Каментарый да указаў № 5 і № 6 ад 5 студзеня 2012 г.

    Рашэннем Кіраўніка дзяржавы па выніках 2011 года прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны свяшчэннаслужыцелі, педагогі, аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Адпаведны Указ № 5 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 студзеня.

    Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды - архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый. Ëн удастоены прэміі за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветніцкую дзейнасць і дабрачынную працу;

    Прэмія таксама прысуджана бацькам-выхавальнікам Нясвіжскага дзіцячага дома сямейнага тыпу Ігару і Галіне Бушмакіным, якія за 20 гадоў існавання іх дзіцячага дома выхавалі 11 сірот і цяпер гадуюць яшчэ пяцёра.

    Акрамя таго, гэтай узнагароды ўдастоены калектыў аддзялення ранняга ўмяшання Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай паліклінікі, які дабіўся вялікіх поспехаў у стварэнні сістэмы ранняй дыягностыкі і карэкцыі маўленчых, нейрасенсорных і маторных парушэнняў у дзяцей.

    Сярод лаўрэатаў таксама аўтарскі калектыў Беларускага саюза мастакоў, які стварыў унікальныя мазаікі капліцы ў гонар іконы "Знаменне Прасвятой Багародзіцы" мемарыяльнага комплексу па ўвекавечанні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны на месцы Мінскіх брацкіх могілак.

    Прэміі ўдастоены і аўтарскі калектыў ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" за стварэнне тэлевізійнага праекта "Гарады-героі";

    Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 6, у адпаведнасці з якім па выніках 2011 года прысуджаны 9 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

    Імі адзначаны дзеячы мастацтва, мастацтвазнаўцы, педагогі, творчыя і музейныя калектывы за значныя дасягненні ў галіне выяўленчага, музычнага і тэатральнага мастацтва, мастацтвазнаўства, аматарскай мастацкай творчасці, музейнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі.

    Прэмія прысуджана народнай артыстцы Беларусі Бэле Масумян і балерыне Кацярыне Алейнік за стварэнне высокамастацкіх сцэнічных вобразаў у спектаклях тэатральнага сезона 2010/2011 года; мастаку-графіку заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Генадзю Шутаву за стварэнне ўнікальных нацюрмортаў; прафесару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, народнаму артысту Беларусі Яўгену Гладкову за выдатныя поспехі ў навучанні творчай моладзі, падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных конкурсаў; мастацтвазнаўцу Барысу Лазуку за стварэнне манаграфій па гісторыі сусветнага выяўленчага мастацтва са старажытных часоў да XVIII стагоддзя.

    Гэтай узнагародай адзначаны вялікія поспехі ў галіне музычнага мастацтва, музейнай справы і эстэтычнага выхавання ансамбля салістаў "Класік-Авангард" Беларускай дзяржаўнай філармоніі, супрацоўнікаў "Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і калектыву рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама дзіцячага харэаграфічнгага ансамбля "Зорка" Цэнтра культуры "Віцебск".

    Прыняцце ўказаў з’яўляецца яркім сведчаннем вялікай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, захавання і прымнажэння нацыянальнага культурнага здабытку, развіцця беларускай культуры і мастацтва, выхавання любові да Айчыны, распаўсюджвання ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.