Каментарый да Указа № 38 ад 17 студзеня 2012 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 38 "Аб функцыянаванні магазінаў бяспошліннага гандлю".
Дакументам прадугледжваецца, што тавары, змешчаныя пад мытную працэдуру бяспошліннага гандлю, рэалізуюцца ў магазінах бяспошліннага гандлю, створаных дзяржаўнай установай "Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый "Дыпсэрвіс" Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта або юрыдычнай асобай, заснавальнікам якой з'яўляецца гэта дзяржаўная ўстанова. Таксама такія тавары рэалізуюцца ў пунктах пропуску праз Дзяржаўную граніцу, што знаходзяцца ў аэрапортах краіны. Цяпер такі пункт пропуску размешчаны ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Юрыдычныя асобы маюць права ажыццяўляць дзейнасць у якасці ўладальнікаў магазінаў бяспошліннага гандлю пасля ўключэння іх у адпаведны рэестр, вядзенне якога ўскладаецца на Дзяржаўны мытны камітэт.
У мэтах павышэння зацікаўленасці айчынных вытворцаў у нарошчванні паставак тавараў уласнай вытворчасці ў магазіны бяспошліннага гандлю ва Указе прадугледжана вызваленне абаротаў па рэалізацыі гэтых тавараў ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць.
Дадатковым патрабаваннем з'яўляецца ўстанаўленне для юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць гэту дзейнасць, выплаты ў рэспубліканскі бюджэт адлічэнняў ад выручкі ў памеры 10%.
У зацверджаным Указам палажэнні аб магазінах бяспошліннага гандлю падрабязна прапісаны патрабаванні да гэтых магазінаў па іх тэхнічнай аснашчанасці (уключаючы сістэмы відэанагляду за перамяшчэннем унутры памяшканняў і на прылеглых тэрыторыях), якая забяспечвае строгі кантроль за водпускам тавараў толькі тым, хто выязджае з краіны, а таксама немагчымасць вяртання тавару на ўнутраны рынак рэспублікі, іншыя патрабаванні.
Таксама ўстанаўліваецца, што ў магазінах, размешчаных у пунктах пропуску праз Дзяржаўную граніцу Беларусі, у якіх цяпер вядзецца рознічны гандаль, юрыдычныя асобы маюць права прадаўжаць гэты від дзейнасці пры ўмове наяўнасці дазволаў на яго ажыццяўленне, атрыманых ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Прыняцце Указа павінна забяспечыць павышэнне эфектыўнасці работы магазінаў бяспошліннага гандлю.