Каментарый да Указа № 133 ад 15 сакавіка 2012 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка падпісаў Указ № 133 "Аб пытаннях праходжання службы ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь".
Дакументам зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб праходжанні службы ў органах унутраных спраў Беларусі.
Неабходнасць распрацоўкі новай рэдакцыі Палажэння абумоўлена тым, што за дзесяцігадовы перыяд дзеяння ранейшага Палажэння прыняты шэраг заканадаўчых актаў, якія закранаюць пытанні праходжання службы ў органах унутраных спраў, выявіліся недахопы ў прававым рэгуляванні асобных умоў службы і няўзгодненасць некаторых норм.
У новай рэдакцыі Палажэння ўдакладнены парадак прыёму на службу, заключэння кантракта аб службе, атэстацыі супрацоўнікаў, прысваення спецыяльных званняў, прадастаўлення водпускаў. Устаноўлена таксама адпаведнасць класных чыноў пракурорскіх работнікаў спецыяльным званням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вызначаны парадак адлічэння курсантаў, слухачоў, ад'юнктаў і дактарантаў з устаноў адукацыі МУС і кампенсацыі імі сродкаў, затрачаных на іх падрыхтоўку.
Нормы Палажэння аб парадку звальнення супрацоўнікаў са службы ў запас або адстаўку ўніфікаваны з аналагічнымі нормамі палажэнняў аб парадку праходжання ваеннай службы і службы ў Следчым камітэце, а нормы аб парадку навучання курсантаў і супрацоўнікаў ва ўстановах адукацыі МУС прыведзены ў адпаведнасць з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Дакументам таксама прызнаюцца страціўшымі сілу Указ ад 13 лістапада 2001 года № 671 і ўказы, якія ўносілі ў яго змяненні і дапаўненні.