Каментарый да Указа № 535 ад 29 лістапада 2012 г.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 29 лістапада падпісаў Указ № 535 "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня 2009 г. № 465".
Дакументам выключаецца норма Указа № 465, якая вызначае апошні тэрмін дзеяння мытнага рэжыму часовага ўвозу тавараў, што з'яўляюцца прадметамі міжнароднага лізінгу (не больш за 34 месяцы). У адпаведнасці з Мытным кодэксам Мытнага саюза тэрмін часовага ўвозу такіх тавараў не павінен перавышаць два гады з дня змяшчэння іх пад мытную працэдуру часовага ўвозу.
Лізінгадаўцу – рэзідэнту Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца магчымасць заключэння новага дагавора з нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на адчужэнне (перадачу ў арэнду) прадмета лізінгу без вяртання на тэрыторыю краіны, калі дагавор міжнароднага лізінгу з ранейшым нерэзідэнтам выкананы без пераходу права ўласнасці на прадмет лізінгу або скасаваны. Гэта ўмова дасць магчымасць мінімізаваць расходы лізінгадаўца і забяспечыць паступленне дадатковай выручкі.
Указам таксама прадугледжана выкарыстанне паняцця "прадмет лізінгу" не толькі для ўнутранага, але і для міжнароднага і міждзяржаўнага лізінгу.
Акрамя таго, пашыраюцца падставы, якія прыпыняюць ход тэрмінаў выканання абавязкаў, што датычацца паступлення лізінгавых плацяжоў і вяртання прадмета лізінгу.
Вызначаецца пералік падстаў, пры якіх аднаўляецца ход тэрмінаў выканання абавязкаў па паступленню лізінгавых плацяжоў і вяртанню прадмета лізінгу.
Прыняцце Указа будзе садзейнічаць развіццю міжнароднага экспартнага лізінгу і не запатрабуе прыцягнення бюджэтных сродкаў.