Нарада аб актуальных пытаннях развіцця Беларусі
- 1
На змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, нарада абумоўлена тымі змяненнямі ў сусветнай эканоміцы і палітыцы, якія адбываюцца апошнім часам. "Усё выразней праяўляюцца новыя тэндэнцыі ў многіх краінах, пачынаючы з ЗША і Еўропы. Іх сутнасць у тым, што на змену глабальным інтэграцыйным працэсам прыходзіць усведамленне першаснасці нацыянальных інтарэсаў. Калі па-народнаму гаварыць, свет нацыяналізуецца", - сказаў ён.
У эканамічнай сферы гэта праяўляецца ў імкненні абараніць унутраныя рынкі, развіваць вытворчасць на сваіх тэрыторыях, абмяжоўваючы доступ канкурэнтам. У палітыцы ўвага больш канцэнтруецца на ўнутраных праблемах, якія набываюць усё большую вастрыню і напружанасць, аб чым сведчыць усплёск пратэстных настрояў у грамадстве і рост папулярнасці правых партый і палітыкаў. "Вы бачыце, што адбываецца ў Германіі, асабліва рэльефна гэта адлюстравана ў Францыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў", - прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь - краіна адкрытая, экспартна арыентаваная. Таму нам трэба ўлічваць новыя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць. Як яны ўплываюць на нашу эканоміку," - сказаў ён. Прэзідэнт адзначыў, што праглядаюцца як станоўчыя, так і негатыўныя аспекты. "У цэлым арыентацыя на прыярытэтнасць нацыянальных інтарэсаў адпавядае і нашым памкненням - гэта факт. Тут мы ідзём у рэчышчы сусветных тэндэнцый, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Аднак негатыўны бок такога працэсу ў тым, што цяпер сур'ёзна пагаршаюцца магчымасці выхаду нашай прадукцыі і паслуг на рынкі іншых краін, якія ўводзяць усё новыя бар'еры. І што насцярожвае, нашы дружалюбныя, блізкія, родныя краіны гэтым таксама не грэбуюць. Таму нам трэба знаходзіць шляхі пераадолення гэтых перашкод, максімальна захоўваючы традыцыйныя гандлёва-эканамічныя сувязі, шукаць новыя нішы для беларускага экспарту".
Перад удзельнікамі нарады Прэзідэнт таксама паставіў наступныя пытанні: як вядзецца работа па абароне ўнутранага рынку, наколькі поўна ён насычаны якаснай прадукцыяй, які эфект ад мер па імпартазамяшчэнні, што робіцца па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця айчыннага бізнесу, як выкарыстоўваюцца ўнутраныя рэзервы для вырашэння праблем, што ўзнікаюць.
"Дакладнага аналізу патрабуе і сацыяльна-палітычная абстаноўка ў краіне. Стабільнасць дзяржавы і спакой грамадства - важнейшыя каштоўнасці нашага народа!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў сваім уступным слове закрануў многія актуальныя пытанні, што датычацца як беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, так і ўнутраных тэм, якія шырока абмяркоўваюцца ў грамадстве.
Прэзідэнт запатрабаваў далажыць яму аб супрацоўніцтве з Расіяй, асабліва з улікам нядаўна праведзенага ў Бішкеку міжурадавага пасяджэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "Я, зразумела, у агульных рысах знаёмы. Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева (прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нас, дарэчы, палохаць пачынаюць ужо, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх цэнах. Нібыта, будзеце плаціць не $150, а $200. Гэта, ведаеце, падобна да таго, што намёк усім - у Расіі перш за ўсё, і ў Беларусі, - што мы з'яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак".
"Я таксама не хачу ў дэталі ўнікаць, але Мядзведзеў павінен разумець, што калі мы будзем плаціць як у Еўропе, то за сёе-тое яму таксама давядзецца заплаціць. І цана будзе неймаверна вышэйшай, чым цана на прыродны газ. Мне здавалася, і я думаю да гэтага часу, і, напэўна, пераважная большасць рускіх людзей і расіян думаюць і разумеюць, што нашы адносіны з Расіяй - гэта не бухгалтэрыя. Бухгалтэрыя тут і цана на прыродны газ, які не належыць Мядзведзеву, не павінна ляжаць у аснове нашых адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.
