Нарада аб бягучай сітуацыі на рынку працы і сацыяльнай абароне насельніцтва

  • 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 мая на на нарадзе аб бягучай сітуацыі на рынку працы і сацыяльнай абароне насельніцтва запатрабаваў ад урада зрабіць усё магчымае і немагчымае для захавання кваліфікаваных кадраў.

Прэзідэнт нагадаў прысутным, і асабліва ўраду, аб першараднай задачы: "Як бы ні было цяжка, неабходна захаваць кваліфікаваныя кадры. Для гэтага трэба зрабіць не толькі ўсё магчымае, але і немагчымае”.
 
На нарадзе прадметна разглядалася сітуацыя на рынку працы Беларусі. "Гэта тэма асабліва актуальная, паколькі закранае інтарэсы многіх людзей і ўплывае на стабільнасць грамадства і дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што яму дакладваюць аб трывожных тэндэнцыях у гэтай сферы. "Скарачаецца колькасць занятага насельніцтва, ды і няпоўная занятасць расце", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад удзельнікаў нарады аб'ектыўнай ацэнкі ўзнікшай сітуацыі. Прэзідэнту было даложана аб прычынах узнікнення праблем, аб тым, што перашкаджае іх вырашэнню, і галоўнае, аб мерах, якія неабходна прыняць для забеспячэння занятасці і стабільнасці на рынку працы. Вывучэннем сітуацыі ў рэгіёнах займалася маніторынгавая група. На нарадзе было прадстаўлена яе бачанне прычын негатыўных з'яў.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад усіх прамоўцаў весці размову па сутнасці, не адыходзячы ад вострых пытанняў. "Неабходна выявіць сапраўдныя прычыны працэсаў, што адбываюцца, і выпрацаваць меры неадкладнага рэагавання", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы не можам дапусціць сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і ў працоўных калектывах. Гэта важнейшая задача ўрада, органаў улады на месцах. Справа не ў сацыяльнай напружанасці. Справа ў тым, што кожны чалавек павінен мець права на работу, магчымасць атрымаць гэту работу як сродак даходаў, каб утрымліваць сям'ю. Вось і ўся праблема", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнту было даложана, што сітуацыя на рынку працы ў Беларусі кіруемая і даволі стабільная. Прынятыя раней і прымаемыя меры даюць магчымасць утрымліваць беспрацоўе ў сацыяльна прымальных межах, а таксама забяспечваць неабходныя гарантыі і кампенсацыю насельніцтву. У немалой ступені на ўзровень беспрацоўя паўплывала прыняцце ў красавіку 2015 года дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Пэўны ўплыў аказвае і знешняя працоўная міграцыя. Так, у 2014 годзе паток працоўных мігрантаў з Украіны павялічыўся ў 3 разы і склаў амаль 18 тыс. чалавек. У асноўным яны былі ўладкаваны па рабочых спецыяльнасцях. Сітуацыя на рынку працы ў гэтай частцы знаходзіцца пад кантролем.

Разам з тым пад уздзеяннем знешніх крызісных фактараў сфарміраваліся негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы. На шэраг прадпрыемстваў пераважна ў прамысловай і будаўнічай галінах яны паўплывалі даволі значна. У той жа час пераважная большасць прадпрыемстваў знаходзяць выйсце са становішча, спраўляюцца з крызіснымі з'явамі ўласнымі сіламі.