Каментарый да Указа № 176 ад 16 красавіка 2012 г.

    У Беларусі ўдасканальваецца заканадаўства ў сферы функцыянавання рынку каштоўных папер. На гэта накіраваны Указ № 176 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2006 г. № 277", які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 красавіка 2012 года.

    Гэты дакумент прызначаны ўдасканаліць заканадаўства ў сферы функцыянавання рынку каштоўных папер, узмацніць дзяржаўны кантроль за дзейнасцю на рынку каштоўных папер. Указам пашыраны пералік асоб, якія маюць права на атрыманне канфідэнцыяльнай інфармацыі аб дэпанентах.

    Права на атрыманне такой інфармацыі прадастаўлена Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці - у частцы акцый, якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі, у тым ліку гаспадарчым веданні рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў, і (або) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у тым ліку гаспадарчым веданні камунальных унітарных прадпрыемстваў; аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму - у частцы акцый, якія знаходзяцца ва ўласнасці адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у тым ліку гаспадарчым веданні камунальных унітарных прадпрыемстваў.

    Выкарыстанне Дзяржкаммаёмасцю, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам названай інфармацыі аб дэпанентах будзе ажыццяўляцца з улікам яе канфідэнцыяльнасці ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

    Для выключэння выпадкаў выпуску аблігацый неплацежаздольнымі эмітэнтамі Указам прадугледжваецца магчымасць дзяржаўнай рэгістрацыі аблігацый толькі пры ўмове адпаведнасці эмітэнта аблігацый крытэрыям плацежаздольнасці.

    У сувязі з гэтым Указам уведзены абавязак эмітэнтаў аблігацый прадстаўляць для іх дзяржаўнай рэгiстрацыi дадаткова да дакументаў, устаноўленых заканадаўствам, разлік каэфіцыента бягучай ліквіднасці і каэфіцыента забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі, а таксама бухгалтарскую справаздачнасць за апошні справаздачны год і квартал, што папярэднічае кварталу, у якім прынята рашэнне аб выпуску аблігацый.

    Калі значэнне каэфіцыента бягучай ліквіднасці і (або) каэфіцыента забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі ніжэйшае за нарматыўныя значэнні каэфіцыентаў, што зацвярджаюцца Урадам, то юрыдычным асобам будзе адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі аблігацый.

    У мэтах выключэння ўмоў для ажыццяўлення прытворных або несапраўдных здзелак у працэсе размяшчэння аблігацый і далейшага выкупу такіх аблігацый эмітэнтам або іх куплі ў працэсе абарачэння іншымі асобамі Указам прадугледжваецца магчымасць адчужэння набытых у час першаснага размяшчэння аблігацый толькі пасля поўнай аплаты кошту гэтых аблігацый пакупніком.