Нарада аб мерах дзяржаўнай дапамогі спартыўным арганізацыям

  • 4

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць праект новага Указа аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту, які павінен максімальна забяспечыць справядлівыя ўмовы іх функцыянавання і эфектыўнае размеркаванне дзяржаўных сродкаў. Такую задачу Прэзідэнт паставіў 29 студзеня на нарадзе аб мерах дзяржаўнай падтрымкі спартыўных арганізацый.

У пачатку нарады Прэзідэнт нагадаў, што ў маі 2011 года адбылася прынцыповая размова аб эфектыўнасці сістэмы падтрымкі ў сферы фізічнай культуры і спорту. "Тады мы выпрацавалі нейкую формулу падтрымкі клубаў, накіраваную, перш за ўсё, на стымуляванне самастойнага заработку спартыўнымі арганізацыямі сродкаў. Дзяржаўнае фінансаванне было вырашана прывязаць да вынікаў канкрэтнага клуба, калектыву і спартсмена", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама было вызначана, што органы ўлады на месцах падключацца і пачнуць кантраляваць выкарыстанне дзяржаўнай падтрымкі ў спорце. "І не проста кантраляваць, але і прымаць меры па павелічэнню даходаў ад уласнай фінансава-гаспадарчай дзейнасці шляхам давядзення адпаведных заданняў да спартыўных арганізацый", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. У якасці важнага напрамку была абазначана работа па фінансаванню дзіцяча-юнацкага спорту і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы.

"Менавіта для вырашэння гэтых задач быў прыняты Указ Прэзідэнта (ад 3 лістапада 2011 года нумар 497) аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту, які дзейнічаў да канца 2012 года", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Прэзідэнт папярэдзіў прысутных: "Я не хацеў бы, каб гэта нарада ператварылася ў чарговае выбіванне грошай для спартыўных арганізацый, клубаў і спартсменаў на бягучы год або нейкі наступны перыяд. Гэтага не будзе". Прэзідэнт запатрабаваў ад службовых асоб, адказных за развіццё спорту ў краіне, далажыць аб тым, як спрацавала новая формула падтрымкі спорту, ці дасягнуты мэты, закладзеныя ва Указе, і якія захады трэба зрабіць для ўдасканалення ўмоў падтрымкі ў гэтай сферы. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што так званая сярэдняя тэмпература па бальніцы яго не цікавіць. "Я хацеў бы і патрабую дэталёвай справаздачы, зыходзячы з дзейнасці кожнай спартыўнай арганізацыі. Прыхарашыць агульную карціну за кошт толькі часткі паспяховых і дзейных сёння ўжо не ўдасца".

"У мяне ёсць папярэднія вынікі планавай праверкі дзевяці клубаў па гульнявых відах спорту і маніторынгу выканання Указа, прадстаўленыя Камітэтам дзяржкантролю. І яны, шчыра кажучы, не ўражваюць, - адзначыў Прэзідэнт. - Не ўсе клубы сёння гатовы да самастойнай работы па прыцягненню пазабюджэтных крыніц фінансавання. Адсюль - складанасці ў развіцці сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы і ў аказанні дапамогі дзіцяча-юнацкаму спорту. А без гэтага ні на якія вынікі яны не могуць разлічваць. І няхай не спадзяюцца ўвесь час вісець на шыі ў дзяржавы!"

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што мясцовыя ўлады са свайго боку яшчэ не забяспечылі належны кантроль за дзейнасцю спартыўных арганізацый. "Як мне дакладваюць, адысці ад заганнай практыкі, калі за каштарыс ніхто не адказвае, да гэтага часу не ўдаецца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на работу Міністэрства спорту і турызму: "Мінспорту таксама неабходна дакладна абазначыць прыярытэты развіцця спорту ў краіне і кантраляваць іх рэалізацыю на месцах. Выбудаваць работу такім чынам, каб тыя, хто паказвае высокія спартыўныя вынікі і нядрэнныя паказчыкі гаспадарчай дзейнасці, былі сярод першых атрымальнікаў дзяржаўнай падтрымкі".

