Каментарый да Указа № 99 ад 16 сакавіка 2016 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка падпісаў Указ № 99 "Аб пераўтварэнні Нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Нормы дакумента нацэлены на аптымізацыю межаў і рэжыму аховы функцыянальных зон нацыянальнага парку.

    Згодна з Указам, плошча запаведнай зоны Белавежскай пушчы павялічана на 1,2 тыс. га да 58,3 тыс. га, у тым ліку за кошт уключэння ўчасткаў лесабалотнага комплексу "Дзікае".

    Змяненні рэжымаў аховы і выкарыстання тэрыторыі Белавежскай пушчы заключаюцца ў пераглядзе і павелічэнні колькасці ўчасткаў з дадатковымі абмежаваннямі на гаспадарчую дзейнасць за межамі запаведнай зоны. Так, у месцах гнездавання ахоўных відаў драпежных птушак павялічваецца да 6 месяцаў у годзе перыяд забароны вядзення гаспадарчай дзейнасці.

    Указам дазволена праводзіць на тэрыторыі запаведнай зоны мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу з чужароднымі відамі раслін і жывёл, а таксама на аднаўленне парушанага гідралагічнага рэжыму. Такія мерапрыемствы павінны быць узгоднены з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Нацыянальнай акадэміяй навук.

    Змяненні ўносяцца і ў склад рэкрэацыйнай зоны нацыянальнага парку, што ў перспектыве дазволіць пашырыць яго турыстычныя магчымасці.

    Рэалізацыя норм Указа № 99 дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць прыродаахоўных і лесааднаўленчых мерапрыемстваў, аптымізаваць расходы на вядзенне гаспадарчай дзейнасці, а таксама забяспечыць дадатковыя меры кантролю за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства.