Каментарый да Указа № 550 ад 5 снежня 2013 г.

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 снежня падпісаў Указ № 550 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання тарыфаў (цэн) на жыллёва-камунальныя паслугі і ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

    Дакументам прадугледжваюцца меры па ўдасканаленню тарыфнага рэгулявання жыллёва-камунальных паслуг і парадку аказання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі насельніцтву, а таксама па папярэджанню сацыяльнага ўтрыманства.

    У мэтах пашырэння правоў мясцовых органаў улады ў пытаннях цэнаўтварэння ўносяцца змяненні ва Указ ад 25 лютага 2011 года № 72 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь". У прыватнасці, прадугледжваецца перадача паўнамоцтваў па рэгуляванню тарыфаў на асобныя віды жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, ад Савета Міністраў аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму.

    За Саветам Міністраў захоўваецца рэгуляванне тарыфаў на паслугі па газа-, электра- і цеплазабеспячэнню, платы за карыстанне жылымі памяшканнямі ў інтэрнатах дзяржаўных устаноў адукацыі. Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму перадаюцца функцыі рэгулявання тарыфаў на паслугі па тэхнічнаму абслугоўванню, капітальнаму рамонту, карыстанню жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, акрамя жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, водазабеспячэнню, каналізацыі (водаадвядзенню), карыстанню ліфтамі (тарыфы на вываз і абясшкоджванне адходаў ужо рэгулююцца імі).

    Гэтыя меры прыняты для павышэння адказнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў за стан жыллёва-камунальнай галіны на рэгіянальным узроўні, а таксама забеспячэння збалансаванасці аб'ёмаў і крыніц пакрыцця затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг (плацяжы насельніцтва, бюджэтнае і перакрыжаванае субсідзіраванне).

    У мэтах выключэння істотнага росту і значнага адрознення ў памеры тарыфаў па абласцях іх рэгуляванне будзе ажыццяўляцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам па ўзгадненню з Мінэканомікі.

    Кантроль за змяненнем тарыфаў у памеры не вышэйшым за ўстаноўленыя гранічныя абмежаванні ($5 плюс індэксацыя) будзе ажыццяўляцца таксама Мінэканомікі.

    Уносіцца шэраг змяненняў ва Указ ад 6 кастрычніка 2006 года № 604 "Аб мерах па павышэнню эфектыўнасці работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі".

    Для кампенсацыі арганізацыям, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі, павышэння па аб'ектыўных прычынах затрат і недапушчэння зніжэння акупнасці жыллёва-камунальных паслуг прадугледжана індэксацыя тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.

    У мэтах павышэння акупнасці жыллёва-камунальных паслуг з улікам росту даходаў насельніцтва Указам устанаўліваецца, што павышэнне субсідзіруемых дзяржавай тарыфаў (цэн) на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва ажыццяўляецца штогод з 1 стузеня зыходзячы з дапушчальнага росту плацяжоў насельніцтва за такія паслугі ў памеры, эквівалентным $5 па сярэднегадавому значэнню абменнага курсу беларускага рубля да долара ЗША ў адпаведнасці з параметрамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на чарговы фінансавы год, у разліку на сям'ю з трох чалавек, якая пражывае ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв.м, пры нарматыўным спажыванні жыллёва-камунальных паслуг. Парадак разлікаў гэтых плацяжоў і ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг будуць вызначаць Мінэканомікі, Мінжылкамгас, Мінэнерга і Мінфін.

    Павелічэнне субсідзіруемых дзяржавай тарыфаў (цэн) на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва вышэйшае за рост плацяжоў будзе ажыццяўляцца па ўзгадненню з Прэзідэнтам Беларусі.

    Таксама ўстанаўліваецца, што тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі штоквартальна індэксуюцца на працягу фінансавага года ў памерах, якія не перавышаюць фактычна сфарміраванага індэкса намінальнай заработнай платы па Рэспубліцы Беларусь за папярэдні квартал. Пры гэтым прадугледжана, што індэксацыя цэн і тарыфаў на газ, электрычную і цеплавую энергію ажыццяўляецца Саветам Міністраў Беларусі. На паслугі па тэхнічнаму абслугоўванню, вадазабеспячэнню, водаадвядзенню (каналізацыі), карыстанню ліфтам - аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам па ўзгадненню з Мінэканомікі. На паслугі па вывазу, абясшкоджванню і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў - аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам.