"Інакш кажучы, ёсць абгрунтаваныя сумненні, што чыноўнікам ад спорту ўдалося забяспечыць выкананне ўсімі арганізацыямі галіны сваіх абавязацельстваў па Указу Прэзідэнта. Мы не можам закрываць на гэта вочы, улічваючы нагрузку, якую нясуць бюджэт і беларускія прадпрыемствы, аказваючы дапамогу гэтай сферы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе абмяркоўвалася рэалізацыя Указа "Аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту". У цэлым меры падтрымкі, прадугледжаныя ў дакуменце, даказалі сваю эфектыўнасць, у першую чаргу, у пытанні забеспячэння ўстойлівай дынамікі развіцця гульнявых відаў спорту ў краіне ў цэлым. Разам з тым у ходзе рэалізацыі Указа выяўлены шэраг "вузкіх месц", перш за ўсё пры яго выкананні канкрэтнымі атрымальнікамі фінансавай дапамогі. Дакумент дзейнічаў да канца 2012 года, а таму ўзнікла неабходнасць абмеркаваць умовы і магчымасць яго прадаўжэння і ўнясення некаторых змяненняў і дапаўненняў.

Віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік канстатаваў, што ў Беларусі ў цэлым склалася даволі эфектыўная мадэль дзяржаўнай падтрымкі спартыўнай галіны і канкрэтных арганізацый, якая з прыняццем указа нумар 497 набыла завершанасць, прастату і празрыстасць. "Было адменена абавязковае прымацаванне прадпрыемстваў і арганізацый да спартыўных клубаў і федэрацый, а спартыўныя арганізацыі арыентаваны на забеспячэнне ў 2015 годзе не менш як 50 працэнтаў сваіх патрэб за кошт уласных даходаў, а таксама на тое, каб даказваць патэнцыяльнаму спонсару сваю плацежаздольнасць, а не патрабаваць гэтай дапамогі", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Пасля прыняцця Указа значна павялічыліся даходы ад уласнай дзейнасці клубаў і федэрацый. Разам з тым не ўвесь прадугледжаны дакументам механізм пачаў працаваць так, як планавалася. Так, значная частка клубаў не накіравала як мінімум 25 працэнтаў ад атрыманай па Указу льгатаванай спонсарскай дапамогі на развіццё дзіцяча-юнацкага спорту і спартыўнай інфраструктуры. "У самім Указе закладзена эфектыўная санкцыя. Па выніках 2012 года падатковыя органы правядуць адпаведныя праверкі, і клубы, якія не выйшлі на 25 працэнтаў, абавязаны будуць выплаціць усе падаткі, па якіх былі прадастаўлены льготы", - заявіў Анатоль Тозік.

Што датычыцца задачы па выхаду на не менш як 50 працэнтаў фінансавання за кошт уласнай дзейнасці, віцэ-прэм'ер прапанаваў уключыць у гэтыя разлікі і тыя сродкі, якія клубы атрымліваюць ад міжнародных федэрацый, у тым ліку за вынікі выступленняў. Урад таксама прапанаваў некаторыя меры, накіраваныя на эфектыўны кантроль у гэтым пытанні.

Асобна Анатоль Тозік акцэнтаваў увагу на сітуацыю з узроўнем зарплаты ў клубах па гульнявых відах спорту. "Клубы маюць права самастойна вырашаць гэтыя пытанні па дасягненню высокіх спартыўных вынікаў. Разумею, што зарплаты ў гэтых клубах павінны быць даволі высокімі і, можа, нават вельмі высокімі, калі яны самі сябе ўтрымліваюць", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Разам з тым ён лічыць, што, выкарыстоўваючы бюджэтную падтрымку і льгатаваную дапамогу, атрымліваць вельмі высокую зарплату таксама нелагічна і тут неабходны нейкі абмежавальнік або рэгулятар.

