Каментарый да Указа № 36 ад 17 студзеня 2012 г.

    У мэтах выраўноўвання ўмоў падаткаабкладання легкавых аўтамабіляў на адзіным рынку краін Мытнага саюза і выканання ўмоў выдзялення Рэспубліцы Беларусь стабілізацыйнага крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду Еўразійскага эканамічнага супольніцтва Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 36 "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2005 г. № 546 і ад 4 красавіка 2009 г. № 175".

    У сувязі з гэтым з Указа ад 24 лістапада 2005 г. № 546 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання транспартных сродкаў" выключаюцца льготы па падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе і пры рэалізацыі ўвезеных транспартных сродкаў юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў камерцыйных мэтах (будзе прымяняцца стандартная стаўка ПДВ у памеры 20%).

    Пры гэтым захоўваецца дзеючае вызваленне ад акцызаў аўтамабіляў, увозімых арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі для камерцыйных мэт.

    Адмяняецца парадак спагнання ПДВ з выкарыстаннем у якасці падатковай базы розніцы паміж цаной набыцця і цаной рэалізацыі аўтамабіля праз дылерскія сеткі (падатковай базай для вылічэння ПДВ будзе з'яўляцца ўвесь кошт аўтамабіля).

    Пры гэтым парадак спагнання ПДВ з выкарыстаннем у якасці падатковай базы розніцы паміж цаной набыцця і цаной рэалізацыі аўтамабіля (па аналогіі з дзеючым у Расійскай Федэрацыі) захоўваецца пры набыцці транспартных сродкаў у фізічных асоб. У выніку пры набыцці дылерамі легкавых аўтамабіляў у грамадзян на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для далейшага перапродажу падатак будзе вылічацца і выплачвацца з розніцы паміж цаной куплі і цаной продажу аўтамабіля, што не паўплывае на цэнавае прапанаванне рынку патрыманых аўтамабіляў.

    У мэтах стварэння роўных умоў падаткаабкладання ўвозімых і вырабленых на тэрыторыі Беларусі легкавых аўтамабіляў выдадзеным дакументам унесены змяненні ва Указ ад 4 красавіка 2009 г. № 175 "Аб мерах па развіцці вытворчасці легкавых аўтамабіляў" у частцы адмены льготы па ПДВ адносна транспартных сродкаў, вырабленых юрыдычнымі асобамі і рэалізаваных на тэрыторыі Беларусі.

    Такая адмена не прывядзе да пагаршэння інвестыцыйных умоў для арганізацыі вытворчасці аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі, паколькі пры экспарце прымяняецца нулявая стаўка ПДВ.

    Пры гэтым захоўваюцца льготы па ПДВ адносна ўвозімага тэхналагічнага абсталявання і аўтакампанентаў.

    Гэта будзе стымуляваць інвестараў да адкрыцця вытворчасці аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі з далейшай іх рэалізацыяй на рынку Мытнага саюза.