Каментарый да Дэкрэта № 8 ад 10 верасня 2012 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 10 верасня выдаў Дэкрэт № 8, якім унесены змяненні і дапаўненне ў дэкрэты ад 20 сакавіка 1998 года № 3 і ад 14 красавіка 2008 года № 7.

    Дэкрэтам уводзіцца норма, у адпаведнасці з якой прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці ажыццяўляецца без фарміравання планаў прыватызацыі, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1993 года "Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы".

    Акрамя таго, адмяняецца ўзгадненне з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці (мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі) дадатковых эмісій акцый у адкрытых акцыянерных таварыствах, уключаных у пералік юрыдычных асоб, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі і (або) іншыя важныя дзяржаўныя патрэбнасці.

    Разам з тым другая і наступныя эмісіі акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю, створаны ў працэсе прыватызацыі аб'ектаў, што знаходзіліся ў дзяржаўнай уласнасці, праводзяцца па ўзгадненню з Прэзідэнтам на аснове прапаноў Савета Міністраў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.

    Адмяняюцца паўнамоцтвы Дзяржаўнага камітэта па маёмасці на прыняцце рашэнняў аб продажы і паніжэнні пачатковай цаны продажу прыналежных Рэспубліцы Беларусь акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў.

    Адмяняецца таксама зацвярджэнне Урадам на трохгадовы перыяд планаў прыватызацыі аб'ектаў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, і пералікаў адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, акцыі якіх, прыналежныя Рэспубліцы Беларусь, падлягаюць продажу.