"У іх аснове ляжыць нешта большае. І каб ацэньваць гэтыя адносіны, трэба звярнуцца да сярэдзіны мінулага стагоддзя, калі мы трэцюю частку насельніцтва паклалі, ведаеце за што. А калі некаму хочацца нагнятаць сітуацыю і чарговы раз замест вырашэння пытанняў нас папракаць, не атрымаецца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым абазначыў, чаго менавіта хоча Беларусь у пытанні ўрэгулявання нафтагазавых адносін. "Скажу вельмі коратка і дакладна, чаго мы хочам: ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ. Нам трэба, каб кіраўніцтва брацкай Расіі выконвала свае абавязацельствы. Па змесце і па духу. Калі мы будуем наш саюз - адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць, - то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку. Усё, мы больш нічога не хочам", - сказаў Прэзідэнт.
"Калі нехта з разумнікаў там думае, што нас можна пастаянна нахіляць і ставіць на калені, гэтага не будзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Адказваючы на пытанне, якое пастаянна перад намі ставіцца па пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, я стаўлю канкрэтную задачу перад Прэм'ер-міністрам і Міністрам замежных спраў: мы павінны падрыхтаваць парадак дня гэтага пасяджэння і абазначыць там карэнныя пытанні, якія павінны сёння вырашацца", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы не павінны ператвараць Вышэйшы дзяржсавет, старшынёй якога я з'яўляюся, у нейкую "засядалаўку" - прыехалі, адзін на аднаго паглядзелі, перакусілі і раз'ехаліся, а вырашэння пытанняў няма", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў падрыхтаваць парадак дня пасяджэння, уключыўшы ў яго канкрэтныя важнейшыя пытанні двухбаковых адносін і праект рашэння, які павінен быць узгоднены і парафіраваны. "Мы абсалютна не супраць правядзення Вышэйшага дзяржаўнага савета. Па чарзе ВДС павінен адбыцца ў Маскве. Рыхтуйце гэты парадак дня - 3-4 пытанні, не больш. А не 25 пытанняў, якія мы, як на каньках, прымаем там. Як быццам па лёдзе катаемся", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
![]()
Адной з цэнтральных тэм на праведзенай 9 сакавіка ў Прэзідэнта Беларусі нарадзе стала выкананне Дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Аляксандр Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні, якія гучаць у грамадстве, і даў дакладна зразумець, для чаго прымаўся гэты Дэкрэт і які яго далейшы лёс. Дакумент, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, адмяняць не будуць, але падкарэкціруюць, а таксама больш прынцыпова і дасканала падыдуць да фарміравання спіса плацельшчыкаў.
Прэзідэнт адзначыў, што на яго ўзроўні пытанне рэалізацыі норм Дэкрэта ўзнімалася не адзін раз. Ён, наколькі гэта магчыма, назірае і адсочвае адпаведныя публікацыі як у апазіцыйных, так і ў праўладных сродках масавай інфармацыі. "І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і сёе-тое яшчэ - тое, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у СМІ на гэта быў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне, якое гучыць у грамадстве, наконт Дэкрэта № 3, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты дакумент перш за ўсё нясе ў сабе ідэалагічны і маральны аспект. Ён не з'яўляецца эканамічным і фінансавым. "Ніякіх там вялікіх грошай дзяржава не атрымае. Мэта гэтага Дэкрэта адна - прымусіць працаваць тых, хто павінен і хто можа. Гэта - галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Хто можа, але не павінен працаваць, напрыклад, пенсіянеры, - да іх прэтэнзій ніхто не прад'яўляе, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама як не прымушаюць працаваць і тых, хто не можа гэтага рабіць па аб'ектыўных прычынах: людзі з абмежаванымі магчымасцямі, шматдзетныя маці.
"Наадварот, мы будзем іх падтрымліваць, як падтрымліваем многіх старых і пенсіянераў. Гэта таксама за кошт бюджэту. Гэта значыць, усе мы, працуючыя, плацім у бюджэт. А ён фарміруецца з узносаў людзей і прадпрыемстваў. Але ў гэты ж бюджэт нехта ўносіць узносы, а нехта павінен - і не ўносіць. А дабротамі ж карыстаецца", - канстатаваў беларускі лідар.
