Каментарый да Указа № 551 ад 5 снежня 2013 г.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 551, якім уносяцца змяненні і дапаўненні ва ўказы ад 8 снежня 2005 года № 580 "Аб некаторых мерах па павышэнню эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці, удасканаленню дзяржаўнага кіравання імі" і ад 26 красавіка 2010 года № 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян".
У адпаведнасці з гэтым Указам выкладаюцца таксама ў новай рэдакцыі дадаткі да Дзяржаўнай праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2015 гады. Пры гэтым улічаны практыка прымянення дзеючых норм правіл палявання і рыбалоўства, а таксама звароты грамадзян, прапановы дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, карыстальнікаў паляўнічых і арандатараў рыбалоўных угоддзяў.
У правілах палявання выключаны пытанні, што рэгулююцца іншым заканадаўствам, у прыватнасці парадак правядзення таргоў, і пытанні тэхнічнага характару, якія павінны рэгулявацца тэхнічнымі нарматыўнымі актамі (парадак правядзення ўлікаў і планавання здабычы паляўнічых жывёл, пытанні правядзення паляўніцтваўладкавання, формы пашпарта карыстальніка паляўнічых угоддзяў). Разам з тым захаваны і ў некаторых выпадках дэталізаваны ўсе асноўныя нормы прававога характару, якія датычацца фізічных і юрыдычных асоб.
У правілах прыменены адзіныя падыходы да вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання ўсімі карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці.
Вызначана, у якіх выпадках перадача ў арэнду паляўнічых угоддзяў праводзіцца без правядзення таргоў.
Па прапановах грамадскасці з правіл палявання выключана паняцце "дзікія жывёлы непажаданых відаў".
Рэгуляванне распаўсюджвання і колькасці баклана і чаплі шэрай дазваляецца толькі на тэрыторыі рыбаводных арганізацый.
У мэтах спрашчэння працэдуры набыцця паляўнічымі паляўнічых пуцёвак прадугледжваецца іх рэалізацыя праз спецыялізаваную інфармацыйную сістэму ў сетцы Інтэрнэт, якая распрацавана згодна з заданнем Мінлясгаса і цяпер праходзіць вытворчую апрабацыю і наладку.
Уведзены замацаваныя ў правілах палявання адміністрацыйныя працэдуры выдачы новага дзяржаўнага пасведчання на права палявання пасля завяршэння тэрміну дзеяння выдадзенага раней, выдачы дубліката дзяржаўнага пасведчання на права палявання, унясення змяненняў і дапаўненняў у дзяржаўнае пасведчанне на права палявання. Адначасова ўносіцца змяненне ў адміністрацыйную працэдуру выдачы дзяржаўнага пасведчання на права палявання, сутнасць якога ў абавязковасці праходжання падрыхтоўкі да спецыяльнага паляўнічага экзамену, што дасць магчымасць павысіць прававы, экалагічны, маральны-этычны ўзровень, стралковую падрыхтоўку паляўнічых-пачаткоўцаў.
Павялічаны памер платы да 0,5 базавай велічыні за рэгістрацыю паляўнічых сабак і 0,25 базавай велічыні за рэгістрацыю лоўчых птушак, падсадных і іншых дзікіх жывёл, якія выкарыстоўваюцца для палявання, муштроўкі, нагонкі і правядзення спаборніцтваў.
Павышаны ўзровень прыняцця рашэнняў аб прадастаўленні ў арэнду паляўнічых угоддзяў за кошт перадачы гэтых функцый ад раённых Саветаў дэпутатаў аблвыканкамам. Прадугледжана ўвядзенне механізма акрэдытацыі Мінлясгасам сумесна з Мінпрыроды, Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі і аблвыканкамамі юрыдычных асоб, якія арандуюць паляўнічыя ўгоддзі, у парадку, вызначаным Саветам Міністраў.
Дадаткова канкрэтызаваны падставы скасавання аблвыканкамамі дагавораў арэнды паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў у сувязі з выяўленымі парушэннямі заканадаўства.
