Каментарый да Указа № 223 ад 7 мая 2012 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 мая Указ № 223 "Аб арганізацыі ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2012 годзе".

    Указам створана дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2012 годзе. У склад камісіі ўключаны члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і работнікі кантралюючых органаў.

    Камісія прызначана забяспечваць кантроль за падрыхтоўкай і правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, іншых форм уступных іспытаў, прадастаўленнем абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прымаць меры па ўстараненні выяўленых парушэнняў нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць арганізацыю і правядзенне прыёму, ажыццяўляць прыём грамадзян па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, а таксама забяспечваць асвятленне работы камісіі ў сродках масавай інфармацыі.

    Указ забяспечыць выкананне заканадаўства пры падрыхтоўцы і правядзенні ўступных іспытаў і залічэнні абітурыентаў ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.