Пералік галін і напрамкаў, якія фінансуюцца дзяржавай за кошт бюджэтных сродкаў, можна прадаўжаць. У іх ліку ахова здароўя, адукацыя, бяспека, абарона, камунальныя паслугі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць і іншы варыянт: "Мы можам вельмі дакладна вызначыць спіс гэтых людзей, якія павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных мерапрыемстваў. Мы не будзем іх прымушаць плаціць гэты збор, а дазволім ім заплаціць за ўсе паслугі ў дзяржаве па поўным кошце", - сказаў Прэзідэнт.
"Вось тады паглядзім. Гэта ж ужо будзе абсалютна справядліва. Выбірай, дзе працаваць, зарабляй грошы. Але калі ты не ўдзельнічаеш у гэтых мерапрыемствах, ідзі, плаці. Гэта адзін з варыянтаў. Я спецыяльна аб гэтым кажу, каб падкрэсліць сутнасць і канцэпцыю гэтага дэкрэта", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам у СМІ бачыць абмеркаванне Дэкрэта № 3. "Слухайце, большай ганьбы ад дасведчаных людзей і спецыялістаў, калі гаварыць у цэлым, я не чуў. Людзі ўвязаліся ў абмеркаванне важнага дакумента, які хвалюе частку грамадства, не чытаючы яго. Дык вы ж прачытайце, аб чым там размова, а потым вядзіце дыскусію", - заклікаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, прыняцце Дэкрэта ўзварушыла ўсё грамадства, гэты дакумент паказаў, хто ёсць хто. Людзі пачалі працаўладкоўвацца, шукаць работу. Колькасць зваротаў у службу занятасці рэзка ўзрасла. "Гэта значыць, людзі зразумелі, што трэба зарэгістравацца і шукаць работу, - канстатаваў беларускі лідар. - Рэзка запаволілася цякучасць кадраў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Людзі пачалі, нарэшце, цаніць сваё рабочае месца. Мы гэта заўважылі".
Па сутнасці, быў праведзены своеасаблівы перапіс насельніцтва. Ствараецца рэальная інфармацыйная база - спісы занятасці насельніцтва.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым назваў толькі адзін адмоўны момант пасля прыняцця Дэкрэта - гэта яго дрэннае і безадказнае выкананне з боку чыноўнікаў рознага ўзроўню. "Я гэта назваў бы сабатажам, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вы самаўхіліліся ад гэтай работы. Не знайшлі там сваё месца і нашы дэпутаты. Прытым розных узроўняў, асабліва мясцовых Саветаў".
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што арганізацыю выканання Дэкрэта проста пераклалі на падатковую службу. "Кожны старшыня райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, раённых адміністрацый - гэта перш за ўсё іх работа. А кантроль - за губернатарамі і мэрам Мінска. У вас там павінны быць гэтыя спісы гультаёў, якіх трэба прымусіць працаваць".
Сумленных людзей, падкрэсліў беларускі лідар, не трэба было кранаць наогул. "Мы не павінны крыўдзіць людзей, асабліва ў гэты час. І тыя, хто сёння па 200-500 чалавек выходзяць на вуліцы і пачынаюць крычаць, гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды. Гэта ў асноўным тыя людзі, якія пакрыўджаны, якім мы ні з таго ні з сяго паслалі гэтыя паведамленні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў да 1 красавіка вызначыць спісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе Дэкрэта № 3. "Спісы павінны быць вывераны. Прыцягнуць трэба ўсіх (да складання спісаў) - дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы - усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар- і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацый у абласных цэнтрах і горадзе Мінску", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Адміністрацыі Прэзідэнта разам з Урадам даручана арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння.
