Каментарый да Указа аб стварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз

    Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь ствараецца на базе экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл, Міністэрства юстыцыі, а таксама Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз. Адпаведны Указ Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 красавіка.

    Асноўная мэта такога рашэння ў якасным павышэнні эфектыўнасці дзяржаўнай судова-экспертнай дзейнасці.

    Пасля вывядзення следчых падраздзяленняў з сістэмы органаў унутраных спраў, пракуратуры, органаў фінансавых расследаванняў і стварэння Следчага камітэта аналагічны крок у дачыненні да судова-экспертных падраздзяленняў з'яўляецца прадаўжэннем працэсу рэфармавання праваахоўных органаў, які будзе садзейнічаць узмацненню абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый у крымінальным, адміністрацыйным, грамадзянскім і гаспадарчым працэсе.

    Стварэнне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз таксама дасць магчымасць сканцэнтраваць фінансавыя сродкі, якія раней выдзяляліся на дзяржаўную судова-экспертную дзейнасць па лініі некалькіх ведамстваў, і тым самым стварыць дадатковыя ўмовы для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы экспертных падраздзяленняў, аснашчэння іх сучасным абсталяваннем. Пры гэтым у мэтах скарачэння дзяржаўных расходаў колькасць супрацоўнікаў новага дзяржоргана будзе меншай у параўнанні з існуючай колькасцю экспертных падраздзяленняў.

    Сваю дзейнасць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь пачне з 1 ліпеня 2013 года.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім Андрэй Швед вызвалены ад пасады першага намесніка Старшыні Следчага камітэта Беларусі і назначаны Старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.