Нарада аб бягучай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне
- 1
Выбары ў Беларусі павінны прайсці максімальна дэмакратычна, мірна, на высокім арганізацыйным узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 кастрычніка на нарадзе аб бягучай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне.
Прэзідэнт падкрэсліў, што выбары - важнейшая форма народнага волевыяўлення. "Яны павінны прайсці максімальна дэмакратычна, мірна, на высокім арганізацыйным узроўні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць так, як яны лічаць патрэбным, паколькі кожны голас важны для будучага краіны. "Мы абавязаны разумець, што, выбіраючы кіраўніка дзяржавы, мы вызначаем і далейшы шлях развіцця краіны. У яго аснове клопат аб нашых людзях, сем'ях, аб дастатку, спакойным жыцці, бяспецы", - адзначыў Прэзідэнт.
У Беларусі з савецкіх часоў прывыклі, што выбары - гэта свята для людзей. Для таго, каб сёлетняя выбарчая кампанія прайшла гэтак жа, ёсць усё, гэта не запатрабуе ніякіх затрат - ні па лініі культуры, ні па лініі гандлю, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што арганізатары выбараў не імкнуцца такім чынам некага задобрыць: "Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. Беларусы не дурні, яны цудоўна разумеюць. Калі мы пачынаем іх залішне задобрываць, у іх з'яўляюцца пытанні - навошта і чаму. Таму не трэба рабіць ніякіх глупстваў. Трэба ісці на выбары так, як ёсць, але ўлічваючы, што гэта экзамен, - проста дашліфаваць усё, падцягнуць і на ўзроўні правесці, каб людзі ішлі на выбары як на свята".
"А ўжо іншаземцы няхай ацэньваюць, як хочуць - гэта іх справа і іх права. У іх гэта па-іншаму, нейкае шоу. Нам шоу арганізоўваць не трэба", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Выбары ў краіне будуць праводзіцца па беларускім заканадаўстве, па Канстытуцыі, і ніхто не мае права адступаць ад гэтых законаў, прадоўжыў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі гатовы выслухаць меркаванне Захаду наконт выбарчага права і адкарэкціраваць яго, калі прапановы будуць разумныя і прымальныя, не будуць супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству. У гэтым плане беларускі бок ужо нямала зрабіў.
Прэзідэнт заклікаў усіх, хто непасрэдна нясе адказнасць за арганізацыю і правядзенне выбарчай кампаніі, максімальна мабілізавацца, каб яна прайшла бездакорна. "Неабходна выканаць усе ўзятыя намі абавязацельствы, у тым ліку забяспечыць нармальную бесперашкодную дзейнасць і сваіх, і замежных наглядальнікаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Гэта выбарчая кампанія праходзіць у няпростых эканамічных умовах. "Усім даводзіцца эканоміць, скарачацца, зніжаць сабекошт", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што на гэту праблему ў час саміту ААН звярталі ўвагу лідары вялікіх дзяржаў. Тым не менш прымаемыя ўрадам меры не павінны негатыўна ўплываць на людзей, запатрабаваў Прэзідэнт. "Зарплаты, пенсіі, іншыя сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы з'яўляюцца прыярытэтам, як і цэны, экспарт, дэбіторская запазычанасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады Кіраўніку дзяржавы было даложана аб зробленых захадах па пералічаных напрамках. Выпрацаваны і рэалізуюцца меры па забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці, захаванні неабходнага ўзроўню сацыяльнай абароны насельніцтва.
На гэтым этапе ўжо можна гаварыць, што яны далі магчымасць пазбегнуць далейшага зніжэння тэмпаў эканамічнага росту. Паводле разлікаў урада, у ліпені Беларусь прайшла ніжні пункт, эканоміка ўступіла ў стадыю аднаўленчага росту. Аднак рэзкая дэвальвацыя расійскага рубля ў жніўні, а следам за ёй і вымушанае змяненне курсу беларускага рубля адносна замежных валют унеслі некаторыя карэктывы. Але ёсць падставы лічыць, што пазітыўныя тэндэнцыі, якія намеціліся, захаваюцца.
Акрамя таго, у час нарады абмяркоўвалася палітычная абстаноўка ў краіне, настроі ў грамадстве, паводзіны грамадскіх фарміраванняў, атмасфера ў працоўных калектывах. Яшчэ адзін блок пытанняў датычыўся забеспячэння грамадскай бяспекі і правапарадку як у перыяд правядзення выбарчай кампаніі, так і пасля яе завяршэння. "Нельга дапусціць ніякіх правакацый, несанкцыянаваных акцый, процізаконных дзеянняў з боку розных дэструктыўных сіл", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Народ ужо на прыкладзе суседзяў наеўся і правакацый, і рэвалюцый", - дадаў ён.
Паводле слоў беларускага лідара, удзел у саміце ААН даў магчымасць яму яшчэ раз пераканацца ў тым, што "ідзе жорсткая барацьба не толькі за перадзел рэсурсаў, доступ да рэсурсаў, ідзе барацьба за перадзел свету". "Ідзе барацьба. Усе прыкрываюцца, прыгожыя словы гавораць, прапановы, заявы робяць, але падтэкстам гучыць уласны інтарэс кожнай дзяржавы. Асабліва ўладных людзей. Таму трэба быць заўсёды ўважлівымі, бачыць сваю краіну, свой народ, берагчы сваю краіну і народ. Мы павінны служыць гэтаму народу", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
![]()