Выкладзены ў новай рэдакцыі азначэнні паняццяў "паляванне", "рыбалоўства", "незаконнае рыбалоўства".
У мэтах папярэджання фактаў незаконнага палявання будуць унесены адпаведныя дапаўненні ў Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія прадугледжваюць санкцыі за набыццё, захоўванне, перамяшчэнне, перавозку (транспарціроўку), разбіранне і перапрацоўку незаконна здабытых дзікіх жывёл.
Указам прадугледжана павелічэнне ў сярэднім у 3 разы памеру таксаў, што прымяняюцца для вызначэння памеру кампенсацыі ўрону, нанесенаму навакольнаму асяроддзю фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў выніку незаконнага здабывання або знішчэння дзікіх жывёл і шкоднага ўдзеяння на асяроддзе, якое яны насяляюць.
Пры паляванні на птушыных і пушных дзікіх жывёл паляўнічых відаў нашэнне патронаў, начыненых куляй і карцеччу, забаронена.
У новай рэдакцыі правіл рыбалоўства выключаны пытанні, рэгулюемыя іншымі заканадаўчымі актамі.
Разам з тым у правілах рыбалоўства захаваны і ў некаторых выпадках дэталізаваны асноўныя нормы прававога характару, якія датычацца вядзення рыбалоўнай гаспадаркі юрыдычнымі асобамі і аматарскага рыбалоўства фізічнымі асобамі.
У мэтах аптымізацыі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства ўнесены наступныя змяненні і дапаўненні.
Са складу асноўных паняццяў і іх азначэнняў выключана паняцце "браканьерства", уведзена паняцце "незаконнае рыбалоўства". Азначэнне гэтага паняцця прыведзена ў адпаведнасць з Крымінальным кодэксам і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У адпаведнасці з Водным кодэксам уведзена паняцце "чацвёртая катэгорыя вадатокаў - працягласцю да 5 км". Вызначана, у якіх выпадках перадача ў арэнду рыбалоўных угоддзяў праводзіцца без таргоў.
У мэтах павышэння адказнасці арандатараў рыбалоўных угоддзяў за іх карыстанне ўстаноўлены тэрмін заключэння дагавора арэнды рыбалоўных угоддзяў не менш як дзесяць гадоў (па дзеючых правілах - пяць гадоў).
Правілы рыбалоўства дапоўнены палажэннем аб тым, што карыстальнік рыбалоўных угоддзяў адзін раз у пяць гадоў праходзіць акрэдытацыю на права вядзення рыбалоўнай гаспадаркі ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў. Акрэдытацыю ажыццяўляе Мінсельгасхарч сумесна з Мінпырроды, Дзяржінспекцыяй і аблвыканкамамі.
У правілы рыбалоўства ўводзіцца ўмова скасавання дагавора арэнды па патрабаванню мясцовага выканаўчага і распарадчага органа на падставе рашэння мясцовага Савета дэпутатаў, узгодненага з Міснельгасхарчам.
У мэтах інфармавання грамадзян і юрыдычных асоб аб заключэнні і скасаванні дагавораў арэнды рыбалоўных угоддзяў адпаведная інфармацыя размяшчаецца на афіцыйным сайце Мінсельгасхарча.
У частцы прамысловага рыбалоўства правілы дапоўнены некалькімі ўмовамі. У прыватнасці, прамысловае рыбалоўства ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў па квотах, якія рэалізуюцца аблвыканкамамі ў парадку і на ўмовах, устаноўленых Саветам Міністраў.
У выпадку неасваення квот на вылаў рыбы арандатарам рыбалоўных угоддзяў на працягу аднаго года пасля заключэння дагавора арэнды гэтых угоддзяў квоты на вылаў рыбы на наступны год не ўстанаўліваюцца і дагавор арэнды падлягае скасаванню ва ўстаноўленым парадку.
