Каментарый да Дэкрэта № 2 ад 23 лютага 2012 г.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 23 лютага падпісаў Дэкрэт № 2 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".
Дэкрэт падрыхтаваны ў мэтах прывядзення палажэнняў па пытаннях ліцэнзавання, якія змешчаны ў раней выдадзеных Кіраўніком дзяржавы нарматыўных прававых актах, у адпаведнасць з Указам ад 1 верасня 2010 года № 450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці".
У прыватнасці, ва Указе № 450 прадугледжана магчымасць ажыццяўлення ліцэнзуемых відаў дзейнасці не толькі юрыдычнымі асобамі Беларусі, але і замежнымі юрыдычнымі асобамі (замежнымі арганізацыямі). У сувязі з гэтым у Дэкрэце ўнесены адпаведныя ўдакладненні ў тэрмін "юрыдычныя асобы", азначэнне якога замацавана ў Дэкрэце ад 17 снежня 2002 года № 28 "Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў".
У палажэнні аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджаным Указам № 450, вызначаны пералікі грубых парушэнняў заканадаўства аб ліцэнзаванні, ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў, пры ўстанаўленні якіх спыняецца дзеянне ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з вытворчасцю, аптовым гандлем, захоўваннем і рознічным гандлем тытунёвымі вырабамі. Таму ў Дэкрэце ўведзена новая рэдакцыя главы "Ліцэнзаванне вытворчасці і абароту (за выключэннем імпарту і экспарту) тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў" палажэння аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў, зацверджанага Дэкрэтам № 28.
Да апошняга часу ў рэспубліцы адсутнічалі прававыя нормы па арганізацыі кантрактнай вытворчасці тытунёвых вырабаў. У сувязі з гэтым узнікалі цяжкасці пры вызначэнні базы для падаткаабкладання выпускаемай прадукцыі, несупастаўнасць паказчыкаў у бухгалтарскім уліку, пры цэнаўтварэнні, складанні бухгалтарскай і статыстычнай справаздачнасці.
Для ўстаранення гэтага прабелу ў Дэкрэце выкладзена нарматыўнае азначэнне адпаведных паняццяў. Гэта дасць магчымасць урэгуляваць пытанні падаткаабкладання пры вытворчасці тытунёвых вырабаў, забяспечыць захаванне наладжанай формы супрацоўніцтва ААТ "ГТФ "Нёман" і міжнародных тытунёвых кампаній па заключаных кантрактах.
Прыняцце Дэкрэта не вядзе да расходавання сродкаў рэспубліканскага бюджэту, спрашчае і робіць больш эфектыўнай практыку прымянення асобных заканадаўчых актаў.