Каментарый да Указа № 332 ад 26 ліпеня 2012 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 26 чэрвеня падпісаў Указ № 332 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленню кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

    Дакумент накіраваны на рэалізацыю палажэнняў Дырэктывы ад 31 снежня 2010 года № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", а таксама рашэння чацвёртага Усебеларускага народнага сходу аб наданні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці максімальна прафілактычнага (папераджальнага) характару і скарачэнні колькасці праверак. У гэтых мэтах ва Указ ад 16 кастрычніка 2009 года № 510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" уносіцца шэраг змяненняў і дапаўненняў.

    Так, уводзіцца новая форма кантролю (нагляду) - маніторынг, які заключаецца ў назіранні, ацэнцы ўмоў дзейнасці суб'ектаў у мэтах выяўлення і прадухілення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню парушэнняў. Гэты кантроль будзе праводзіцца без выкарыстання службовымі асобамі паўнамоцтваў, прадастаўленых iм для правядзення праверак, і выпатрабавання дакументаў у суб'ектаў. Рашэнне аб правядзенні маніторынгу мае права прыняць толькі кіраўнік кантралюючага (нагляднага) органа або яго ўпаўнаважаны намеснік. У выпадку выяўлення ў ходзе маніторынгу парушэнняў суб'екту будуць уручацца рэкамендацыі па іх ліквідацыі. Пры добраахвотным устараненні парушэнняў не будуць назначацца пазапланавая праверка і прымяняцца меры адказнасці да суб'екта і яго службовых асоб.

    Разам з тым пры ўстанаўленні парушэнняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнаму асяроддзю, кантралюючы (наглядны) орган зможа ў рэгламентаваным парадку вынесці патрабаванне (прадпісанне) аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб'екта.

    Са сферы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці выводзяцца мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару, якія ажыццяўляюцца органамі адносна суб'ектаў, але не звязаны з праверкамі іх дзейнасці. Канкрэтны пералік гэтых мерапрыемстваў будзе вызначаны Урадам па ўзгадненню з Кіраўніком дзяржавы.

    Пры гэтым Указам устаноўлена прамая забарона на правядзенне планавых і пазапланавых праверак па гэтых мерапрыемствах, што дасць магчымасць скараціць колькасць праверак суб'ектаў, а таксама аптымізаваць работу па складанню каардынацыйных планаў кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.

    Таксама змяняецца перыядычнасць назначэння планавых праверак. Пры адсутнасці парушэнняў заканадаўства планавыя праверкі будуць праводзіцца не часцей як адзін раз у пяць гадоў незалежна ад аднясення суб'ектаў да якой-небудзь групы рызыкі.

    Удасканальваецца парадак вылічэння тэрміну для назначэння планавай праверкі. Гэты тэрмін будзе вылічацца кантралюючым (наглядным) органам з дня завяршэння папярэдняй планавай праверкі, праведзенай не толькі гэтым органам, але і яго вышэйстаячым органам, іх структурнымі падраздзяленнямі (тэрытарыяльнымі органамі, падпарадкаванымі арганізацыямі). У выніку выключана магчымасць правядзення мноства праверак аднаго суб'екта ў рамках сістэмы (вертыкалі) аднаго і таго ж кантралюючага (нагляднага) органа.

    Прадугледжаны права Камітэта дзяржаўнага кантролю выключаць з каардынацыйных планаў кантрольнай (нагляднай) дзейнасці праверкі, якія не адпавядаюць нормам Указа № 510, і абавязак кантралюючых (наглядных) органаў уносіць у базу даных інтэграванай аўтаматызаванай сістэмы кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь звесткі не толькі аб назначэнні праверак, але і аб іх выніках.

    Дадаткова Указам карэкціруюцца асобныя палажэнні Указа № 510 з улікам практыкі яго прымянення. У прыватнасці, замацоўваецца дадатковая падстава для правядзення праверак у перыяд устаноўленага двухгадовага мараторыя на іх правядзенне - наяўнасць інфармацыі аб ажыццяўленні здзелак з асобамі, у дзейнасці якіх устаноўлены прыкметы лжэпрадпрымальніцтва. Пералік кантралюючых (наглядных) органаў, якія ажыццяўляюць пазапланавыя тэматычныя аператыўныя праверкі, дапаўняецца Міністэрствам аховы здароўя, органамі і ўстановамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санiтарны нагляд, па пытанню выканання заканадаўства ў галіне забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Акрамя таго, удакладняюцца ўстаноўленыя крытэрыі рызыкі ў мэтах абгрунтаванага аднясення суб'ектаў, што правяраюцца, да адпаведных груп рызыкі для назначэння планавых праверак.

    Указ уступае ў сілу з 1 кастрычніка 2012 года.