Каментарый да Указа № 416 ад 24 верасня 2012 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 верасня падпісаў Указ № 416 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2005 г. № 9 і ад 19 лістапада 2010 г. № 599".

    Указам ствараюцца дадатковыя ўмовы абароны грамадзян ад гульнявой залежнасці шляхам увядзення механізма самаабмежавання грамадзян ад удзелу ў азартных гульнях, а таксама замацавання абавязку арганізатараў азартных гульняў забяспечваць праверку дакументаў, якія засведчваюць асобу, ва ўсіх наведвальнікаў ігральных устаноў.

    Асаблівае значэнне ў забеспячэнні эфектыўнага кантролю з боку дзяржавы за выкананнем ігральнымі ўстановамі заканадаўчых патрабаванняў, а таксама ў абароне інтарэсаў наведвальнікаў гэтых устаноў надаецца стварэнню і ўвядзенню ў дзеянне спецыяльнай камп'ютарнай касавай сістэмы. Тэрмін уводу гэтай сістэмы ў дзеянне ўстаноўлены да 1 снежня 2013 года. Дзейнасць арганізатараў азартных гульняў, якія не забеспечаць да названага тэрміну падключэнне гульнявога абсталявання да спецыяльнай камп'ютарнай касавай сістэмы, забаронена.

    З улікам практыкі ажыццяўлення ігральнага бізнесу Указам удакладнены асобныя патрабаванні да ігральных устаноў. Так, выключана патрабаванне аб ізаляванасці памяшканняў, у якіх размяшчаюцца букмекерскія канторы і таталізатары. Прадугледжана магчымасць размяшчэння ў ігральных установах абменных пунктаў, тэрміналаў аўтаматычнага абмену валют, а таксама правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і аказання арганізатарамі азартных гульняў паслуг грамадскага харчавання, што дасць магчымасць палепшыць якасць абслугоўвання наведвальнікаў ігральных устаноў.

    Указ прадастаўляе права Міністэрству па падатках і зборах уводзіць для арганізатараў азартных гульняў справаздачнасць аб выніках работы ў сферы ігральнага бізнесу, а таксама праводзіць разавы збор інфармацыі
    ў арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы ігральнага бізнесу, па пытаннях іх дзейнасці ў гэтай сферы.