Паводле слоў старшыні КДК Аляксандра Якабсона, нягледзячы на значны рост (больш як у 2 разы да ўзроўню 2011-га) даходаў клубаў у 2012 годзе, у тым ліку ад гаспадарчай дзейнасці, засталіся асобныя праблемы ў атрыманні і выкарыстанні дзяржаўнай падтрымкі. Па-ранейшаму больш як 70 працэнтаў даходаў клубаў фарміраваліся з бюджэтных крыніц і спонсарскай дапамогі. Паступленні ад гаспадарчай дзейнасці склалі ўсяго 13,5 працэнта. Пры гэтым кожны чацвёрты клуб наогул не меў даходаў ад гаспадарчай дзейнасці і не імкнуўся да іх атрымання, хоць указам для гэтага былі створаны ўсе магчымасці.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане адзначыў недапрацоўкі кіраўнікоў федэрацый па відах спорту, якія займаюць высокія дзяржаўныя пасады і маюць адпаведныя рэсурсы. Старшыня Мінаблвыканкама і кіраўнік Беларускай федэрацыі валейбола Барыс Батура згадзіўся, што "мясцовым органам улады і федэрацыям трэба больш жорстка ставіць гэтыя пытанні".

У расходнай частцы клубаў амаль палавіну займае заработная плата. Як паказваюць праверкі КДК, сродкі падтрымкі, што паступаюць ад прадпрыемстваў і з бюджэту, часта траціліся клубамі з парушэннямі.

Сярод іншых праблем Аляксандр Якабсон адзначыў недапрацоўкі ў развіцці дзіцяча-юнацкага спорту, што негатыўна ўплывае на будучыя спартыўныя вынікі. Адначасова з гэтым ёсць пытанні і да прыцягнення ў клубы легіянераў. "Ужо сёння ў асобных футбольных клубах удзельная вага легіянераў у складзе каманд складае да 30 працэнтаў. Інакш кажучы, імпартазамяшчэннем у спорце мы пакуль прадметна не займаемся", - падкрэсліў старшыня КДК.

У мэтах сістэматызацыі нарматыўнай базы па пытаннях дзейнасці спартыўных арганізацый Аляксандр Якабсон прапанаваў распрацаваць адзіны заканадаўчы акт, паколькі цяпер толькі па агульных пытаннях фізічнай культуры і спорту дзейнічае амаль 170 нарматыўных прававых актаў.

Асобнае даручэнне Аляксандр Лукашэнка даў адносна спонсарскай падтрымкі. "Па спонсарству нам трэба яшчэ паглядзець і спонсарскія сродкі дзяржпрадпрыемстваў прыраўнаваць да бюджэтнай падтрымкі. Дзяржпрадпрыемствы, напэўна, больш за ўсё спансіруюць. Гэта павінна таксама лічыцца як дзяржпадтрымка", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар унёс прапанову зменшыць памеры падтрымкі клубаў першай і другой лігі. "Мы павінны працаваць на вышэйшую лігу і зборныя каманды краіны", - адзначыў губернатар.

Кіраўнік дзяржавы не выключыў такой магчымасці, але параіў дзейнічаць асцярожна. Калі, напрыклад, у гэтых камандах у асноўным гуляюць узроставыя спартсмены на аматарскім узроўні, то такі падыход апраўданы. Але падтрымка неабходна, калі "гэта будучае папаўненне і мы адтуль нешта чэрпаем". Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што ў невялікіх гарадах таксама ёсць балельшчыкі, якія ходзяць на матчы і ганарацца сваімі камандамі.

З шэрагам прапаноў на нарадзе выступіў губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра. Ён, у прыватнасці, узняў пытанні трансфераў і зарплат спартсменаў, адзначыўшы, што тут ідзе барацьба эканомік клубаў за ігракоў. Пры гэтым кошт асобных легіянераў з замежных краін аказваецца нават ніжэйшым, часта пры больш высокім класе гульні. Губернатар таксама прапанаваў увесці абмежаванні па прыцягненню легіянераў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за мяжой, у тым ліку ў НХЛ, ёсць пэўныя абмежаванні па бюджэту заработнай платы: "За мяжой гэта ўжо выпакутавана. Я толькі не разумею, чаму кіраўнікі федэрацый і ўрад не пераносяць гэта на нашу зямлю?!"