Прамысловыя білеты і тоневыя журналы вырабляюцца і выдаюцца арандатарам рыбалоўных угоддзяў аблвыканкамамі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Наменклатура і колькасць дазволеных да прымянення прылад прамысловага рыбалоўства вызначаюцца ў біёлага-эканамічным або рыбаводна-біялагічным абгрунтаванні на падставе методыкі, зацверджанай Мінсельгасхарчам.
Упарадкавана выкарыстанне маркіровачных знакаў: пры згубе арандатарам рыбалоўных угоддзяў маркіровачных знакаў паўторнае абазначэнне знакамі прамысловых прылад рыбалоўства праводзіцца пасля кампенсацыі бюджэтных сродкаў, затрачаных на іх выраб.
Узмоцнены патрабаванні пры атрыманні прамысловага білета: для яго атрымання дадаткова павінна быць прадстаўлена інфармацыя з адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях па фізічных асобах, якія будуць ажыццяўляць прамысловае рыбалоўства.
У частцы арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства выключаны інтэнсіўныя спосабы лоўлі рыбы, спрошчана лоўля рыбы на дарожку з суднаў з рухавікамі і падводнае паляванне ў фондзе запасу. Указам прадугледжана лоўля рыбы названымі спосабамі бясплатна ва ўсіх рыбалоўных угоддзях фонду запасу, за выключэннем рыбалоўных угоддзяў, пералік якіх вызначаецца Мінсельгасхарчам па ўзгадненню з Мінпрыроды, а таксама на вадатоках, на якіх не арганізавана платнае аматарскае рыбалоўства. Права на аматарскае рыбалоўства названымі спосабамі лоўлі застаецца за членамі РДГА "БТПР".
У сувязі з пастаянна ўзнікаючымі канфліктнымі сітуацыямі прамыславікоў і рыбаловаў-аматараў устаноўлена забарона на аматарскае рыбалоўства на адлегласці 50 м ад абазначаных прамысловых прылад рыбалоўства, з адначасовым выкарыстаннем больш як 5 прылад рыбалоўства аднаго або розных відаў з агульнай колькасцю кручкоў больш як 5 штук.
Уведзены патрабаванні да грамадзян, якія ажыццяўляюць аматарскае рыбалоўства: падтрымліваць належны санітарны стан рыбалоўных угоддзяў, не пакідаць на іх берагах, а таксама на лёдзе смецце і іншыя адходы, не дапускаць засмечвання і забруджвання рыбалоўных угоддзяў іншым чынам, а таксама не дапускаць пашкоджанняў паказальнікаў, шчытоў, аншлагаў, устаноўленых паблізу рыбалоўных угоддзяў, у водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах.
Дыферэнцыраваны тэрміны вясенняй забароны на лоўлю рыбы пры прамысловым і аматарскім рыбалоўстве.
Правіламі рыбалоўства пры заключэнні дагавора арэнды рыбалоўных угоддзяў для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі прадугледжваюцца льготныя ўмовы на ажыццяўленне платнага аматарскага рыбалоўства ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам I і II групы, непаўналетнім асобам да 16 гадоў і мясцовым жыхарам.
Зарыбленне рыбалоўных угоддзяў, прадастаўленых у арэнду (карыстанне), ажыццяўляецца за кошт сродкаў арандатара (карыстальніка) рыбалоўных угоддзяў.
Зарыбленне фонду запасу рыбалоўных угоддзяў ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і іншых крыніц, а таксама сродкаў РДГА "БТПР", атрыманых за права ажыццяўлення аматарскага рыбалоўства ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў у светлы час сутак.
Прадастаўлена права асобам, якія ажыццяўляюць ахову арандаваных рыбалоўных угоддзяў, спыняць у арандаваных рыбалоўных угоддзях транспартныя сродкі, праводзіць надгляд рэчаў, транспартных сродкаў, прылад здабычы рыбы, прадукцыі рыбалоўства, а таксама асабісты надгляд асоб, якія ўчынілі правапарушэнні.