Каментарый да Указаў № 590 і № 591 ад 31 снежня 2013 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 31 снежня падпісаў указы № 590 "Аб некаторых пытаннях дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг)" і № 591 "Аб правядзенні працэдур закупак пры будаўніцтве".
Гэтыя нарматыўныя прававыя акты падрыхтаваны ў рамках рэалізацыі прапаноў міжведамаснай рабочай групы, створанай для вывучэння праблемных пытанняў у будаўніцтве, і накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства, якое рэгулюе правядзенне дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг) і падрадных таргоў на будаўніцтва аб'ектаў.
З улікам выяўленых недахопаў Указам № 590 прадугледжваецца абмежаванне допуску да ўдзелу ў працэдурах закупак суб'ектаў гаспадарання, уключаных у рэестр арганізацый з павышанай рызыкай учынення правапарушэнняў у эканамічнай сферы; змяншэнне мінімальнага тэрміну падрыхтоўкі і падачы прапаноў пры дзяржаўнай закупцы (з 30 да 15 дзён з моманту размяшчэння інфармацыі аб закупцы на афіцыйным сайце), арыенціровачны кошт якой не перавышае 3000 базавых велічынь. Акрамя таго, прадугледжваецца спрашчэнне механізма ўзгаднення закупкі з адной крыніцы пры прызнанні працэдуры дзяржаўнай закупкі няздзейсненай і істотнае пашырэнне прымянення такой працэдуры закупкі ў выпадках, калі арганізацыя конкурсаў не мае сэнсу з-за абмежаванага кола патэнцыяльных пастаўшчыкоў.
Указам часова прыпыняецца (з 1 студзеня 2014 года да 1 студзеня 2016 года) практыка абавязковага выкарыстання электронных аўкцыёнаў пры будаўніцтве.
У сувязі з часовым прыпыненнем дзеяння патрабавання аб правядзенні абавязковых электронных аўкцыёнаў Указ № 591 прадугледжвае, што закупка тавараў (работ, паслуг) можа ажыццяўляцца таксама шляхам правядзення таргоў (падрадных таргоў) або перагавораў.
Правядзенне падрадных таргоў пры будаўніцтве будзе абавязковым пры фінансаванні будаўніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў (поўнасцю або часткова), знешніх дзяржаўных пазык і знешніх пазык, прыцягнутых пад гарантыі Урада, крэдытаў банкаў Беларусі, выдадзеных пад гарантыі Урада, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, - пры кошце будаўніцтва аб'ектаў 6000 базавых велічынь і больш, а таксама іншых крыніц, у тым ліку сродкаў дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў, акцыі (долі ў статутным фондзе) якіх знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, - пры кошце будаўніцтва аб'ектаў 100 000 базавых велічынь і больш, калі іншае не прадугледжана Прэзідэнтам Беларусі, на распрацоўку перадпраектнай і праектнай дакументацыі, аказанне інжынерных паслуг, закупку тавараў коштам кожнага іх віду не менш як 3000 базавых велічынь, выкананне асобных відаў будаўнічых, мантажных, спецыяльных і іншых работ коштам кожнага іх віду не менш як 3000 базавых велічынь.
Правядзенне падрадных таргоў (таргоў) не будзе з'яўляцца абавязковым пры будаўніцтве аб'ектаў Беларускай энергетычнай сістэмы, а таксама аб'ектаў, уключаных у дзяржаўную праграму будаўніцтва энергакрыніц на мясцовых відах паліва (па пераліку аб'ектаў, вызначаемых Саветам Міністраў па ўзгадненню з Прэзідэнтам), а таксама пры заключэнні генеральнай падраднай арганізацыяй дагавораў на выкананне асобных відаў субпадрадных работ (паслуг) па будаўніцтву аб'ектаў (акрамя выпадкаў будаўніцтва аб'ектаў з абавязковым правядзеннем падрадных таргоў), а таксама пры заключэнні дагавораў на выкананне работ па бягучаму рамонту.
У гэтых выпадках закупка тавараў (работ, паслуг) будзе ажыццяўляцца па выбару заказчыка шляхам правядзення падрадных таргоў, таргоў або перагавораў.
Дзеянне ўказаў не распаўсюджваецца на закупкі тавараў (работ, паслуг), калі працэдуры закупак пачаты або дагаворы на пастаўку тавараў (выкананне работ, аказанне паслуг) заключаны да ўступлення ў сілу ўказаў.