Каментарый да Указа № 234 ад 18 мая 2012 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 18 мая падпісаў Указ № 234 "Аб зацвярджэнні справаздачы Нацыянальнага банка за 2011 год".

    Гадавая справаздача змяшчае інфармацыю аб дзейнасці Нацыянальнага банка і яго фінансавую справаздачнасць.

    У 2011 годзе пры нарастанні адмоўнага сальда гандлёвага балансу і перавышэнні на ўнутраным валютным рынку попыту на замежную валюту над яе прапанаваннем стварыўся націск на абменны курс беларускага рубля.

    У гэтых умовах Нацыянальны банк перайшоў да рэжыму кіруемага плавання курсу нацыянальнай валюты і пачаў праводзіць строгую манетарную палітыку, што абумовіла іншую дынаміку кошту карзіны замежных валют і грашова-крэдытных паказчыкаў, чым прагназавалася на 2011 год.

    Для зніжэння інфляцыйнага націску і стабілізацыі валютнага рынку Нацыянальны банк узмацніў працэнтную і эмісійную палітыку пры дапамозе павышэння стаўкі рэфінансавання і ставак па інструментах рэгулявання ліквіднасці. У выніку банкі павысілі стаўкі па крэдытах і новапрыцягнутых рублёвых дэпазітах.

    Манетарныя паказчыкі (рублёвая грашовая база, грашовая маса, патрабаванні банкаў да эканомікі) таксама сфарміраваліся на больш высокім адносна прагнозу ўзроўні. З істотным перавышэннем выкананы і запланаваныя параметры па нарошчванні банкамі актываў і нарматыўнага капіталу.

    Прынятыя Нацыянальным банкам і Урадам стабілізацыйныя меры далі магчымасць да пачатку 2012 года скарэкціраваць знешнеэканамічныя дыспрапорцыі, павялічыць золатавалютныя рэзервы, аднавіць стабільную работу валютнага і дэпазітнага рынкаў.

    Фінансавая справаздачнасць адлюстроўвае аперацыі, праведзеныя Нацыянальным банкам у 2011 годзе, і ўключае гадавы бухгалтарскі баланс, справаздачы аб прыбытку і стратах, аб змяненні капіталу, аб фарміраванні і выкарыстанні фондаў, аб кіраванні долямі (акцыямі) у статутных фондах іншых арганізацый, аб расходах на ўтрыманне Нацыянальнага банка, аб выкананні каштарыса капітальных укладанняў, аб атрыманым прыбытку і яго размеркаванні.

    Дакладнасць гадавога бухгалтарскага балансу Нацыянальнага банка, справаздачы аб прыбытку і стратах за 2011 год, а таксама названых справаздач пацверджана міжнароднай аўдытарскай кампаніяй - замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю "Эрнст энд Янг".