    У мэтах увядзення дадатковых мер, накіраваных на прафілактыку ўтрыманства, уносіцца шэраг змяненняў і дапаўненняў ва Указ ад 19 студзеня 2012 года № 41 "Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе".

    У рамках сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД) прадастаўляюцца пяць сацыяльных выплат, у тым ліку для малазабяспечаных сем'яў (грамадзян) - у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Выплата штомесячнай сацыяльнай дапамогі дае магчымасць падтрымліваць даходы малазабяспечаных сем'яў (грамадзян) на ўзроўні мінімальнай сацыяльнай гарантыі - бюджэту пражытачнага мінімуму.

    Для забеспячэння адраснасці сацыяльнай падтрымкі Указам устаноўлены пэўныя "фільтры", накіраваныя на прадастаўленне сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання толькі сем'ям (грамадзянам), якія маюць патрэбу ў такой дапамозе па аб'ектыўных прычынах.

    У сувязі з гэтым уводзяцца абмежаванні па прадастаўленню штомесячнай сацыяльнай дапамогі адносна працаздольных членаў сям'і (грамадзян), якія на працягу 12 месяцаў, што папярэднічалі месяцу звароту, менш як 6 месяцаў з'яўляліся занятымі або зарэгістраванымі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў якасці беспрацоўных; а таксама якія, з'яўляючыся беспрацоўнымі, на працягу 6 месяцаў, што папярэднічалі месяцу звароту, адмовіліся ад прапанаванай работы або ад праходжання прафесійнай падрыхтоўкі або павышэння кваліфікацыі па накіраванню органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

    Адначасова пашыраецца пералік падстаў для адмовы ў прадастаўленні названых сацыяльных выплат сем'ям, што паўторна звяртаюцца па дапамогу, у якіх працаздольны член сям'і не выканаў вызначаны камісіяй план па самастойнаму паляпшэнню матэрыяльнага становішча, за выключэннем невыканання такога плана па аб'ектыўных прычынах.

    Указам удакладняюцца ўмовы прадастаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі. Вызначаецца, што яна прадастаўляецца ў тым ліку пры рэалізацыі сям'ёй права на атрыманне ў адпаведнасці з занадаўствам сацыяльных трансфертаў, а таксама аліментаў.

    Акрамя таго, Указам прымаюцца меры, накіраваныя на ўдасканаленне парадку прадастаўлення ДАСД. У прыватнасці, павялічваецца перыядычнасць атрымання сацыяльнай дапамогі для пакрыцця затрат на набыццё падгузкаў з двух да чатырох разоў на працягу каляндарнага года пры захаванні агульнага памеру дапамогі. Паколькі расходы на набыццё падгузкаў патрабуюць значных грашовых сродкаў, а грамадзяне не заўсёды маюць свабодныя фінансавыя сродкі, павелічэнне колькасці зваротаў па дапамогу павысіць яе даступнасць.

    Уводзіцца дадатковы спосаб выплаты штомесячнай і аднаразовай сацыяльных дапамог і сацыяльнай дапамогі на падгузкі для асобных катэгорый непрацаздольных грамадзян і сем'яў - праз арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсій і дапамог. Дастаўка сацыяльнай дапамогі дадому будзе запатрабавана адзінокімі інвалідамі І, ІІ груп і грамадзянамі, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, бацькамі ў няпоўных сем'ях, якія з'яўляюцца інвалідамі І, ІІ груп або якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.

    Акрамя таго, будуць удакладнены дакументы, прадстаўляемыя грамадзянамі для атрымання ДАСД, вызначаныя ў пераліку адміністрацыйных працэдур, праводзімых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацымі па заявах грамадзян, зацверджаным Указам № 200 ад 26 красавіка 2010 года.