Каментарый да Указа № 614 ад 30 снежня 2011 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Палажэнне аб сувораўскім вучылішчы. Адпаведны Указ № 614 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 30 снежня 2011 года.
Неабходнасць прыняцця гэтага Указа абумоўлена нормамі Кодэкса аб адукацыі, у адпаведнасці з якімі пытанні стварэння, рэарганізацыі і ліквідацыі сувораўскіх вучылішч у Беларусі аднесены да кампетэнцыі Прэзідэнта. Таксама кодэксам прадугледжана зацвярджэнне Кіраўніком дзяржавы Палажэння аб сувораўскім вучылішчы.
Палажэннем вызначаны асноўныя функцыі і іншыя агульныя палажэнні аб дзейнасці сувораўскага вучылішча, парадак прыёму асоб для атрымання адукацыі, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу.
У сувязі з прыняццем Указа прадугледжана прызнанне страціўшымі сілу ўказаў і асобных палажэнняў указаў Кіраўніка дзяржавы, што рэгулююць гэтыя праваадносіны цяпер.
Акрамя таго, паколькі прыняцце Указа патрабуе зацвярджэння новай рэдакцыі Статута ўстановы адукацыі "Мінскае сувораўскае вучылішча", а таксама падрыхтоўкі шэрагу нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць парадак атрымання сувораўцамі адукацыі, стварэння і функцыянавання спецыялізаваных па спорце класаў, Указам прадугледжана адпаведнае даручэнне Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.