Каментарый да Указа № 125 ад 6 сакавіка 2012 г.

    Зацверджаны новы склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь. Адпаведны Указ № 125 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 г. № 300" Кіраўнік дзяржавы падпісаў 6 сакавіка.

    Склад камітэта сфарміраваны з улікам неабходнасці забеспячэння высокай патрабавальнасці і прынцыповасці ўваходзячых у яго асоб пры разглядзе работ, якія вылучаюцца на саісканне прэмій, а таксама мэтазгоднасці перыядычнай ратацыі членаў камітэта і ўключэння ў яго вучоных, спецыялістаў, майстроў культуры і мастацтва, якія дабіліся значных вынікаў у сваёй дзейнасці і атрымалі грамадскае прызнанне.

    Прэзідыум камітэта ўзначаліў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў. Склад Прэзідыума абноўлены на 60%, у яго ўваходзяць сем чалавек.

    Кіраўніком падкамітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне навукі і тэхнікі назначаны Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Русецкі. Склад падкамітэта абноўлены на 50% і ўключае 44 чалавекі.

    Падкамітэт па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры ўзначаліў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Грыдзюшка. Склад падкамітэта абноўлены на 57% і ўключае 33 члены.