Каментарый да Указа № 563

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 563 "Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін", які прадугледжвае фарміраванне фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання (арэнднае жыллё) шляхам пераводу дзяржаўнага жылля ў арэнднае.

    Указам прадугледжваецца змяненне складу дзяржаўнага жыллёвага фонду за кошт пераводу службовых, спецыяльных службовых, асобных відаў сацыяльных кватэр і асобных відаў спецыяльных жылых памяшканняў у арэнднае жыллё. У дзяржаўным жыллёвым фондзе застаюцца жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, спецыяльныя жылыя памяшканнi, жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання і жылыя памяшканні ў інтэрнатах.

    У частцы фарміравання фонду памяшканняў камерцыйнага выкарыстання і прадастаўлення такіх памяшканняў прадугледжваецца перавод да 1 красавіка 2014 года ў фонд памяшканняў камерцыйнага выкарыстання заселеных службовых, спецыяльных службовых жылых памяшканняў, некаторых відаў спецыяльных жылых памяшканняў.

    Жылыя памяшканнi дзяржаўнага жыллёвага фонду, не прыватызаваныя грамадзянамі, будуць пераведзены ў камерцыйнае жыллё пасля 1 ліпеня 2016 года. Да гэтай даты грамадзяне змогуць скарыстацца правам на прыватызацыю. Пасля названай даты прыватызацыя спыняецца.

    Устанаўліваецца пералік катэгорый грамадзян, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне камерцыйнага жылля камунальнага жыллёвага фонду на перыяд працоўных (службовых) адносін.

    Да іх адносяцца дзяржаўныя служачыя, якія займаюць пасады, што даюць права на атрыманне жылых памяшканняў, згодна з пералікам, вызначаным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (Указ ад 19 мая 1999 года № 286), а таксама суддзі і пракурорскія работнікі; маладыя спецыялісты; работнікі арганізацый, размешчаных на тэрыторыях з узроўнем радыеактыўнага забруджвання звыш 5 Кi/кв.км i прыраўнаваных да іх тэрыторыях; ваеннаслужачыя; работнікі ў выпадку іх пераезду ў іншы населены пункт пры назначэнні на пасаду, пераводзе ад аднаго наймальніка да іншага; вучоныя, прафесарска-выкладчыцкі склад вышэйшых навучальных устаноў, работнікі арганізацый культуры; катэгорыі асоб, якія вызначаюцца Саветам Міністраў па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

    Колькасць кватэр, якія прадастаўляюцца названым асобам, не павінна перавышаць 40% ад усёй колькасці фонду камерцыйнага жылля камунальнага жыллёвага фонду. Астатнія 60% кватэр будуць прадастаўляцца маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а пры іх адсутнасці - грамадзянам, якія не знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

    Рашэнні па названых жылых памяшканнях камунальнага жыллёвага фонду прымаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

    Камерцыйнае жыллё рэспубліканскага жыллёвага фонду будзе прадастаўляцца работнікам, што знаходзяцца на ўліку ў арганізацыі, у веданні якой знаходзіцца такі фонд, з магчымасцю самастойнага вызначэння гэтымі арганізацыямі катэгорый, маючых першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля.

    На агульных падставах плата за карыстанне камерцыйным жыллём будзе вызначацца зыходзячы з памеру базавай стаўкі платы за карыстанне такім жыллём, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў, з прымяненнем каэфіцыентаў, вызначаных аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месца знаходжання жылых памяшканняў.

    Памер платы за карыстанне камерцыйным жыллём, якое ўключана ў фонд такога жылля з ліку заселеных службовых, спецыяльных службовых жылых памяшканняў, некаторых відаў спецыяльных жылых памяшканняў, а таксама для грамадзян, якія маюць першачарговае права на атрыманне камерцыйнага жылля, будзе вызначацца з дапамогай прымянення ўстаноўленых аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам (па ўзгадненню з Мінжылкамгасам) паніжаючых каэфіцыентаў.

    Устанаўліваецца магчымасць пасля завяршэння прыватызацыі (1 ліпеня 2016 года) па заяве наймальніка камерцыйнага жылля, які адносіцца да асоб, маючых права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, перавесці занятае ім арэнднае жыллё ў склад жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання. У выпадку такога пераводу наймальнік не будзе ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем.

    Упарадкоўваюцца падставы і ўмовы пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Так, пастаноўка маладых сем'яў на ўлік маючых патрэбу будзе ажыццяўляцца незалежна ад забяспечанасці плошчай жылога памяшкання пры ўмове адсутнасці ў іх уласнага жылля, або жылля, прадастаўленага па дагавору найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду.

    Але права на атрыманне льготнага крэдыту або субсідыі на будаўніцтва і набыццё жылля яны не маюць, аднак могуць прэтэндаваць на ўдзел у будаўніцтве камерцыйнага жылля, якое ўзводзіцца камунальнымі будаўнічымі арганізацыямі з абмежаванай рэнтабельнасцю (5%).

    Прадугледжваюцца абмежаванні ў пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і падставы для зняцця з такога ўліку ў дачыненні да грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў інтэрнатах, жылых памяшканнях прыватнага жыллёвага фонду па дагавору найму жылога памяшкання, у якіх яны фактычна не пражываюць. Гэта таксама датычыцца тых, хто скарыстаўся дзяржаўнай падтрымкай пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў на працягу 5 гадоў (за выключэннем павелічэння складу сям'і ў сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) дзяцей, а таксама ваеннаслужачых у выпадку пераезду з іншага населенага пункта пры назначэнні на пасаду).

    Атрыманне камерцыйнага жылля будзе з'яўляцца формай паляпшэння жыллёвых умоў, за выключэннем прадастаўлення такога жылля на перыяд працоўных (службовых) адносін. Грамадзяне, якім прадастаўляецца камерцыйнае жыллё, здымаюцца з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

    Грамадзяне, якія прыбылі ў Мінск або населеныя пункты Мінскага раёна з іншых населеных пунктаў і назначаныя (выбраныя) на пасады, уключаныя ў пералік, што вызначаецца Саветам Міністраў па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прымаюцца на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы работы (службы) без уліку часавых абмежаванняў, прадугледжаных для пастаноўкі на такі ўлік у Мінску (10 гадоў) і населеных пунктах Мінскага раёна (5 гадоў).

    Дакументам замацоўваюцца "базавыя" прынцыпы пастаноўкі грамадзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. Улічваючы спецыфіку і асаблівасці сацыяльна-прававых гарантый для асобных катэгорый асоб (ваеннаслужачых, суддзяў, пракурорскiх работнiкаў і іншых), акты, якія прадугледжваюць асаблівасці для такіх катэгорый грамадзян, будуць адкарэкціраваны ў адпаведнасці з палажэннямі гэтага Указа.