Каментарый да Дэкрэта № 3 і Указа № 106 ад 24 лютага 2012 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 24 лютага выдаў Дэкрэт № 3 "Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь" і Указ № 106 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Датай афіцыйнага апублікавання прававога акта будзе з'яўляцца дата яго размяшчэння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
З улікам існуючай практыкі прававыя акты будуць таксама абнародавацца (публікавацца) у афіцыйных выданнях: газетах "Советская Белоруссия", "Звязда", "Народная газета", "Рэспубліка", а таксама ў выданнях, якiя вызначаюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў і выканаўчымі і распарадчымі органамі абласнога і базавага ўзроўняў. За дзяржаўнымі органамі захоўваецца абавязак накіроўваць у гэтыя выданні копіі прынятых імі прававых актаў для абнародавання (апублікавання), а за выданнямі - абавязак абнародаваць акты ў строгай адпаведнасці з падпісанымі тэкстамі. Пры гэтым такое абнародаванне (апублікаванне) будзе з'яўляцца неафіцыйным.
Прававыя акты таксама будуць публікавацца ў зборніку прававых актаў "Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь", які выдаецца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі. Зборнік можа распаўсюджвацца па заяўках грамадзян і арганізацый, па падпісцы, праз рознічную гандлёвую сетку і іншымі спосабамі.
Акрамя таго, Дэкрэтам вызначаецца парадак афіцыйнага апублікавання нарматыўных прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт.
Цяпер у Беларусі створана дакладная сістэма ўліку прававых актаў, якая забяспечвае ўключэнне актаў заканадаўства ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Беларусі за самы кароткі тэрмін. Разам з тым скарачэнне тэрмінаў давядзення да грамадзян і арганізацый прававой інфармацыі немагчыма без удасканалення існуючай сістэмы афіцыйнага апублікавання прававых актаў, якая кардынальна не пераглядалася на працягу некалькіх апошніх гадоў і мае асобныя недахопы. У мэтах вырашэння гэтых пытанняў Дэкрэтам устанаўліваецца новы, адпаведны ўсім патрабаванням сучаснага інфармацыйнага грамадства, парадак афіцыйнага апублікавання прававых актаў.
Дэкрэт накіраваны на ўдасканаленне сістэмы афіцыйнага апублікавання прававых актаў, давядзення іх да ўсеагульнага ведама на аснове шырокага выкарыстання сучасных інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій.
У мэтах развіцця палажэнняў Дэкрэта таксама выдадзены Указ № 106, у адпаведнасці з якім на НЦПІ ўскладаецца афіцыйнае апублікаванне прававых актаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У пералік дзяржаўных органаў, чые нарматыўныя прававыя акты падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе ў Міністэрстве юстыцыі, уключаюцца Следчы камітэт, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Дакументы ўступаюць у сілу з 1 ліпеня 2012 года за выключэннем некаторых пунктаў.