"Ніякага прадаўжэння Указа не будзе, пакуль вы гэта не адрэгулюеце, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Фонд зарплаты павінен быць вызначаны. І ён павінен быць выраўнаваны. А за кошт добрай гульні, перш за ўсё высокага месца, якое ты заняў, можаш атрымаць даплату са спонсарскіх і іншых сродкаў. А калі мы наогул не абмяжуем гэтыя апетыты па заработнай плаце, не прывязаўшы іх да чаго-небудзь, мы будзем незразумела на што гэтыя грошы расходаваць. Тады ні спартыўныя школы, ні матэрыяльная база нічога не атрымаюць. Павінна быць пэўная шкала ва ўсіх, каб гэта было зразумела".

"Самыя высокааплатныя ў нас - гэта хакеісты і футбалісты, а вынік амаль адваротны", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адносна легіянераў Прэзідэнт згадзіўся, што трэба абмежаваць іх колькасць у клубах па гульнявых відах спорту, але гэта пытанне павінна вырашацца індывідуальна для каманд, якія паказваюць вынікі на міжнародных спаборніцтвах.

"І следам запішыце яшчэ адно: ніводнага функцыянера замежнага ў клубах быць не павінна, накшталт трэнераў, другіх трэнераў, менеджараў і іншых. У нас сёння футбалісты і хакеісты ходзяць без справы, работу некаторыя просяць. У нас што, сваіх хлопцаў няма? Але, вядома, напружваць, каб працавалі", - даручыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён удакладніў, што гэта не адносіцца да зборных каманд або, напрыклад, хакейнага клуба "Дынама-Мінск", якія выступаюць на вышэйшым узроўні. Аднак і там неабходна максімальна прыцягваць айчынных спецыялістаў: "Наверсе галоўны трэнер, а да яго шлейф з 4-5 сваіх трэнераў". Кіраўнік дзяржавы таксама не выключыў, што ў крайнім выпадку і для іншых клубаў дапушчальныя некаторыя выключэнні.

Старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Сяргей Румас выказаў апасенні, каб абмежаванні ў частцы спонсарскай дапамогі і заработнай платы не шкодзілі клубам. "Калі клуб знаходзіць крыніцы, знаходзіць спонсараў, няхай плаціць. Бо калі б БАТЭ не меў магчымасці прыцягваць спонсараў і атрымліваць добры бюджэт, няўжо ён выйшаў бы ў групавы этап і так удачна згуляў? Не, не было б гэтага, - адзначыў ён. - Сёння ў дакументах прадстаўлена, што ў БАТЭ высокая зарплата - Br225 млн. Але нідзе няма зноскі, што 80 працэнтаў таго бонусу, які яны атрымалі за выхад у групавы этап, яны накіравалі на выплату ўзнагароджання. Гэта не бюджэтныя грошы. Без гэтага бонусу зарплата была б у 3 разы ніжэйшая".

"Мы і не гаворым аб тым, што зарабілі за мяжой, і аб тым, што даў прыватнік, - парыраваў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ласка, БАТЭ гэта зарабіў. Толькі трэба пры гэтым не забываць, што ёсць матэрыяльная база і дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы - крыніца далейшага росту ў БАТЭ. Таму гэта таксама трэба бачыць. Але мы не супраць, няхай БАТЭ зарабляе".

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што размова ідзе менавіта аб стварэнні роўных умоў, а ўзровень зарплат павінен залежаць ад вынікаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў перапрацаваць падыход да назначэння розных стыпендый спартсменам, у тым ліку пераможцам Алімпійскіх гульняў. "Ён можа атрымліваць прэзідэнцкую стыпендыю, але павінен гэты вынік пацвярджаць на чэмпіянатах Еўропы і свету. Стыпендыя - гэта падтрымка, разлічаная на тых, у каго няма грошай, хто ў ёй мае патрэбу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з фінансавымі пытаннямі Аляксандр Лукашэнка адзначыў і неабходнасць проста па-чалавечы ўдзяляць спорту ўвагу з боку прадстаўнікоў улады: "Я хаджу на матчы не таму, што мне няма чаго больш рабіць або глядзець. Я вам паказваю прыклад, як вы павінны рабіць. Гэта частка жыцця. І калі ў нас нацыя далучана да спорту, трэба ўсяляк гэта імкненне падтрымліваць. Тады менш будуць піць, курыць, хадзіць па вуліцы з нажамі".