Калі самі спісы плацельшчыкаў мясцовыя ўлады павінны сфарміраваць ужо да канца першага квартала бягучага года, то на дашліфоўку гэтай базы ў чыноўнікаў будзе яшчэ паўгода. "Другі этап - 1 кастрычніка гэтага года. Усе спісы павінны быць ідэальнымі. Калі ў каго-небудзь ёсць прэтэнзіі, вы павінны з імі там, на месцах, на працягу лета сустрэцца, дамовіцца, працаўладкаваць на работу...", - даручыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама агучыў наступнае рашэнне: на працягу 2017 года не спаганяць па Дэкрэце № 3 збор з тых, хто будзе ўнесены ў адпаведныя спісы. "Хто аплаціў у 2016 годзе, пойдзе ў залік 2017 года, калі ён не будзе працаваць. Калі ён паступіць на работу, мы з бюджэту па яго патрабаванні вернем гэтыя грошы", - распарадзіўся Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён канстатаваў, што ў Беларусі ёсць і тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця. "Я цудоўна разумею, што яны не кінуцца працаваць. Яны ніколі не працавалі і працаваць не збіраюцца. Вось такіх мы павінны прымусіць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўсплёск у грамадстве адбыўся нават не таму, што людзям прыйшлі адпаведныя пісьмы аб неабходнасці выплаты збору. "Людзі, прачытаўшы гэта пісьмо, убачылі, што ім трэба за мінулы год адразу заплаціць 300-400 рублёў. І ўсе да гэтага аказаліся не гатовы, або стала шкада плаціць гэтыя грошы. Гэта зразумела, такая чалавечая рэакцыя. Таму людзі павінны на працягу года ведаць, што ім давядзецца плаціць. Або ўладкавацца на работу і як усім працаваць", - адзначыў ён.
Сабраныя па Дэкрэце № 3 сродкі даручана накіроўваць выключна на ўтрыманне дзяцей. "Усе плацяжы, каб нас не папракалі, павінны застацца ў мясцовых бюджэтах. Не ў абласных, а ў раённых. І гэтыя грошы выключна да капейкі павінны быць накіраваны на ўтрыманне дзяцей. Толькі дзецям!" - падкрэсліў Прэзідэнт.
"І самае галоўнае - кожны кіраўнік раёна на сесіі раённых і гарадскіх Саветаў павінен даць справаздачу да капейкі, на якія мэты ён патраціў гэтыя грошы. Або гэта дзіцячы сад, або дзіцячы дом, або каму-небудзь дапамаглі, купілі нешта, накармілі, напаілі і гэтак далей. Выключна на дзяцей. І не дай бог, хоць адна капейка пойдзе на іншыя мэты - рамонт дарог, кватэр...", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, самае галоўнае, што выкананне Дэкрэта № 3 - ідэалагічнага і маральнага дакумента - пераносіцца на месцы. "Кантроль - за губернатарамі, выкананне - за старшынямі гар- і райвыканкамаў, кіраўнікамі адміністрацый у гарадах. Гэта значыць, самы ніжні ўзровень вертыкалі. Гэта не значыць, што верхнія эшалоны ўлады не будуць займацца гэтым пытаннем", - сказаў Прэзідэнт.
Ва ўвязцы з рэалізацыяй норм Дэкрэта ён даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных, а таксама нагадаў аб неабходнасці няўхільнага выканання раней дадзеных даручэнняў па давядзенні на працягу года сярэдняй зарплаты да ўзроўню $500 і падтрыманні строгай выканальніцкай дысцыпліны.
"Па працаўладкаванні беспрацоўных - я ўжо гаварыў аб тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (няхай не крыўдзяцца) - п'яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх - адны метады па прымушэнні да работы. Тых, хто па няшчасці застаўся без работы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе работу. А мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - І запомніце, у якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І не дай бог пасля 1 мая такія людзі будуць".
