Каментарый да Указа № 330 ад 23 ліпеня 2012 г.
У Беларусі асобныя прававыя нормы прыведзены ў адпаведнасць з Кодэксам аб шлюбе і сям'і. Адпаведны Указ № 330 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" 23 ліпеня падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Законам ад 7 студзеня 2012 года ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і былі ўнесены змяненні і дапаўненні. У сувязі з гэтым Указам № 330 прыводзяцца ў адпаведнасць з Кодэксам асобныя палажэнні Консульскага статута Беларусі, зацверджанага Указам ад 19 лютага 1996 года № 82.
Таксама ў адпаведнасць з Кодэксам прыводзяцца палажэнні Указа ад 12 чэрвеня 2006 года № 385 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленню работы органаў, якiя рэгiструюць акты грамадзянскага стану".
Акрамя таго, прыводзяцца ў адпаведнасць палажэнні пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам № 200 ад 26 красавіка 2010 года.
У выніку карэкціроўкі названага пераліку выключаны нормы, якія ўстанаўліваюць неабходнасць прадстаўлення пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці дагавора сурагатнага мацярынства. Гэта звязана з тым, што інфармацыя аб тым, што маці дзіцяці з'яўляецца жанчына, якая заключыла дагавор сурагатнага мацярынства, змешчана ў медыцынскай даведцы аб нараджэнні.
Пры рэгістрацыі заключэння шлюбу па месцы жыхарства маці або бацькі асобы, якая ўступае ў шлюб, выключана неабходнасць прадастаўлення дакумента, што засведчвае асобу маці або бацькі гэтай асобы. Цяпер Кодэксам прадугледжана рэгістрацыя заключэння шлюбу любым органам ЗАГС на выбар асоб, якія ўступаюць у шлюб.
Пералік таксама дапоўнены працэдурай скасавання шлюбу органамі ЗАГС. Гэта робіцца ў сувязі з прадастаўленнем Кодэксам з 1 студзеня 2013 года загсам права скасоўваць шлюб пры наяўнасці ўзаемнай згоды мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчкі аб маёмасці.
Указ уступае ў сілу з 24 ліпеня 2012 года, за выключэннем палажэнняў, што датычацца скасавання шлюбу органамі ЗАГС, якія ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2013 года.