Такі падыход павінен быць і ў рабоце з канкрэтнымі спартсменамі. "Трэба ўдзяліць увагу спартсмену ў тым ліку, каб ён бачыў, што патрэбны краіне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе ў тым ліку былі абмеркаваны спосабы павелічэння глядацкай аўдыторыі матчаў нацыянальных чэмпіянатаў. Адзін з варыянтаў - арганізацыя інтэрнэт-трансляцый гэтых гульняў, што не запатрабуе выдзялення вялікіх дадатковых сродкаў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым плане яшчэ ёсць нявыкарыстаныя рэзервы і на тэлебачанні: "Гэта пытанне арганізацыі. Гэта не фінансавае пытанне". Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў той факт, што нават гульню беларускай тэнісісткі Вікторыі Азаранка ў фінале адкрытага чэмпіянату Аўстраліі не многія гледачы маглі бачыць. "Што, нельга было паказаць на другім канале (Белтэлерадыёкампаніі) гэту гульню? Можна было", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, СМІ належыць важнейшая роля ў папулярызацыі спорту. Ён даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэю Кабякову і віцэ-прэм'еру Анатолю Тозіку прапрацаваць гэта пытанне.

На нарадзе свае прапановы і пазіцыю па пытаннях, што абмяркоўваліся, таксама выказалі старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін, першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Рачкоўскі, старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда і кіраўнік Беларускай федэрацыі баскетбола Віктар Камянкоў, віцэ-прэзідэнт НАК і старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў і іншыя.

Падводзячы вынік нарады, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за спорт у краіне перад Прэзідэнтам у першую чаргу адказваюць міністр, першы віцэ-прэзідэнт НАК і памочнік: "Гэта тройка - ядро, якое за гэта адкажа. Улічыце ўсё, што я сказаў. Я не адступлю ад сваёй пазіцыі".

"Таму калі Указ і будзе прадоўжаны, то з пэўнымі дапаўненнямі і змяненнямі. Яго трэба, дарэчы, не дапаўняць і змяняць, а выкласцi ў новым выглядзе ад "а" да "я". Усіх трэба паставіць у роўнае канкурэнтнае асяроддзе. Я не кажу, што ўсіх ураўнаваць. Планка для ўсіх пастаўлена аднолькавая, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Змяненні трэба ўносіць па заработнай плаце і даплачваць за вынік, але там таксама не шалёныя павінны быць грошы. Узровень заработнай платы не павінен удушыць усё жывое, але і ён не павінен быць цераз край у спартсменаў і павінен залежаць у канчатковым выніку ад рэзультатаў. Таму выпрацуйце гэты бар'ер і пастаўце ўсіх у роўнае канкурэнтнае асяроддзе. І, па-трэцяе, грошы дзяржавы, мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў, спонсарская падтрымка дзяржпрадпрыемстваў - гэта адзінае цэлае. Усім, што вы заробіце ад спонсарства прыватных кампаній і ад гаспадарчай дзейнасці, - распараджайцеся, гэта вашы грошы, мы ў гэта не лезем".

"І з тымі, хто не выканаў умову па ўказу, - размова строгая. Як прапісана, так павінна быць. Яны не павінны ад нас атрымліваць ніякіх дадатковых сродкаў. І паглядзіце, каб у гэтым указе адказнасць клубаў і спартсменаў была адпаведная. Калі там па губернатарах і службовых асобах, федэрацыях будзе нейкі пункт, гэта таксама нядрэнна, каб яны адчувалі адказнасць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў усе ўказы, якія рэгулююць гэту сферу, аб'яднаць у адзін і дапрацаваць з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых і дадзеных на нарадзе даручэнняў. У сувязі з гэтым Анатоль Тозік адзначыў, што цяпер вядзецца работа над спартыўным кодэксам. "Галоўныя пытанні, што датычацца фінансаў, якія паўплываюць на рэзультатыўнасць клубаў, трэба прапісаць у такім цэласным дакуменце, каб ён быў адзін. А калі мы распрацоўваем кодэкс, то трэба грамадскасць падключыць, каб паскорыць гэты працэс", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.