"Няпраўда, што ў нас няма магчымасцей працаўладкаваць людзей, якія сёння на біржы працы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
![]()
"Калі на працягу гэтага года не будзе выканана маё заданне па $500 сярэдняй зарплаты (там ужо ёрнічаць сёй-той пачынае...), крыўдуйце самі на сябе. Мы з вамі аб гэтым ужо дамовіліся. Калі мы выйдзем на гэту лічбу, да нас прэтэнзій не павінна быць. Ні з боку сацыяльных утрыманцаў, ні з боку працуючых, інтэлігенцыі і іншых. Кроў з носа мы павінны вырашыць гэту праблему - забяспечыць людзей работай і сярэднюю зарплату па краіне $500", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама патрабуе, каб з людзьмі, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю, якія прад'яўляюць пэўныя прэтэнзіі і патрабаванні, хочуць нешта выказаць, сустракаліся выключна кіраўнікі вертыкалі ўлады. Гэта старшыні сельскага савета, гарвыканкама, райвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, губернатары. "Наверсе - члены Урада, кіраўнікі ўсіх структур і падраздзяленняў. Людзі хочуць бачыць і размаўляць з тымі, хто прымае рашэнні", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Самае галоўнае - падключыць да гэтай работы дэпутацкі корпус усіх узроўняў. Няхай яны на месцы вырашаюць, як і з кім размаўляць. Калі ў Дэкрэце запісана, што чалавек, які трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, вызваляецца ад плацяжоў па гэтым напрамку, вось няхай дэпутаты і прымуць гэта рашэнне разам са старшынёй райвыканкама", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобнае даручэнне ён адрасаваў чыноўнікам, чые родныя і блізкія таксама трапляюць у катэгорыю сацыяльных утрыманцаў. Прэзідэнт не стаў называць канкрэтныя прозвішчы, але запатрабаваў, каб максімум з 1 красавіка ўсе адпаведныя асобы былі заняты на канкрэтнай рабоце. Кантроль у гэтым пытанні ўскладзены на начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Сяргея Шпегуна.
Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў Міністру ўнутраных спраў забяспечыць падтрыманне ідэальнага парадку ў краіне, у тым ліку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.
"Некаторыя заяўляюць: я прыходзіў на плошчу і яшчэ прыйду. На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай работы, паколькі гэта работа правалена ў Мінску, абласных, буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Але ніякай перашкоды нармальна жыць працоўным быць не павінна. Вы ведаеце, што нашы "майданутыя" паехалі ў Кіеў шукаць там "майданутых" арганізатараў. Вы ж разумееце, што гэтыя людзі (якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях) будуць гарматным мясам, масоўкай. Яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300-400 чалавек на чале з нашымі адмарозкамі, якія ў Кіеў ездзілі, - яны будуць правакаваць. Яны знойдуць 10-20 прафесіяналаў, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэджанне. Я гавару гэта публічна", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы павінны навучыцца весці дыялог з людзьмі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы не супраць шэсцяў, дэманстрацый. Мы і на дзяржаўным узроўні гэта праводзім (нядаўна да Дня міліцыі правялі). Людзям для выказвання сваіх меркаванняў таксама павінна быць адведзена сваё месца, як у развітых краінах Захаду. Няхай туды прыходзяць і выказваюць уласнае меркаванне, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І калі яны пазвалі туды начальніка, значыць, ён там павінен быць. І не дай бог гэтага начальніка нехта там зняважыць. Міліцыя павінна адфіксаваць такую знявагу і прыняць самыя строгія меры".
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць жорсткую адказнасць за парушэнні. "Спыняць усялякія спробы (гэта не датычыцца людзей, якія хочуць звярнуць на сябе ўвагу і якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю). Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць правакатараў. І адказваць яны павінны па ўсёй строгасці закона", - заявіў беларускі лідар.
"Майдана ў Беларусі не будзе. Нават перадумоў да гэтага няма. Але заўсёды трэба працаваць на далёкіх подступах да той ці іншай праблемы", - дадаў ён.
Вяртаючыся да тэмы рэалізацыі Дэкрэта № 3, Прэзідэнт сказаў: "Я чаму гавару пра міліцыю? Калі мы прымусім людзей працаваць, і яны будуць занятыя, у нас менш будзе злачынстваў. Вось чаму мы павінны кожнага, хто можа, прымусіць працаваць. Вось у чым сутнасць гэтага Дэкрэта".
"На працягу сакавіка, калі неабходна, нам трэба падкарэкціраваць гэты Дэкрэт. Але Дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэкціроўкамі, пра якія я сказаў", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, усе звароты і скаргі павінны разглядацца на месцах. "Рашэнні старшыні райвыканкама, у крайнім выпадку губернатара, абскарджанню не падлягаюць. Але папярэджваю: ніхто з дастойных людзей, якія любяць сваю краіну і ўносяць уклад у яе развіццё, не павінен быць пакрыўджаны. За гэта адкажаце асабіста, як за парушэнне правоў чалавека", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.