Каментарый да Дэкрэта № 2 ад 24 студзеня 2013 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 24 студзеня выдаў Дэкрэт нумар 2, якім унесены дапаўненні і змяненні ў Дэкрэт ад 16 студзеня 2009 года нумар 1 "Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання".
Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спынення дзейнасці) камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама абароны правоў інвестараў і крэдытораў.
Дэкрэтам уводзіцца шэраг абмежаванняў, накіраваных на папярэджанне магчымых злоўжыванняў з боку нядобрасумленных суб'ектаў гаспадарання.
У прыватнасці, устанаўліваецца забарона на стварэнне новых суб'ектаў гаспадарання ўласнікамі маёмасці (заснавальнікамі, удзельнiкамi) камерцыйных арганізацый, адносна якіх прынята рашэнне аб ліквідацыі, але працэс ліквідацыі не завершаны. Замацоўваецца таксама максімальны тэрмін знаходжання суб'екта гаспадарання ў працэсе ліквідацыі – дзевяць месяцаў з дня прыняцця рашэння аб ліквідацыі з правам яго падаўжэння да 12 месяцаў.
Дэкрэтам прадугледжваецца прыцягненне старшыні ліквідацыйнай камісіі (ліквідатара), уласніка маёмасці (заснавальнiкаў, удзельнiкаў) да адказнасці за парушэнні патрабаванняў заканадаўства, у выніку якіх юрыдычная асоба была ліквідавана без прымянення працэдуры банкруцтва. Пры гэтым абмяжоўваецца кола асоб, якія маюць права ўзначаліць ліквідацыйную камісію (з'яўляцца ліквідатарам) пры наяўнасці ў ліквідуемага суб'екта гаспадарання запазычанасці перад крэдыторамі. Так, старшынёй ліквідацыйнай камісіі (ліквідатарам) не могуць быць назначаны ўласнікі маёмасці (заснавальнікі, удзельнікі), кіраўнік юрыдычнай асобы.
У мэтах аптымізацыі працэсу стварэння кампаніі Дэкрэтам прадугледжваецца магчымасць фарміравання статутнага фонду камерцыйнымі арганізацыямі на працягу года з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі або калі меншы тэрмін фарміравання статутнага фонду не вызначаны статутам.
Дэкрэтам упарадкавана выкарыстанне слова "прыватнае" ў назвах (фірменных назвах) унітарных прадпрыемстваў – яно дапускаецца толькі ў адносінах да ўнітарных прадпрыемстваў, створаных фізічнымі асобамі.
Унітарныя прадпрыемствы, маёмасць якіх знаходзіцца ў прыватнай уласнасці юрыдычных асоб і назвы (фірменныя назвы) якіх змяшчаюць указанне на форму ўласнасці, абавязаны пры чарговай карэкціроўцы статутаў, але не пазней за адзін год з даты ўваходжання Дэкрэта ў сілу, унесці ў іх адпаведныя змяненні.
Акрамя таго, дакументам зацверджаны новыя рэдакцыі палажэнняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання.
Дэкрэт, за выключэннем яго асобных палажэнняў, уступае ў сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.