады павінны арыентавацца на гаспадарку НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі.